Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Улада
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Улада | Падзеі

Падзеі

4 Врс 2019

Варанкоў аб выступленні Лукашэнкі на канферэнцыі па барацьбе з тэрарызмам: гэта вельмі моцны сігнал з'яднацца

Варанкоў аб выступленні Лукашэнкі на канферэнцыі па барацьбе з тэрарызмам: гэта вельмі моцны сігнал з'яднацца

4 верасня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Выступленне Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі на канферэнцыі па барацьбе з тэрарызмам стала вельмі моцным сігналам міжнароднай супольнасці з'яднацца. Гэта адзначыў намеснік генеральнага сакратара - кіраўнік Контртэрарыстычнага ўпраўлення ААН Уладзімір Варанкоў сёння на сустрэчы з кіраўніком дзяржавы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Вельмі прыемна другі раз быць у гэтым кабінеце і пагаварыць з вамі, - сказаў Уладзімір Варанкоў. - Я вельмі вам удзячны за ўчарашняе выступленне. Гэта быў вельмі моцны сігнал міжнароднай супольнасці з'яднацца ў барацьбе з тэрарызмам, які застаецца адной з асноўных сусветных праблем. Каб яго перамагчы, трэба дзейнічаць комплексна".

"Гэта частка барацьбы з тэрорам - супраць выкарыстання тэрарыстамі высокіх тэхналогій, інтэрнэту - становіцца ўсё больш вырашальнай", - канстатаваў намеснік генеральнага сакратара ААН.

У сваю чаргу Аляксандр Лукашэнка заўважыў: "Калі вы ўчора выступалі, я, ведаеце, які вывад зрабіў: тэрарызмам і тэрарыстамі пакуль яшчэ, груба кажучы, кіруем мы. Пакуль яшчэ мы не ляглі пад іх, але будзе горш, калі яны намі пачнуць кіраваць. Таму што такія сімптомы з'яўляюцца ўжо. Калі яны возьмуць верх і пачнуць дыктаваць кіраўнікам дзяржаў сваю палітыку з улікам сучасных тэхналогій, а яны навучыліся прыстасоўвацца і часам хутчэй за нас рэагуюць на некаторыя рэчы, звязаныя з высокімі тэхналогіямі, інтэрнэтам, глабальнай сеткай, выкарыстоўваюць гэта для сябе. Ужо сёння тэндэнцыя да таго, што яны спрабуюць намі кіраваць. Вось тады будзе зусім дрэнна, тады ніякія не тое што канферэнцыі, практычныя дзеянні ўжо не дапамогуць".

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на яшчэ адзін аспект: "Я гэта даўно зразумеў. Ведаеце, мы ўсе сёння змагаемся супраць ядзернай зброі - нераспаўсюджванне, кантраляваць спрабуем і гэтак далей. Хоць некаторыя ядзерныя дзяржавы асабліва блізкім краінам недзе тэхналогіі гэтыя падкідваюць, а супраць непажаданых ваююць. Вось гэта таксама дрэнна, паціху ядзерная зброя распаўзаецца. Але гэта будуць семечкі ў параўнанні з тым, што можа быць - лякарствы, прадукты харчавання, біялагічная зброя, прытым тэхналогіі найвышэйшых відаў і тыпаў, што пракантраляваць будзе практычна немагчыма. А тэрарысты хутка скарыстаюцца гэтымі найноўшымі тэхналогіямі, каб змагацца па ўсіх франтах супраць нармальных людзей. Вось гэта не будзе паддавацца кантролю, як ядзерная зброя. Таму ядзерная зброя - гэта яшчэ толькі кветачкі, а вось ягадкі нам могуць падкінуць праз сучасныя тэхналогіі".

"Вось яно фактычна на падыходзе, гэта страшная зброя, па-за кантролем чалавецтва", - заявіў Прэзідэнт.

Уладзімір Варанкоў згадзіўся з тым, што павінна быць маштабнае міжнароднае супрацоўніцтва ў барацьбе з новымі выклікамі і пагрозамі, у тым ліку з тэрарызмам.

Беларусь з'яўляецца ўдзельніцай асноўных шматбаковых дагавораў па барацьбе з міжнародным тэрарызмам, распрацаваных пад эгідай ААН. Краіна прыняла ўдзел у першай у гісторыі ААН канферэнцыі кіраўнікоў контртэрарыстычных органаў краін - членаў Арганізацыі, якая прайшла ў чэрвені 2018 года ў Нью-Ёрку. Беларусь у ліку 70 дзяржаў у верасні мінулага года на 73-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН падпісала Кодэкс паводзін, мэта якога - дасягненне свабоднага ад тэрарызму свету.

У кастрычніку 2018 года ў Мінску прайшла сумесная з АБСЕ міжнародная канферэнцыя высокага ўзроўню "Прадухіленне і барацьба з тэрарызмам у лічбавую эпоху".

У беларускай сталіцы 3-4 верасня праходзіць міжнародная канферэнцыя высокага ўзроўню "Барацьба з тэрарызмам пры дапамозе інавацыйных падыходаў і выкарыстання новых і ўзнікаючых тэхналогій", якая арганізавана Беларуссю сумесна з Контртэрарыстычным упраўленнем ААН.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі