Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Фота | 500-годдзе беларускага кнігадрукавання: унікальны музей у горадзе Францыска Скарыны Полацку

Унікальны музей у горадзе беларускага першадрукара Францыска Скарыны Полацку

Унікальны музей у горадзе беларускага першадрукара Францыска Скарыны Полацку
28 Feb 2017

Літаратурная сталіца Беларусі 2017 года – старадаўні Полацк – рыхтуецца ўжо трэці раз прыняць знакамітае свята нацыянальнага слова, гісторыі і культуры. І вядома, у Дзень беларускага пісьменства галоўнымі акцэнтамі ўрачыстасцей стануць адразу дзве знамянальныя даты – 1155-гадовы юбілей горада на Заходняй Дзвіне і 500-годдзе нацыянальнага кнігадрукавання.

Гісторыя беларускай друкаванай кнігі, якая ўжо налічвае пяць стагоддзяў, звязана з імем ураджэнца "слаўнага горада Полацка" Францыска Скарыны. У 1517 годзе знакаміты гуманіст і асветнік заснаваў у чэшскай Празе друкарню і апублікаваў кірылічным шрыфтам на старабеларускай мове "Псалтыр" – першую друкаваную Біблію на ўсходнеславянскіх землях. На працягу двух наступных гадоў ён пераклаў і надрукаваў яшчэ 23 кнігі Свяшчэннага Пісання.

Прасачыць гісторыю кнігі ад рукапісных скруткаў да модных пакетбукаў, даведацца аб перыпетыях лёсу "бацькі" беларускай Бібліі, а таксама азнаёміцца з усімі этапамі старажытнага кнігавыдання запрашае адзіны ў краіне Музей беларускага кнігадрукавання. Ён быў адкрыты 8 верасня 1990 года да святкавання 500-годдзя з дня нараджэння Францыска Скарыны ў адным з гістарычных месц Полацка – будынку былой брацкай школы Свята-Богаяўленскага мужчынскага манастыра.

Сёння экспазіцыя полацкага музея займае 15 залаў і налічвае каля 2500 выданняў – рукапісныя, старадрукаваныя і сучасныя, у тым ліку часопісы і газеты, паштоўкі, лістоўкі, календары, буклеты... Сярод іх ёсць і рэдкія экзэмпляры – "Евангелле вучыцельнае" (1595), "12 прамоў" Ераніма Фалецкага (1558), "Мінея агульная" (1628), а таксама адметнасць калекцыі – арыгінальныя кнігі Сімяона Полацкага – "Жазло праўлення", "Вячэра душэўная".

Менавіта тут можна зрабіць падарожжа ў часе і прычыніцца да гісторыі беларускага пісьменства і друкарскай справы, вывучаючы пісьмовыя прылады мінулых стагоддзяў, прасачыць працэс стварэння рукапісных кніг у друкарні XVII-XVIII стагоддзяў, пабываць у старажытным скрыпторыі, дзе працуе манах-перапісчык з гусіным пяром у руках , а таксама наведаць унікальны музей-бібліятэку Сімяона Полацкага...

Экскурсія па залах Музея беларускага кнігадрукавання – у рэпартажы з Полацка...

Музей беларускага кнігадрукавання ў Полацку
Музей беларускага кнігадрукавання ў Полацку
Дырэктар Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Тамара Джумантаева
Унікальны музей у горадзе беларускага першадрукара Францыска Скарыны Полацку
Унікальны музей у горадзе беларускага першадрукара Францыска Скарыны Полацку
1 2 3 4 5      Наступная