Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

29 Лют 2024

Каляндар падзей у Беларусі: САКАВIК 2024

Каляндар падзей у Беларусі: САКАВIК 2024

Выстава "Рэтрафотатэхніка" ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага

За сваю 200-гадовую гісторыю фотаапарат прайшоў шлях ад грувасткай камеры-абскуры да ўбудаваных у смартфоны фотакамер. Наведвальнікі выставы змогуць прасачыць асноўныя вехі ў гісторыі фотамастацтва, паглыбіцца ў працэс стварэння фатаграфіі і зразумець прынцыпы работы фотаапаратаў розных канструкцый. У экспазіцыі прадстаўлены розныя мадэлі фотатэхнікі, самыя раннія з якіх датуюцца першым дзесяцігоддзем ХХ ст. (стэрэафотаапарат Le Glyphoscope, 1905 г.), а самыя познія – канцом ХХ ст. Сярод прадметаў можна ўбачыць рэдкія і ўнікальныя ўзоры – праекціровачныя мадэлі фотаапаратаў "Зеніт" 1980-х гадоў, стэрэафотаапараты для здымкі трохмерных выяў, мікрафотаапараты…

Калі: 17 студзеня – 7 красавіка
Дзе: Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага, пл. Свабоды, 15, Мінск

Праект "НейраБеларусь" у Мінску

Адна з самых інавацыйных мастацкіх выстаў – "НейраБеларусь" – дэманструе бачанне нашай краіны вачамі штучнага інтэлекту. У экспазіцыі – больш за 90 работ, якія створаны нейрасеткамі і паказваюць беларускую гісторыю, міфалогію, архітэктуру, прыроду, кухню...  Кульмінацыяй праекта з'яўляецца імерсіўны фільм "Лічбавая эвалюцыя", які ўяўляе сабой пераасэнсаванне свету ідэй і свету матэрыі, вольнае мастацкае разважанне наконт развіцця і эвалюцыі. У займальнай форме азнаёміцца з выставай можна праз тэматычны квест, а таксама падкаст у смартфоне.

Калі: 18 студзеня – 3 сакавіка
Дзе: галерэя FARBA, пл. Свабоды, 8, Мінск

Новая праграма "Магія фантанаў" у Белдзяржцырку

Беларускі дзяржаўны цырк прадстаўляе феерычнае воднае шоу "Магія фантанаў", у якім увасобяцца самыя смелыя праекты пастаноўшчыкаў – маляўнічыя фантаны з лазернай інсталяцыяй, гіганцкія струмені танцуючай вады, дождж і вадаспады пад купалам цырка! У праграме выступяць канатаходцы, эквілібрысты, паветраныя гімнасты на рамянях, гімнастка з хула-хупамі на люстраным шары, жанглёр, клоўн. У нумарах задзейнічаны марскія коцікі, папугаі, дрэсіраваныя мядзведзі, малпы…

Калі: 3 лютага – 12 мая
Дзе: Беларускі дзяржаўны цырк, пр. Незалежнасці, 32, Мінск

Масленіца-2024 у Беларусі

Масленіца – адно з самых вясёлых і любімых свят у народным календары беларусаў, якое сімвалізуе развітанне з доўгай халоднай зімой і сустрэчу звонкай вясны. Са старажытных часоў кожны дзень гэтага сытнага тыдня, які папярэднічае самаму строгаму посту ў годзе, мае сваю назву і напоўнены самабытнымі абрадамі: "Сустрэча" Масленіцы, "Зайгрыш", калі пачынаюць віншаваць адзін аднаго, "Ласуха", калі пачастункаў і гасцей становіцца ўсё больш, "Цешчыны вячоркі" і "Залвіцы пасядзелкі", "Даравальная нядзеля"... Святочны стол на Масленіцу традыцыйна ўпрыгожваюць дамашнія бліны і аладкі, сыр і масла. Нашы продкі верылі, што бліны сімвалізуюць сонца і набліжэнне вясны, а сыр і масла "прыцягваюць" багацце.

У 2024 годзе Масленіца адзначаецца з 11 па 17 сакавіка, але тэматычныя святы ў турыстычных лакацыях пачаліся яшчэ ў лютым.

Дзе адсвяткаваць Масленіцу-2024 у Беларусі?

Праграма "А за горадам – зіма!" у "Здраўнёве"

Калі: 2 сакавіка, 12.00
Дзе: музей-сядзіба І.Я. Рэпіна "Здраўнёва", за 16 км ад Віцебска (арыенцір – г.п. Руба)

 

 

 

"Як Ямеля Масленіцу сустракаў" у Каробчыцах

Калі: 9–10 сакавіка, 12.00–17.00
Дзе: агратурыстычны комплекс "Гарадзенскі маёнтак "Каробчыцы", в. Каробчыцы, Гродзенскі раён

Масленіца ў нацыянальным парку "Прыпяцкі"

Калі: 9 сакавіка, 11.00–15.00
Дзе: Нацыянальны парк "Прыпяцкі", Петрыкаўскі раён, Гомельская вобласць

"Шчодрая Масленіца ў Суле"

Калі: 16–17 сакавіка
Дзе: парк гісторыі "Вялікае княства Сула", в. Сула, Стаўбцоўскі раён, Мінская вобласць

Масленіца ў Музеі народнай архітэктуры і побыту

Калі: 16 сакавіка, 12.00–16.00
Дзе: Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, в. Азярцо, Мінскі раён

Масленічныя гулянні ў "Дукорскім маёнтку"

Калі: 16–17 сакавіка, 13.00
Дзе: музейны комплекс "Дукорскі маёнтак", вул. Школьная, 15, аг. Дукора, Пухавіцкі раён, Мінская вобласць

Святкаванне Масленіцы-2024 у Станькаве

Калі: 17 сакавіка, 11.00
Дзе: Цэнтр экалагічнага турызму "Станькава", в. Станькава, Дзяржынскі раён, Мінская вобласць

"Мастацтва любіць жыццё. Дольчэ Віта" ў НММ

Спазнаць "Мастацтва любіць жыццё" запрашае Нацыянальны мастацкі музей Беларусі. Італьянскае Dolce Vita прадугледжвае асалоду ад працэсу і ўключае цэлы спектр разумення і ўспрымання быцця – ад распарадку дня да эстэцтва, ад няспешнасці да геданізму, ад задавальнення да сузірання. На выставе прадстаўлены творы беларускага, рускага і еўрапейскага мастацтва XVIII–XXI стагоддзяў са збораў галоўнай скарбніцы краіны – усяго больш за 150 работ жывапісу, скульптуры, арыгінальнай графікі, прадметаў фарфору, мастацкага шкла... Тэму Dolce Vita дапоўнілі жаночыя ўборы розных эпох, узоры аксесуараў, парфумерыі, касметыкі з прыватнай калекцыі Таццяны Фядосавай "Прыгажосць і мода XIX–XXI стагоддзяў".

Калі: 12 лютага – 1 красавіка
Дзе: Нацыянальны мастацкі музей Беларусі, вул. Леніна, 20, Мінск

Выстава "Страсці па архітэктуры" ў НЦСМ

Праект "Страсці па архітэктуры" імкнецца паказаць аўдыторыі эвалюцыю архітэктурных стыляў у арыгінальнай форме – сімвалічнымі і эмацыянальнымі сродкамі. Гук, святло, прасторавыя аб'екты, інсталяцыі, відэа-арт, творы мастацтва ў розных тэхніках і нават пахі: тут усё падпарадкавана агульнай задуме – выклікаць эмацыянальнае перажыванне прасторы. Госці ўбачаць работы як маладых, так і ўжо вядомых сучасных беларускіх аўтараў, а таксама творы беларускіх мастакоў з фонду НЦСМ. На заканчэнне знаёмства з выставай наведвальнікі ўбачаць імерсіўны фільм "Свет вачамі Гаўдзі", які дазваляе інакш паглядзець на самыя вядомыя работы геніяльнага іспанскага архітэктара Антоніа Гаўдзі.

Калі: 17 лютага – 28 красавіка
Дзе: Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў, вул. Някрасава, 3, Мінск

Гала-канцэрт "Песня года Беларусі" ў Мінску

"Песня года Беларусі" - галоўная музычная падзея краіны, удзел у якой прымуць як ужо прызнаныя, так і маладыя артысты. Арганізатары абяцаюць сучаснае шоу ад папулярных выканаўцаў беларускай эстрады, чые песні цэлы год былі на слыху ва ўсёй краіны. Склад удзельнікаў святочнага гала-канцэрта ў сталічным Палацы спорту вызначаны арганізатарамі конкурсу з улікам рэйтынгаў кампазіцый у радыёслухачоў, праглядаў у інтэрнэце і вынікаў народнага галасавання.

Калі: 2 сакавіка, 17.30
Дзе: Палац спорту, пр. Пераможцаў, 4, Мінск

Канцэрт "Шапэн і яго Музы" ў "Верхнім горадзе"

Вясеннюю праграму "Шапэн і яго Музы", прысвечаную дню нараджэння аднаго з лепшых кампазітараў эпохі рамантызму, падрыхтавалі вядомы беларускі музыкант і лаўрэат міжнародных конкурсаў Аляксандр Палякоў, уладальніца прыгожага сапрана Людміла Карпук і Юлія Архангельская (фартэпіяна). Фрэдэрык Шапэн, якога сучаснікі называлі "музычным Гейнэ", кожны твор прысвячаў сваёй шчаслівай выбранніцы. У праграме вечара прагучаць кампазіцыі для голасу і фартэпіяна, мазуркі, вальсы, накцюрн, балада, скерца, паланэз, калыханка.

Калі: 2 сакавіка
Дзе: КЗ "Верхні горад", пл. Свабоды, 23а, Мінск

Рамантычны канцэрт-падарунак "Мужчына & Жанчына ў Філармоніі"

Аўтарскі праект "Мужчына & Жанчына ў Філармоніі" прадставіць заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь дырыжор Віктар Бабарыкін. У выкананні эстрадна-сімфанічнага аркестра прагучыць музыка сусветна вядомых кампазітараў, сярод якіх А. П'яцала, М. Легран, Э. Марыконэ, А. Жабім, Э.-Л. Уэбер і інш. У канцэрце прымуць удзел народны артыст Беларусі Уладзімір Громаў, Ганна Янкоўская, Гаар Акапян, Іосіф Нікіценка, Максім Абравец, Maimuna, Ігар Ляўчук, Аляксандр Журовіч, Тарыел Майсурадзэ, Ірына Вярковіч, а таксама хор, салісты і аркестр музычнай капэлы "Санорус" пад кіраўніцтвам Вячаслава Ларына.

Калі: 3 сакавіка
Дзе: Беларуская дзяржаўная філармонія, пр. Незалежнасці, 50, Мінск

Міжнародны жаночы дзень у Беларусі

Міжнародны жаночы дзень заснаваны як асаблівы дзень салідарнасці ў барацьбе за жаночыя правы і эмансіпацыю. Разам з ім у Беларусі 8 сакавіка адзначаецца агульнарэспубліканскае свята – Дзень жанчын, якое ў краіне з'яўляецца выхадным і лічыцца святам вясны, жаночай прыгажосці, пяшчоты, цеплыні і ўвагі да жанчыны незалежна ад яе статусу і ўзросту. У адрас прыгожай палавіны чалавецтва гучаць віншаванні і словы ўдзячнасці за стваральную працу, любоў і душэўную шчодрасць.

Па ўсёй краіне пройдуць святочныя мерапрыемствы ў гонар жанчын. Толькі ў сталіцы можна наведаць мноства яркіх канцэртаў:

6 сакавіка"Музыка вялікага горада: Струны жаночай душы" ад Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь, малая зала Палаца Рэспублікі
7 сакавіка – канцэрт "Вам, любімыя!" ад Тэатра эстрады ў Палацы Рэспублікі
7 сакавіка – канцэрт да Міжнароднага жаночага дня ў Белдзяржфілармоніі
7 сакавіка – канцэртная праграма "Вясна ідзе!" у КЗ "Верхні горад"
8 сакавіка, 15.00, 18.00 – канцэрт "Усе кветкі і песні" ў Маладзёжным тэатры эстрады
10 сакавіка"Каралевам прыгажосці": канцэрт Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя І.І. Жыновіча ў Белдзяржфілармоніі

XVII Міжнародны маладзёжны тэатральны форум М.@rt. кантакт

Маладзёжны тэатральны форум "М.@rt. кантакт" 17-ы раз аб'яднае акцёраў з розных краін і гарадоў на сцэнах Магілёва. На працягу тыдня ў горадзе на Дняпры свае пастаноўкі – а ў бягучым годзе іх 25 – прадставяць вядучыя трупы з Арменіі, Беларусі, Балгарыі, Казахстана, Кыргызстана і Расіі. У дзень адкрыцця пакажуць адразу два спектаклі – "Антарктыду" санкт-пецярбургскага Тэатра "На Ліцейным" і "Двое на арэлях" Ладзейнапольскага драматычнага тэатра-студыі "Красавік" (Ладзейнае Поле, Расія). Акрамя паказаў беларускіх і замежных калектываў адбудуцца майстар-класы, сустрэчы, таксама будзе арганізавана работа маладзёжнай творчай лабараторыі.

