2 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў народ Італіі з Днём Рэспублікі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
"Бягучы год - юбілейная дата гісторыі беларуска-італьянскіх двухбаковых кантактаў: нашы дзяржавы адзначаюць 30-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін. Сувязі паміж краінамі былі правераны часам, і сёння ўпэўнена можна гаварыць пра трывалую і шчырую дружбу беларусаў і італьянцаў. Гэта адзінства не можа быць парушана ні кан'юнктурнымі амбіцыямі палітыкаў, ні геапалітычным процістаяннем, якое, на жаль, апошнім часам набывае самыя жорсткія рысы", - гаворыцца ў віншаванні.
Кіраўнік дзяржавы выказаў удзячнасць народу Італіі за гасціннасць і цеплыню, з якой на працягу многіх гадоў ён прымаў дзяцей з Беларусі, за шматлікія італьянскія галасы ў падтрымку Беларусі ў няпросты час, за добрае сэрца і светлыя пачуцці.
"Упэўнены, што ў будучым наперакор усім выпрабаванням Беларусь і Італія рэалізуюць яшчэ шмат буйных узаемавыгадных праектаў па самым шырокім спектры супрацоўніцтва - ад гандлю, інвестыцый і прамысловай кааперацыі да турызму, адукацыі і культурнага абмену", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт пажадаў народу Італіі міру, згоды і працвітання.