Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

30 Май 2023

Каляндар падзей у Беларусі: ЧЭРВЕНЬ 2023

Каляндар падзей у Беларусі: ЧЭРВЕНЬ 2023

Мерапрыемства "Лошыцкая сядзіба ў ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў"

Адна з самых папулярных выдатных мясцін Мінска – Лошыцкая сядзіба – запрашае адправіцца ў музычнае падарожжа. У час экскурсіі па сядзібе наведвальнікі не толькі ўбачаць стылізаваныя інтэр'еры, у якіх жылі знакамітыя ўладальнікі Яўстафій Прушынскі, Іван і Яўстафій Любанскія, але і даведаюцца пра іх лёсы, прывычкі, уклад жыцця, сакрэты, якія захоўваюць гэтыя сцены. Музычнымі ілюстрацыямі да экскурсіі стануць паланэз дыпламата і кампазітара Міхала Клеафаса Агінскага "Развітанне з Радзімай", твор Напалеона Орды "Серэнада", п'еса са зборніка "Полацкі сшытак", творы нямецкага кампазітара-лірыка Іаганеса Брамса і рускага кампазітара-філосафа Аляксандра Скрабіна.

Калі: кожную нядзелю ў 15.00 і 17.00
Дзе: Музей "Лошыцкая сядзіба", праезд Чыжэўскіх, 10, Мінск

Выстава "Арт-Мінск 2023"

Новыя імёны адкрываюць на фестывалі беларускага сучаснага мастацтва "Арт-Мінск": буйнейшая выстава года прадстаўляе больш за 450 твораў аўтараў з усёй краіны ў актуальных мастацкіх напрамках. Упершыню за пяць гадоў існавання форуму на ўдзел было пададзена звыш 1000 заявак і 3000 работ! Тут як знакамітыя творцы, так і маладыя мастакі-эксперыментатары. Матэрыяламі для твораў паслужылі тэкстыль, папяровыя ручнікі, пустыя палотны і нават шкарлупіна. Наведвальнікі могуць не толькі купіць работы, якія спадабаюцца (90% з іх даступны на анлайн-платформе Artcenter.by), але і падтрымаць мастакоў пры дапамозе галасавання.

Калі: 12 мая – 18 чэрвеня
Дзе: Палац мастацтва, вул. Казлова, 3, Мінск

Летні музычна-турыстычны сезон у Мінску

У гістарычным цэнтры Мінска – Верхнім горадзе, на тэрыторыі Траецкага і Ракаўскага прадмесцяў – 13 мая стартуе летні музычна-турыстычны сезон, які прадоўжыцца да верасня. Важнай асаблівасцю гэтага года стане правядзенне Дзён культуры гарадоў-пабрацімаў беларускай сталіцы, у ліку якіх Санкт-Пецярбург, Калуга, Ніжні Ноўгарад, Новасібірск і іншыя. Сумесна з пасольствам КНР і артыстамі з Паднябеснай 27 мая на пляцоўцы "Верхні горад" пройдзе маштабнае культурнае мерапрыемства "Свет чаю". Арганізатары абяцаюць, што ў сезоне-2023 прадоўжаць работу любімыя мінчанамі і гасцямі праекты. На адкрытай тэрыторыі атэля "Манастырскі" з 20.00 да 22.00 па суботах у рамках праекта "Тэатральны дворык" будуць праходзіць паказы студэнцкіх аматарскіх калектываў, а таксама выступленні прафесійных акцёраў тэатраў сталіцы. "Бібліятэка пад адкрытым небам" па суботах з 13.00 да 17.00 запрашае на інтэрактыўныя сустрэчы з пісьменнікамі для дзіцячай і дарослай аўдыторыі. З мая запрашае на канцэрт вулічных музыкантаў праект "Пешаходка".

Калі: 13 мая – верасень
Дзе: гістарычны цэнтр Мінска

Спартыўна-культурны фестываль "Вытокі. Крок да Алімпу"-2023

Любімы многімі беларусамі і гасцямі краіны спартыўна-культурны фестываль "Вытокі. Крок да Алімпу" адкрывае свой трэці сезон. Месцам старту выбраны "Горад металургаў" Жлобін. У пятніцу 19 мая адбудуцца вулічны мастацкі інтэрактыў "Гуляйце з намі – малюйце самі" ад сталічнай галерэі "АртХаос", а таксама вячэрнія паказы – мюзікла-прытчы Маладзёжнага тэатра эстрады "Як ноч стала дзяўчынай" і спартыўнай стужкі ў кінатэатры пад адкрытым небам. Асноўныя падзеі разгорнуцца ў суботу 20 мая. Гасцей чакаюць цырымонія адкрыцця, алімпійскі квест, займальныя пляцоўкі больш як па 25 відах спорту, фінал абласнога этапу новага інтэлектуальна-адукацыйнага праекта "Вытокі. Quiz", прэзентацыя калекцый адзення "Роднае-моднае" беларускіх прадпрыемстваў і дызайнераў. Акрамя таго, у трэцім сезоне культурная праграма прадстаўляе новы конкурс песеннага тэксту "Вершы пра галоўнае". Таксама ў рамках фестывалю журы вызначыць лепшых маладых выканаўцаў у вакальным конкурсе. Завершыць праграму вячэрні гала-канцэрт з удзелам папулярных артыстаў беларускай эстрады.

Калі, дзе:
19-20 мая
– Жлобін
2-3 чэрвеня – Баранавічы
16-17 чэрвеня – Слонім
23-24 чэрвеня – Глыбокае
18-19 жніўня – Касцюковічы
25-26 жніўня – Барысаў

"Неверагодны атракцыён" у Белдзяржцырку

На летні перыяд Белдзяржцырк ператворыцца ў "Неверагодны атракцыён", дзе адбываюцца дзіўныя з'явы: "Кола агляду" становіцца захапляючым "Колам смеласці", а прывычны "Цір" – экстрэмальным "Кіданнем нажоў"! Толькі тут магчыма "немагчымае": кошкі выконваюць трукі ў паветры, а матацыкламі кіруюць мядзведзі, чалавек мацнейшы за аўтамабіль... У праграму новага шоу ўвайшлі такія нумары, як эквілібр на канаце, паветраная гімнастка на корд-дэ-парэлі, акрабатычная дарожка, гімнасты ў коле і на трапецыі, сілавы атлет. Таксама на манежы з'явяцца любімыя дзецьмі дрэсіраваныя мядзведзі, кошкі і поні.

Калі: 26 мая – 19 жніўня
Дзе: Беларускі дзяржаўны цырк, пр. Незалежнасці, 32, Мінск

Міжнародны дзень абароны дзяцей у Вялікім тэатры Беларусі

Вялікі тэатр Беларусі далучыцца да святкавання Міжнароднага дня абароны дзяцей. У гэты дзень юныя гледачы апынуцца "На прыёме ў Караля", "У гасцях у Снежнай каралевы" або на "Кірмашы казак", выканаюць разам з артыстамі любімыя песні, разгадаюць музычныя загадкі, зробяць падарожжа ў свет музыкі і казак, а таксама пабываюць у "Майстэрні мастака", дзе створаць сапраўдны эскіз да спектакля! Таксама юных гасцей і іх бацькоў чакаюць розныя актыўнасці, маляўнічыя фотазоны з рэквізітам з дзіцячых спектакляў, майстар-класы, светлавыя паказы і многае іншае.

Калі: 1 чэрвеня, з 14.00 да 19.00
Дзе: Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі, пл. Парыжскай Камуны, 1, Мінск

Фестываль вулічнай творчасці "Гродна – ФЭСТ"

Фестываль вулічнай творчасці адкрые летні каляндар падзей у Гродне. Жыхары і госці горада на Нёмане акунуцца ў атмасферу імправізацыі і стануць героямі перформансаў. У праграме – выступленні разнажанравых артыстаў і музыкантаў, алея "жывых статуй" і выстава арт-аб'ектаў, работа аніматараў і мімаў, фокуснікаў і акрабатаў, тэатральныя пастаноўкі і фаер-шоу. Акрамя таго, кожны глядач зможа прыняць удзел у майстар-класах па танцах, гукавой медытацыі, ігры на музычных інструментах, хадзьбе на хадулях, тактыцы і стратэгіі сцэнічнага бою. А аматараў больш вострых уражанняў чакае інтэрактыў з удзелам утаймавальнікаў агню!

Калі: 3 чэрвеня
Дзе: вул. Савецкая, Гродна

Міжнароднае свята традыцыйнай культуры "Браслаўскія зарніцы"

Свята традыцыйнай культуры "Браслаўскія зарніцы", прысвечанае захаванню, развіццю і папулярызацыі народных традыцый і самабытнай культуры Браслаўскага краю, у 2022-м адзначыла 55-годдзе. У двухдзённую праграму форуму гэтага года ўвайшлі адкрыты конкурс песенных калектываў "Браслаўская харавая асамблея", з якога фестываль пачынаўся, абласны конкурс народнага танца "Паазерскія тапаткі", выступленне тысячнага зводнага хору і гала-канцэрт, а таксама любімае браслаўчанамі і гасцямі горада свята сярэдневяковай культуры "Меч Брачыслава".

Калі: 3–4 чэрвеня
Дзе: Браслаў, Віцебская вобласць

Музычны фестываль ROCK orchestra FEST у Мінску

Грандыёзны ROCK orchestra FEST упершыню адбудзецца ў сталіцы на Нацыянальным алімпійскім стадыёне "Дынама". Прэзідэнцкі аркестр Беларусі і Палац Рэспублікі абяцаюць гасцям уражальнае шоу, якое будзе доўжыцца каля 4 гадзін. "На фестываль мы прыцягнулі таленавітых рок-выканаўцаў сусветнага маштабу. Глядач зможа ўбачыць вядучае трыб'ют-шоу групы Metallica, дзе аркестр разам з Аляксеем Маркавым і яго групай пакажа праграму з 16 лепшых хітоў Metallica даўжынёй прыкладна 1,5 гадзіны. Таксама выступім з сусветным трыб'ют-шоу AEROQUEEN, у якім сабраны кампазіцыі Aerosmith і Queen. Салістам гэтага трыб'юта стане П'ер Эдэль, якога гледачы могуць ведаць дзякуючы шоу "Голас". У канцэрце прыме ўдзел і наш сябар – экс-саліст Rainbow і Deep Purple Джо Лін Цёрнер, які выканае некалькі кампазіцый з рэпертуару гэтых груп. Шэдэўры сусветнага рока праспяваюць таксама вядучыя беларускія артысты", – адзначыў галоўны дырыжор Прэзідэнцкага аркестра Віталь Кульбакоў. Госці фестывалю змогуць знаходзіцца і на полі, і на трыбунах, атрымліваючы задавальненне ад таго, што адбываецца на галоўнай сцэне. Малая сцэна будзе прадастаўлена маладым кавер-групам. Акрамя таго, на верхняй пляцоўцы стадыёна адкрыюцца фуд-корты і зоны для дзяцей, а жадаючыя змогуць паўдзельнічаць у конкурсах і розыгрышах ад партнёраў.

Калі: 8 чэрвеня, 20.00, уваход для гледачоў з 16.00
Дзе: Нацыянальны алімпійскі стадыён "Дынама", Мінск

Міжнародны фестываль "Балетнае лета ў Вялікім"

Фестываль "Балетнае лета ў Вялікім" адбудзецца 8-ы раз. У праграму ўвайшлі як прызнаныя, так і прэм'ерныя спектаклі Вялікага, у галоўных партыях – запрошаныя артысты з Берліна, Масквы, Санкт-Пецярбурга, Варонежа, Пярмі, Башкортастана.

8 чэрвеня – "Прадавец цацак", Варонежскі дзяржаўны тэатр оперы і балета
9 чэрвеня – "Арлекінада.NEW", "Кармэн.NEW", Варонежскі дзяржаўны тэатр оперы і балета
10 чэрвеня – "Пунсовая кветачка", Башкірскі дзяржаўны тэатр оперы і балета
11 чэрвеня – "Легенда пра каханне", Башкірскі дзяржаўны тэатр оперы і балета
13 чэрвеня – "Лебядзінае возера" з удзелам запрошаных артыстаў Аксаны Скорык і Эвена Капітэна (Марыінскі тэатр)
14 чэрвеня – "Дон Кіхот" з удзелам запрошаных артыстаў Валерыі Ісаевай і Рустама Ісхакава (Башкірскі дзяржаўны тэатр оперы і балета)
15 чэрвеня – "Жызэль" з удзелам запрошаных артыстаў Ксеніі Аўсянік (Берлінскі дзяржаўны балет) і Дзіну Тамазлакару (Берлінскі дзяржаўны балет)
16 чэрвеня – Гала-канцэрт зорак балета з удзелам запрошаных артыстаў: Аксана Скорык (Марыінскі тэатр), Эвен Капітэн (Марыінскі тэатр), Булган Рэнцэндорж (Пермскі тэатр оперы і балета), Алег Мангадаеў (Пермскі тэатр оперы і балета), Кацярына Пярвушына (тэатр "Крамлёўскі балет"), Дзмітрый Сабалеўскі

Калі: 8–16 чэрвеня
Дзе: Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі, пл. Парыжскай Камуны, 1, Мінск

Фестываль "Паўлаўскія караваі" ў Гродзенскай вобласці

Традыцыя выпякання асаблівых – Паўлаўскіхкараваяў на Слонімшчыне перадаецца з пакалення ў пакаленне і ўключана ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. Галоўнымі яе носьбітамі з'яўляюцца ўдзельніцы народнага аматарскага аб'яднання "Чараўніцы-каравайніцы", якія з году ў год знаёмяць з абрадам, праводзяць майстар-класы па выпечцы каравая, а госці могуць пакаштаваць выпечку і паўдзельнічаць у працэсе гатавання. У праграме фестывалю – выстаўкі-дэгустацыі хлебабулачных вырабаў, малочных прадуктаў, выпечкі Свята-Благавешчанскага манастыра, конкурс на лепшы каравай...

Калі: 10 чэрвеня
Дзе: аграгарадок Навасёлкі, Слонімскі раён, Гродзенская вобласць

Фестываль гістарычнай рэканструкцыі "Над Менкай" у Азярцы

Фестываль гістарычнай рэканструкцыі "Над Менкай" разгорнецца на тэрыторыі знакамітага музея-скансена. Гасцей запрашаюць акунуцца ў атмасферу высакародных рыцараў, відовішчных паядынкаў і куртуазных традыцый. Жадаючыя змогуць адтачыць свае навыкі ў стральбе з лука або арбалета, заняцца фехтаваннем, апрануцца ў тыповыя ўборы, навучыцца сярэдневяковым песням і танцам, прыняць удзел у тэматычных гульнях і конкурсах. Таксама праграмай фестывалю-2023 прадугледжаны музычныя і экскурсійныя праграмы, знаёмства з кулінарнымі традыцыямі Сярэдневякоўя і дэгустацыі страў той эпохі.

Калі: 10 чэрвеня
Дзе: Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, в. Азярцо, Мінскі раён

Фестываль воднага турызму "Мотальская рэгата"

Моталь – адзін з папулярных напрамкаў турызму ў Брэсцкім рэгіёне дзякуючы гастранамічнаму святу "Мотальскія прысмакі" і фестывалю воднага турызму "Мотальская рэгата". Адкрыецца фэст-2023 спаборніцтвамі на байдарках-двойках, якія стартуюць на Мотальскім возеры і ідуць праз Парэчча да вёскі Чамярын Пінскага раёна (прамежкавы фініш). Другі этап стартуе 11 чэрвеня: удзельнікам трэба будзе пераадолець шлях назад супраць цячэння ракі, агульная дыстанцыя – 42 кіламетры. Таксама паміж экіпажамі будуць спаборніцтвы ў стральбе па біятлонных мішэнях. Пераможцай стане каманда, якая паказала лепшы час па выніках двух дзён.

Калі: 10–11 чэрвеня
Дзе: Мотальскае возера – рака Ясельда ў Іванаўскім раёне – в. Чамярын Пінскага раёна, Брэсцкая вобласць

Абрад "Провады русалкі" ў вёсцы Вялікі Бор

Абрад "Провады русалкі", унесены ў 2016-м у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі, звязаны з завяршэннем святкавання Сяміцкага, або Русальнага тыдня і праводзіцца ў наступную пасля Тройцы нядзелю згодна з праваслаўным календаром. Удзельнікі апранаюцца ў святочнае ўбранне, збіраюць кветкі, плятуць вянкі і з песнямі ідуць ад цэнтра вёскі да поля праводзіць русалку, на ролю якой выбіраюць самую прыгожую дзяўчыну. Русалку праганяюць у пшаніцу, асвячаюць над агнём сарваную з яе зелень, водзяць карагоды і скачуць праз вогнішча, каб ачысціцца агнём. Дзейства звязана з традыцыйнымі атрыбутамі – адным вялікім і мноствам малых вянкоў, якія "асвячаюць" над агнём. Вялікі вянок разрываюць і разбіраюць зелень з яго і з "адзення" русалкі, каб раскласці на агародах – для шчодрага ўраджаю.

Калі: 11 чэрвеня
Дзе: аграгарадок Вялікі Бор, Хойніцкі раён, Гомельская вобласць

Музычнае шоу "Нотр-Дам дэ Пары" ў Мінску

"Нотр-Дам дэ Пары" – тэатралізаваная шоу-праграма, у якой прагучаць арыі з легендарных твораў: "Рамэа і Джульета", "Кабарэ", "Тры мушкецёры", "Монтэ Крыста", "Мамамія", "Метро"... Першае аддзяленне – гэта гісторыя "Нотр-Дам дэ Пары" паводле рамана Віктора Гюго, другое – гісторыя "Рамэа і Джульеты". Гледачы азнаёмяцца са спадчынай сусветнага музычнага тэатра, атрымаюць асалоду ад фрагментаў з любімых спектакляў, запамінальных арый (Belle, "Каралі начной Вероны") у выкананні прызнаных зорак. Сярод артыстаў шоу – Святлана Свецікава, Эд Шульжэўскі, Аляксандр Пасталенка, Пётр Маркін, Вячаслаў Гнядак.

Калі: 14 чэрвеня
Дзе: КЗ "Мінск", вул. Кастрычніцкая, 5, Мінск

V Міжнародны фестываль "ТэкСтыльны букет"

Фестываль дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва "ТэкСтыльны букет" за 4 гады існавання атрымаў статус міжнароднага і пашырыў геаграфію: у ім прынялі ўдзел больш за 500 майстроў з Беларусі, Расіі, Латвіі, Канады, Казахстана, Украіны, Турцыі, Аўстрыі, Германіі, ЗША, Індыі. У бягучым годзе дэвіз фестывалю – "Ад традыцый да сучаснасці". Мерапрыемства збярэ амаль 100 мастакоў з Беларусі, Расіі і Аўстрыі. У экспазіцыі будуць прадстаўлены работы, выкананыя ў традыцыйных і эксперыментальных матэрыялах і тэхніках: шыццё з абрэзкаў, ткацтва, вышыўка, аплікацыя, вязанне, лялькі, касцюм, тэкстыльныя калажы, тэкстыльныя скульптуры, авангардныя вырабы.

Калі: 14–18 чэрвеня
Дзе: Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў Беларусі, вул. Някрасава, 3, Мінск
Даведацца падрабязней

520-годдзе Смаргоні: урачыстасці ў горадзе і фестываль-кірмаш "Смаргонскія абаранкі"

Горад з багатай гісторыяй – Радзіма легендарнай "смаргонскай акадэміі" для дрэсіраваных мядзведзяў і край кулінарнай традыцыі абаранкаў, сапраўдны герой Першай сусветнай вайны – адзначае 520-годдзе. Пачнуцца ўрачыстасці з ускладання кветак да помніка загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны воінам і партызанам. У гэты ж дзень адкрыецца аб'ёмна-прасторавая кампазіцыя "Смаргонь. Старонкі гісторыі". У другі дзень адбудуцца службы ў храме Праабражэння Гасподняга і ў касцёле Міхаіла Архангела. Галоўныя мерапрыемствы разгорнуцца на цэнтральнай плошчы – тэатралізаванае шэсце і прэзентацыя прадпрыемстваў і арганізацый "З гісторыі – у будучыню". А вечарам  тут на сцэнічнай пляцоўцы выступяць беларускія артысты: група "Аўра", фіналісты праекта "Х-фактар. Беларусь", у тым ліку смаргонец Дзяніс Пацэвіч, музычны тэатр "Рада", а таксама хор сталічнага Святадухаўскага кафедральнага сабора.

Калі: 16–17 чэрвеня
Дзе: Смаргонь, Гродзенская вобласць
Даведацца падрабязней

"Вечары ў Соф'і Гальшанскай" у старадаўнім замку

Соф'я Гальшанская – беларуская князёўна, заснавальніца знакамітай дынастыі Ягелонаў, праўленне якой доўжылася каля 200 гадоў. Ідэя ўзнавіць аўтэнтычныя "Вечары ў Соф'і Гальшанскай" з'явілася ў 2021 годзе, і цяпер госці абноўленай Паўночнай вежы Гальшанскага замка акунаюцца ў атмасферу грацыёзных убораў, містычных гісторый і легенд. Кожную сустрэчу гаспадыня робіць сюрпрызы: вогненнае шоу, выступленні вядомых артыстаў і калектываў, шоу спяваючых бакалаў, сустрэчы з катрыншчыкамі, лучнікамі, ажыўшымі статуямі... Фестываль суправаджаецца жывой сярэдневяковай музыкай, майстар-класамі па танцах таго часу, рыцарскімі забавамі, пацешнымі баямі, лучнымі стрэльбішчамі.

Калі: 17 чэрвеня
Дзе: аграгарадок Гальшаны, Ашмянскі раён, Гродзенская вобласць

ХХІХ Міжнародны фестываль песні і музыкі "Дняпроўскія галасы ў Дуброўне"

Фестываль песні і музыкі "Дняпроўскія галасы ў Дуброўне" за 28-гадовую гісторыю прыняў творчыя калектывы з 14 краін свету. Галоўныя мэты форуму – аб'яднанне славянскіх народаў і захаванне самабытнай нацыянальнай культуры. У мінулым годзе за тры дні ў рамках фэсту адбылося 40 мерапрыемстваў больш як на 20 сцэнічных пляцоўках! Тады ж праграму ўпершыню дапоўніў конкурс выканаўцаў народных песень "Галасісты салавей". На гэты раз гасцей чакаюць: абмен караваямі, міжнародная выстаўка-конкурс па стварэнні лялек у традыцыйных нацыянальных касцюмах "Лялька Дубравушка", фотаконкурс "Тут Радзімы маёй пачатак", агляд-конкурс на лепшую тэматычную тэатралізаваную пляцоўку "Дубровеншчына гасцінная", краязнаўчая канферэнцыя "Без права на забыццё".

Калі: 23–25 чэрвеня
Дзе: Дуброўна, Віцебская вобласць

Фестываль "Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў"

У маі 2023-га Вялікі тэатр Беларусі адзначыў 90-годдзе, таму традыцыйныя "Вечары" ў былой рэзідэнцыі князёў Радзівілаў – Нясвіжскім замку – будуць прысвечаны юбілею. Паклоннікі ўбачаць любімыя оперныя і балетныя пастаноўкі з рэпертуару мінскага Вялікага, у тым ліку прэм'ерныя – "Дон Кіхот", "Севільскі цырульнік". Сцэнічнае дзейства разгорнецца адразу на некалькіх пляцоўках – у цэнтральным дворыку, Тэатральнай зале Палацавага ансамбля і ў касцёле Божага Цела.

23 чэрвеня, 16.00 – канцэрт "Флейты на канікулах", Тэатральная зала
23 чэрвеня, 20.30 – прэм'ера балета "Дон Кіхот", цэнтральны двор
24 чэрвеня, 12.00 – канцэрт "Тут добра...", Тэатральная зала
24 чэрвеня, 14.00 – канцэрт "Жамчужыны духоўнай музыкі" XVI–XX стагоддзі", касцёл Божага Цела
24 чэрвеня, 16.00 – канцэрт "Край прыгожых людзей", Тэатральная зала
24 чэрвеня, 20.00 – прэм'ера оперы "Севільскі цырульнік", цэнтральны двор
25 чэрвеня, 12.00 – інтэрактыўна-забаўляльная праграма і музычная казка "Пеця і воўк", Тэатральная зала
25 чэрвеня, 14.00 – канцэрт Viva l'italia, Viva l'amore, Тэатральная зала
25 чэрвеня, 16.00 – канцэрт A.M.A.D.I.S. Brass запрашае..., Тэатральная зала
25 чэрвеня, 19.30 – гала-канцэрт зорак Вялікага тэатра Беларусі, цэнтральны двор

Калі: 23–25 чэрвеня
Дзе: Нясвіжскі замак, вул. Замкавая, 2, Нясвіж

"Песні пра галоўнае": Музычны тэатр у Мірскім замку

Восьмы сезон праекта "Музычны тэатр у Мірскім замку" стартуе ў чэрвені з канцэрта "Песні пра галоўнае". Удзельнікі першай сустрэчы – артысты і аркестр Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра – падораць гледачам незабыўную сустрэчу з кінамузыкай і папулярнымі эстраднымі хітамі. У праграму ўвайшлі сапраўды легендарныя мелодыі з савецкіх кінастужак, сярод якіх "Іронія лёсу, альбо З лёгкай парай!" Эльдара Разанава, "Іван Васільевіч мяняе прафесію" Леаніда Гайдая... Акрамя таго, летні вечар упрыгожаць хіты Райманда Паўлса, Ігара Крутога, Вячаслава Дабрыніна.

Калі: 24 чэрвеня
Дзе: Мірскі замак, Мір, Карэліцкі раён, Гродзенская вобласць

Vulitsa Ezha: летні сезон-2023 у Мінску

Vulitsa Ezha 2023 прадстаўляе адразу чатыры фестывалі. Першы стартаваў у маі на ўтульнай гастранамічнай пляцоўцы "ЛЕПшая вуліца", якая адкрылася для наведвальнікаў у мінулым годзе. Наступныя тры адбудуцца ў засені дрэў Батанічнага саду. У праграме – майстар-класы, інтэрактывы, дэгустацыі, жывая музыка і танцы пад адкрытым небам пад рытмы розных стыляў. Зразумела, месцам прыцягнення застанецца вялікі фуд-корт з вулічнай ежай – традыцыйнай і арыгінальнай аўтарскай.

Калі: 24–25 чэрвеня, 22–23 ліпеня, 2–3 верасня
Дзе: Цэнтральны батанічны сад НАН Беларусі, вул. Сурганава, 2в, Мінск

Выстава "Мэтры мастацкага алімпу: Хаім Суцін і Марк Шагал" у Мінску

Ураджэнцы Беларусі Хаім Суцін і Марк Шагал – мастакі ХХ стагоддзя, прадстаўнікі знакамітай Парыжскай школы – сталі героямі работ Алега Папельскага, створаных ва ўнікальнай тэхналогіі з выкарыстаннем натуральных камянёў. Прадстаўленыя ў розных камбінацыях камянёў карціны з'яўляюцца амажамі (hommage), што ў перакладзе з французскага абазначае даніну творчасці мастака. Цыкл "Дарога ў вечнасць" расказвае аб жыццёвых перыпетыях Хаіма Суціна, яго дзяцінстве ў родных Смілавічах, іўдзейскіх традыцыях, абрадах і ўкладзе сям'і. Другі цыкл – "Ля цёплага дома душы" – прысвечаны творчасці Марка Шагала, дзе галоўным элементам з'яўляецца сінагога, а дапаўняюць кампазіцыю персанажы работ майстра – жыхары роднага яму горада Віцебска.

Калі: да 1 кастрычніка
Дзе: Музей гісторыі горада Мінска, вул. Ракаўская, 17, Мінск

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі