У Беларусь без візы на 30 дзён
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Год малой радзімы ў Беларусі
Прэс-цэнтр
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Прэс-цэнтр | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

12 Чэр 2015

Першая група замежных турыстаў скарысталася бязвізавым пропускам у Белавежскую пушчу

12 чэрвеня, Брэст /Святлана Вячорка - БЕЛТА/. Першая група замежных турыстаў скарысталася механізмам бязвізавага ўезду на тэрыторыю нацыянальнага парку "Белавежская пушча" ў міжнародным спрошчаным пешаходна-веласіпедным пункце пропуску "Перароў", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Турыстычная група ў складзе 27 чалавек пешшу перасекла граніцу з боку Польшчы з пункта пропуску "Белавежа". На беларускім боку акрамя пагранічнікаў іх ужо чакалі прадстаўнікі нацыянальнага парку, сродкаў масавай інфармацыі. У складзе групы - прадстаўнікі польскіх турфірм, гасцінічнага бізнесу, прэсы і проста турысты. Іх суправаджалі кіраўнікі мясцовых органаў кіравання Падляскага ваяводства, а таксама генеральны консул Беларусі ў Беластоку Аляксандр Берабеня.

Маршалак Падляскага ваяводства Мячыслаў Казімеж Башка назваў сённяшнюю падзею доўгачаканай. "Вельмі прыемна, што тут запушчаны бязвізавы турыстычны рух. Гэта доўгачаканы момант, гэта пачатак. Мы вельмі рады гэтай падзеі, сардэчна вітаем усіх турыстаў і запрашаем карыстацца гэтым пераходам, каб абмен турыстамі быў як мага большым. Гэта ў інтарэсах нашых народаў", - сказаў маршалак.

Генконсул Аляксандр Берабеня выказаў надзею на тое, што ў хуткім часе такі бязвізавы рух у пушчы стане двухбаковым. "Пакуль, на жаль, мы маем аднабаковы рух - у Беларусь. Мяркую, хутка ў нашых грамадзян з'явіцца такая ж магчымасць убачыць хараство Белавежскай пушчы на польскім боку", - сказаў дыпламат.

Працэдура пагранічнага кантролю заняла ў цэлым крыху больш за паўгадзіны - у сярэднім на афармленне пропуску аднаго чалавека спатрэбілася 1,5-2 хвіліны. Паездка першай групы бязвізавых турыстаў разлічана на адзін дзень. У праграме - наведванне музея прыроды, вальераў, сядзібы Дзеда Мароза, музея народнага быту, аглядная экскурсія па пушчы.

Як паведаміў журналістам генеральны дырэктар нацыянальнага парку "Белавежская пушча" Аляксандр Буры, па самых сціплых падліках на новаўвядзенні парк можа зарабляць не менш як Br25 млрд за год. "Штогод польскую частку пушчы наведваюць больш як 150 тыс. чалавек. Па выніках праведзенага намі апытання, палавіна іх хацелі б наведаць беларускую частку пушчы. Таму мы прагназуем, што турыстычны паток вырасце як мінімум на 50 тыс. чалавек", - растлумачыў кіраўнік нацпарку.

Запрашаць турыстаў у беларускую частку пушчы плануюць, развіваючы такі напрамак, як падзейны турызм. Што датычыцца інфраструктуры, то яна, паводле слоў Аляксандра Бурага, дастаткова развітая ў нацыянальным парку. Ёсць комплекс гасцініц, разлічаны на 300 месц, восем пунктаў грамадскага харчавання. Добра прадстаўлена сувенірная прадукцыя, працуюць рамеснікі. З павелічэннем турыстычнага патоку плануецца развіццё паўночнай зоны нацыянальнага парку і насычэнне яе інфраструктурай. "Патэнцыял не вычарпаны. Ужо сёння мы можам штогод прымаць да 1 млн турыстаў. Пакуль гэта лічба напалавіну меншая", - паведаміў кіраўнік парку.

Добрыя перспектывы беларускай ініцыятывы бачыць і арганізатар першай бязвізавай паездкі турыстаў кіраўнік турыстычнай фірмы ў Беластоку Яўген Лаўрынюк. "Я працую з нацыянальным паркам шмат гадоў. Лічу, што гэта гістарычная паездка. Нашы турысты часта пыталіся раней: як можна трапіць на беларускі бок пушчы? Многіх спыняла неабходнасць афармлення візы. Цяпер патрэбны толькі пашпарт і страхоўка. Заяўку і спецыяльны пропуск на групу мы афармляем разам з тураддзелам парку. Будзем рэкламаваць гэты напрамак", - паабяцаў польскі тураператар.

Бязвізавы ўезд для замежных грамадзян на тэрыторыю нацыянальнага парку "Белавежская пушча" ў турыстычных мэтах як у групавым, так і ў індывідуальным парадку, пачаў дзейнічаць з 12 чэрвеня. У адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў нумар 414 іншаземцы змогуць знаходзіцца на тэрыторыі нацыянальнага парку без візы не больш як тры дні. Скарыстацца бязвізавым рэжымам можна толькі праз пункт пропуску "Перароў - Белавежа". Падставай для гэтага з'яўляецца дакумент, які прадастаўляе замежнаму грамадзяніну права на наведванне нацыянальнага парку.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі
Партызанскі летапіс