Калі: 20–27 сакавіка
Дзе: Магілёўскі абласны драматычны тэатр, Магілёўскі тэатр лялек, КЗ "Магілёў"

"Шоу аркестраў": папулярная класіка і любімыя мелодыі кіно

Канцэрт, прысвечаны юбілею дырыжора Аляксандра Высоцкага, стане сапраўднай бітвай праслаўленых калектываў. Адначасова на сцэне Вялікай залы сталічнай Філармоніі выступяць Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь імя І.І. Жыновіча і сімфанічны аркестр Белтэлерадыёкампаніі. На працягу вечара прагучыць як знакамітая класіка – творы Чайкоўскага, Лекуона, Брамса, Хачатурана, так і любімыя мелодыі з сусветнага кіно, напрыклад, "Калыханка для анёла" са "Спіса Шындлера", саўндтрэкі з фільмаў "Гары Потэр", "Місія", "Нью-Ёрк, Нью-Ёрк", "Місія невыканальная", "Піраты Карыбскага мора".

Калі: 22 сакавіка
Дзе: Беларуская дзяржаўная філармонія, пр. Незалежнасці, 50, Мінск

Гастролі Тэатра Барыса Эйфмана ў Мінску: "Чайка" і "Яўген Анегін"

Вядомы савецкі і расійскі харэограф, балетмайстар, народны артыст Расіі Барыс Эйфман у сваіх работах, ствараючы псіхалагічны тэатр у балеце, імкнецца раскрыць унутраны свет чалавека праз мову харэаграфіі. На беларускай сцэне Санкт-Пецярбургскі акадэмічны тэатр балета Барыса Эйфмана прадставіць два спектаклі – "Чайка. Балетная гісторыя" і "Яўген Анегін". Інтэрпрэтацыя п'есы Чэхава, прэм'ера якой адбылася ў гонар 45-годдзя трупы Эйфмана, стала новым этапам у творчай эвалюцыі майстра. А харэаграфічная версія рамана ў вершах А.С. Пушкіна, што аб'яднала класіку і сучаснасць, увасобіла ўжо любімых чытачамі герояў у знакавых персанажаў нашага часу, якія жывуць на зломе стагоддзяў.

Калі: 28 і 29 сакавіка; 30 і 31 сакавіка
Дзе: Вялікі тэатр Беларусі, пл. Парыжскай Камуны, 1, Мінск

"Віртуозы сцэны": Сусветны дзень фартэпіяна ў Філармоніі

Міжнародны дзень фартэпіяна адзначаць гала-канцэртам "Віртуозы сцэны" ў вялікай зале Белдзяржфілармоніі. 88-ы дзень года – па колькасці клавіш на фартэпіяна! – парадуе публіку праграмай, у якую ўвайшлі сольныя нумары, выступленні дуэтаў і квартэтаў з 4-16 рукамі на двух ці нават чатырох раялях, а таксама захапляльныя фартэпіянныя паядынкі. У канцэрце прымуць удзел беларускія піяністы-віртуозы і лаўрэаты міжнародных конкурсаў: Ігар Алоўнікаў, Ірына Шуміліна, Сяргей Мікулік, Марына Русакова, Аляксандр Музыкантаў, Алена Навуменка, Аляксандр Данілаў, Юлія Архангельская, Арцём і Марына Шаплыка, Настасся Аляксейчык, Настасся Тароп.

Калі: 28 сакавіка
Дзе: Беларуская дзяржаўная філармонія, пр. Незалежнасці, 50, Мінск

"Разам і назаўсёды. 20 гадоў поспеху": юбілейнае лядовае шоу Ільі Авярбуха ў Мінску

Знакаміты рэжысёр, прадзюсар, стваральнік папулярнага тэлешоу "Ледніковы перыяд" Ілья Авярбух вяртаецца ў Мінск з юбілейным шоу "Разам і назаўсёды. 20 гадоў поспеху". За гады кар'еры ён раскрыў сябе як спартсмен, чэмпіён буйнейшых турніраў і прызёр Алімпійскіх гульняў, трэнер-настаўнік, пастаноўшчык лядовых спектакляў і буйных цырымоній, адзін з самых запатрабаваных расійскіх рэжысёраў сучаснасці. На лёд сталічнай "Чыжоўка-Арэны" выйдуць сябры і калегі, якія прымалі ўдзел у многіх пастаноўках Ільі Авярбуха. Сярод зорных удзельнікаў – Раман Кастамараў, Аляксей Ягудзін, Таццяна Тацьмяніна і Максім Марынін, Аксана Домніна і Максім Шабалін, Албена Дзенкава і Максім Ставіскі, Яўгенія Мядзведзева, Аляксандра Сцяпанава і Іван Букін, Аляксандр Энберт, Міхаіл Каляда, Мацвей Вятлугін, Арцём Фядорчанка, Марыя Голубева, Аляксей Ускоў.

Калі: 30 сакавіка
Дзе: "Чыжоўка-Арэна", вул. Ташкенцкая, 19, Мінск

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі