Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Улада
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Улада | Падзеі

Падзеі

26 Снж 2023

Алейнік: ЕАЭС дэманструе пазітыўныя тэндэнцыі ўстойлівасці і эканамічнага росту

Алейнік: ЕАЭС дэманструе пазітыўныя тэндэнцыі ўстойлівасці і эканамічнага росту

26 снежня, Санкт-Пецярбург /Кар. БЕЛТА/. Еўразійскі эканамічны саюз дэманструе пазітыўныя тэндэнцыі ўстойлівасці і эканамічнага росту. Аб гэтым на палях саміту ЕАЭС у Санкт-Пецярбургу заявіў журналістам міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Адказваючы на пытанне аб карысці для Беларусі ад прынятых на саміце рашэнняў, кіраўнік МЗС сказаў: "Асноўны плюс заключаецца ў прынцыпе ў існаванні гэтай арганізацыі - ЕАЭС. У наступным годзе мы будзем адзначаць 10-годдзе стварэння саюза. Былі падведзены прамежкавыя вынікі яго дзейнасці. Яны ўражваюць. Гэта двухразовае павелічэнне тавараабароту (паміж членамі ЕАЭС. - Заўвага БЕЛТА). На 60 працэнтаў павялічыўся наш тавараабарот са знешнім светам. Істотны прырост у прамысловай прадукцыі, сельскай гаспадаркі. Апошні савет аграпрамысловага комплексу саюза зрабіў заключэнне, што ЕАЭС стаў абсалютна самадастатковым і самазабяспечаным у частцы асноўных відаў сельгаспрадукцыі. Па большасці відаў мы забяспечваем сябе на 90-100 працэнтаў, і ёсць істотны патэнцыял для экспарту".

Сяргей Алейнік падкрэсліў, што ЕАЭС дэманструе пазітыўныя тэндэнцыі ўстойлівасці, эканамічнага росту, забеспячэння тэхналагічнага суверэнітэту як у цэлым саюза, так і краін-членаў.

Саміт у Санкт-Пецярбургу шмат у чым быў прысвечаны перспектывам развіцця інтэграцыйнага аб'яднання. Лідары краін прынялі дэкларацыю аб далейшым развіцці Еўразійскага эканамічнага саюза да 2030 года і на перыяд да 2045 года. Дадзена даручэнне па распрацоўцы мер для рэалізацыі дэкларацыі.

"Перш за ўсё - эканоміка. Гэта тэзіс, які агучваў кіраўнік нашай дзяржавы. Эканамічная ўстойлівасць, эканамічнае развіццё нашага саюза, забеспячэнне чатырох свабод, якія былі зафіксаваны, - гэта сапраўды той базіс і аснова, на якой мы будуем і развіваем нашу інтэграцыю", - адзначыў міністр.

Ён канстатаваў, што ЕАЭС становіцца ўсё больш прывабным для многіх краін, у тым ліку ў рэгіёнах глабальнага Поўдня і Усходу. Нагляднае таго пацвярджэнне - падпісанне на палях саміту пагаднення аб свабодным гандлі з Іранам, што зробіць прадукцыю з краін саюза больш канкурэнтаздольнай на вялікім рынку гэтай краіны. "Вядуцца перагаворы па аналагічных пагадненнях аб свабодным гандлі з ААЭ, Егіптам. На парадку дня такое пагадненне і з Індыяй (спадзяёмся, што яно таксама атрымае развіццё), шэрагам іншых краін", - сказаў Сяргей Алейнік.

Як паведамлялася БЕЛТА, у саміце ЕАЭС 25 снежня ў Санкт-Пецярбургу прыняў удзел і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Ён падрабязна выказаўся аб перспектывах еўразійскай інтэграцыі да 2045 года, а галоўным дасягненнем у Еўразійскім эканамічным саюзе назваў стабільна функцыянуючыя агульны ўнутраны рынак і адзіную мытную прастору. Пры гэтым у ЕАЭС не ізалююцца ад знешняга свету, і інтэграцыйнае аб'яднанне адкрыта для ўзаемавыгаднага і раўнапраўнага супрацоўніцтва з вядучымі эканомікамі.

Кіраўнік беларускай дзяржавы таксама заявіў аб неабходнасці развіваць супрацоўніцтва з буйнымі міжнароднымі аб'яднаннямі, накшталт ШАС і БРІКС, але канстатаваў, што ў ЕАЭС у плане інтэграцыі значна далей рушылі. Галоўнае цяпер  - не страціць тэмп. "Трэба рухацца ў гэтым напрамку. Каб мы былі вядучай не толькі рэгіянальнай, але і сусветнай эканамічнай арганізацыяй. А будзе эканоміка - да гэтага і палітыка прыйдзе, і ваенна-палітычнае супрацоўніцтва, калі будзе што абараняць. Яно таксама нікуды не дзенецца. У нас шанц. Самае галоўнае - не спыніцца", - падкрэсліў беларускі лідар.

На саміце лідары прынялі рашэнне аб асноўных арыенцірах макраэканамічнай палітыкі дзяржаў ЕАЭС на 2024-2025 гады. У дакуменце пералічаны першачарговыя напрамкі для выхаду ў перспектыве на траекторыю штогадовага прыросту ВУП саюза тэмпамі вышэйшымі за тэмпы развіцця сусветнай эканомікі.

Кіраўнікі дзяржаў таксама абмеркавалі асноўныя напрамкі міжнароднай дзейнасці ЕАЭС на 2024 год. Ім была прадстаўлена інфармацыя аб сітуацыі па ўстараненні бар'ераў і скарачэнні выключэнняў і абмежаванняў на ўнутраным рынку ЕАЭС.

Падпісана рашэнне аб зацвярджэнні бюджэту Еўразійскага эканамічнага саюза на 2024 год. Расходы бюджэту істотна павялічаны да ўзроўню 2023 года.

Адно з рашэнняў саміту датычыцца стварэння новага прававога інстытута ў сферы мытнага рэгулявання - аператара электроннага гандлю, які будзе забяспечваць лагістыку і мытнае афармленне аперацый з таварамі, якія набываюць фізічныя асобы праз сетку Інтэрнэт. Падпісаны адпаведны пратакол аб унясенні змяненняў у Дагавор аб Мытным кодэксе ЕАЭС.

У 2024 годзе ў ЕАЭС будзе старшынстваваць Арменія. Вырашана таксама, дзе і калі пройдзе чарговае пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета. Саміт, прымеркаваны да 10-годдзя падпісання Дагавора аб ЕАЭС, правядуць у маі 2024 года.

На парадку дня саміту было пытанне аб старшыні і персанальным складзе Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі. Замест прадстаўніка Беларусі Міхаіла Мясніковіча пасаду старшыні Калегіі ЕЭК на наступныя чатыры гады зойме прадстаўнік Казахстана Бакытжан Сагінтаеў. Раней ён працаваў на розных высокіх пасадах ва ўрадзе сваёй краіны, а апошнім часам з'яўляецца членам Калегіі (міністрам) па эканоміцы і фінансавай палітыцы ЕЭК.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі