Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Улада
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Улада | Падзеі

Падзеі

6 Врс 2022

Пад амністыю ў Беларусі трапіць ад 8 тыс. чалавек

Пад амністыю ў Беларусі трапіць ад 8 тыс. чалавек
Фота з архiва

6 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі пад амністыю трапяць ад 8 тыс. чалавек. Аб гэтым заявіў журналістам генеральны пракурор Андрэй Швед, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Генпракурор адзначыў, што толькі ў 2019-2020 гадах пад амністыю трапілі больш за 30 тыс. грамадзян, асуджаных за тыя ці іншыя злачынствы. Частку з іх вызвалілі з месцаў пазбаўлення волі, а некаму скарацілі на год тэрмін пакарання.

"Нягледзячы на дастаткова прынцыповую пазіцыю Генеральнай пракуратуры, што акт амністыі не павінен распаўсюджвацца на тых асоб, якія зрабілі замах на суверэнітэт, незалежнасць, канстытуцыйны лад нашай краіны ў 2020-2021 гадах, кіраўнік дзяржавы даручыў узважана падысці да гэтага пытання, індывідуальна і ў першую чаргу праз інстытут памілавання. Гэта значыць, тыя асобы, якія ўчынілі злачынствы, звязаныя з экстрэмізмам, якія зрабілі замах на нашу дзяржаву, якія паднялі руку на праваахоўнікаў, могуць выйсці на волю. Але толькі тыя, хто раскаяўся, усвядоміў і лічыць магчымым звярнуцца да Прэзідэнта з просьбай аб памілаванні", - сказаў Андрэй Швед.

У час нарады, дзе ў тым ліку абмяркоўваліся пытанні будучай амністыі, Прэзідэнт Беларусі прапанаваў разгледзець канчатковы варыянт падрыхтаванага законапраекта на спецыяльнай камісіі з удзелам у тым ліку "нармальнай апазіцыі".

Генеральны пракурор пацвердзіў, што шырокае абмеркаванне законапраекта сапраўды плануецца. Пры гэтым будуць улічаны розныя пункты гледжання і падыходы. "Гэты працэс павінен быць адкрытым і зразумелым", - падкрэсліў ён.

Адказваючы на пытанне, колькіх грамадзян можа закрануць амністыя (яе плануюць правесці да Дня народнага адзінства), Андрэй Швед сказаў: "Размова ідзе прыкладна ад 8 тысяч чалавек і вышэй. Гэта як класічныя падыходы, якія датычацца вызвалення ад адказнасці інвалідаў, шматдзетных, адзінокіх маці і гэтак далей, так і асоб, якія ўчынілі іншыя злачынствы".

Пералік саставаў злачынстваў, якія будуць трапляць пад дзеянне закона аб амністыі, вызначаць у бліжэйшы час, дадаў кіраўнік нагляднага ведамства.

У сваю чаргу намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Вольга Чупрыс растлумачыла, што законапраект аб амністыі як такі пакуль яшчэ адсутнічае. "Гэта была прапанова, якая агучана Прэзідэнтам, - абмеркаваць на нарадзе пытанне, што датычыцца прымянення амністыі, якая з'яўляецца традыцыйнай у нашай краіне і, як правіла, прымяркоўваецца да значных дат", - сказала яна.

Таму нарада, дзе разгядалася ў тым ліку і гэта пытанне, была прымеркавана да 17 верасня, калі краіна адзначыць Дзень народнага адзінства. "Прэзідэнт сабраў нараду па гэтым пытанні для таго, каб зразумець, ці можам мы абмеркаваць гэта пытанне, ці можам мы даць даручэнне ва ўстаноўленым парадку аб распрацоўцы такога законапраекта. Па выніках нарады Прэзідэнт прыняў рашэнне, што такому законапраекту аб амністыі быць. Распрацоўваць гэты закон будзе МУС сумесна з Вярхоўным судом і Генеральнай пракуратурай", - паведаміла намеснік кіраўніка Адміністрацыі.

Падрабязнасцямі аб падрыхтоўцы законапраекта падзяліўся і міністр унутраных спраў Іван Кубракоў. "Першае абавязковае патрабаванне да асуджанага - яго раскаянне. І ў гэтым плане мы вельмі ўважліва адпрацоўваем такога грамадзяніна (у адносінах да якога разглядаецца пытанне аб прымяненні амністыі. - Заўвага БЕЛТА) з усіх бакоў", - сказаў міністр.

Такім чынам, амністыю прадугледжваецца прымяніць да катэгорыі грамадзян, якія не ўчынілі цяжкія злачынствы, раскаяліся і да якіх няма пытанняў у адміністрацый калоній, дзе яны адбываюць цяпер пакаранне.

"Прыкладная лічба на сённяшні дзень, да якіх можа быць прыменены акт амністыі, - 8500 чалавек. Гэта, вядома, недзе ў два разы больш, чым тая, якая была прыменена ў 2020 годзе. Мы прапанавалі прымяніць амністыю да такой катэгорыі грамадзян, як, напрыклад, асуджаныя за злачынствы па незаконным абароце наркотыкаў, якія ўчынілі гэтыя злачынствы ў непаўналетнім узросце. Такіх на сённяшні дзень адбывае 95 чалавек. Але з улікам, вядома, тых патрабаванняў, якія я ўжо агучыў. Таксама ўнесена прапанова разгледзець нават у адносінах да тых, хто асуджаны за карупцыйныя злачынствы. Але, зноў жа, хто шчыра раскаяўся і пагасіў нанесеную злачынствам шкоду", - падкрэсліў Іван Кубракоў.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі