Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Улада
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Улада | Падзеі

Падзеі

11 Кст 2017

Беларусь запрасіла замежных наглядальнікаў на вучэнне па рэагаванні на радыяцыйныя аварыі

12 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь запрасіла замежных наглядальнікаў на камандна-штабное вучэнне па рэагаванні на радыяцыйныя аварыі, якое пройдзе 18-19 кастрычніка. Аб гэтым паведаміў 11 кастрычніка журналістам намеснік міністра па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Худалееў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Запрошаны наглядальнікі з краін-суседзяў і дзяржаў АДКБ, а таксама дыпламаты акрэдытаваных у Беларусі пасольстваў. "Мы адкрыты да канструктыўнага дыялогу", - адзначыў намеснік міністра.

На вучэнні будуць задзейнічаны сілы і сродкі МНС, іншых зацікаўленых дзяржорганаў - усяго 274 чалавекі асабовага складу і 52 адзінкі тэхнікі. Асноўная групоўка будзе ад выратавальнага ведамства: 221 чалавек, 42 адзінкі тэхнікі і 4 паветраныя судны. Актыўны ўдзел у вучэнні прымаюць Мінабароны, МУС, Мінэнерга і Міністэрства аховы здароўя. Аляксандр Худалееў расказаў аб задачах, якія будуць вырашаць удзельнікі. Паводле легенды, ім трэба будзе патушыць пажары ў трансфарматарнай падстанцыі ва ўмовах магчымага заражэння мясцовасці, у тэхналагічных ёмістасцях для захоўвання светлых нафтапрадуктаў і небяспечных хімічных рэчываў. Будуць таксама ліквідаваны наступствы ўмоўнай радыяцыйнай надзвычайнай сітуацыі на чыгунцы, лясныя пажары на заражаных тэрыторыях. Акрамя таго, будзе праверана сістэма папярэджання ліквідацыі надзвычайных сітуацый і грамадзянскай абароны пры правядзенні першачарговых аварыйна-выратавальных работ.

Па выніках вучэння будзе скарэкціраваны і дапрацаваны знешні аварыйны план Беларускай атамнай электрастанцыі.

Як паведамлялася, практычныя мерапрыемствы камандна-штабнога вучэння па рэагаванні на радыяцыйныя аварыі пройдуць у розных раёнах Беларусі і на двух пагранпераходах. Актыўная фаза вучэння адбудзецца 19 кастрычніка ў Гродзенскай вобласці ў Астравецкім раёне.

Пытанні бяспекі з'яўляюцца для Беларусі галоўным прыярытэтам пры рэалізацыі першай у краіне ядзерна-энергетычнай праграмы. У адпаведнасці з міжнароднымі рэкамендацыямі дзяржавы, якія ўводзяць у эксплуатацыю буйныя аб'екты ядзернай энергетыкі, павінны правесці серыю вучэнняў па рэагаванні на магчымыя інцыдэнты. Мэта такіх вучэнняў - праверка гатоўнасці сістэмы аператыўнага рэагавання, якая важная ў тым ліку ў працэсе распрацоўкі аварыйных планаў дзеянняў за межамі прамысловай пляцоўкі АЭС. Праводзячы вучэнне, Беларусь дзейнічае ў строгай адпаведнасці з рэкамендацыямі Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі і зыходзіць з безумоўнай прыярытэтнасці пытанняў забеспячэння бяспекі пры рэалізацыі нацыянальнай ядзернай энергетычнай праграмы.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі