3 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка раіць мяняць стыль работы ў аграрнай галіне. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння ў час рэспубліканскага семінара-нарады аб развіцці вёскі і павышэнні эфектыўнасці аграрнай галіны краіны, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мяняйце стыль работы і прыстасоўвайцеся да новага часу і кадраў. Вучыць і паказваць трэба, гэта не лішняе. Але трэба рабіць так, каб ад гэтага была карысць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што вучобу напярэдадні пасяўной або ўборачнай трэба праводзіць непасрэдна на месцах, а не ў Мінску або на мерапрыемствах рэспубліканскага ўзроўню. "Калі губернатар лічыць, што яму трэба кагосьці падвучыць, калі ласка, няхай на месцы вучаць па якой-небудзь тэме", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц згадзіўся, што сёння вёсцы патрэбна якасна іншае развіццё. Перш за ўсё, неабходна павышэнне эфектыўнасці, якое забяспечвае канкурэнтаздольнасць прадукцыі, што дало б магчымасць заняць свае нішы на сусветных рынках.
На думку міністра, развіццё аграрнай галіны стрымліваецца па некалькіх прычынах, у іх ліку недапрацоўкі ў сферы земляробства, што ўскладняе якасную нарыхтоўку кармоў. У жывёлагадоўлі неабходна павышаць эфектыўнасць работы малочнатаварных комплексаў. Ёсць факты безгаспадарчасці і безадказнасці пры эксплуатацыі сельгастэхнікі. Што датычыцца фінансавага аздараўлення арганізацый АПК, то неабходная прававая база для гэтага ёсць, цяпер на першы план выходзіць разумна наладжаны менеджмент.
У аграрнай галіне ў бягучым годзе неабходна прыняць усе меры, каб кожная сельгаскультура давала прыбытак. "У дзеючых умовах такія магчымасці ў краіне ёсць", - лічыць Леанід Заяц.