Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

20 Май 2013

Міжнародны медыяфорум 22-25 мая збярэ ў Беларусі экспертаў з 15 краін

20 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У VIII Беларускім міжнародным медыяфоруме "Партнёрства ў імя будучага: гісторыка-культурная спадчына як фактар яднання", які пройдзе 22-25 мая, прымуць удзел эксперты з 15 краін: Вялікабрытаніі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Францыі, а таксама з дзяржаў - удзельніц СНД. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў Міністэрстве інфармацыі, якое выступае адным з арганізатараў мерапрыемства.

У час медыяфоруму плануецца правесці эксперт-сесіі, творчыя майстэрні, традыцыйна пройдзе летняя школа журналістыкі. Пленарнае пасяджэнне 23 мая ўпершыню адбудзецца ў сценах замкавага комплексу "Мір" - помніка сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. У праграме форуму заяўлены тэмы "Дыялог культур - дыялог народаў", "Сродкі масавай інфармацыі: гістарычная місія ў захаванні і развіцці гісторыка-культурнай спадчыны", "Мова, нацыянальная літаратура як фактары суверэнітэту дзяржаў і яднання народаў".

У дні медыяфоруму ў Інстытуце журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта адбудзецца летняя школа журналістыкі. У 2013 годзе яна пройдзе ў фармаце прэс-клуба на тэму "Фарміраванне новага аблічча культурнай журналістыкі". Эксперты абмяркуюць пытанні ўдасканалення прафесійнага майстэрства журналістаў, павышэння прэстыжу культурнай журналістыкі, а таксама прыцягнення ўвагі да праблем і дасягненняў культуры праз СМІ. Акрамя таго, удзельнікі медыяфоруму азнаёмяцца з галоўнымі відовішчнымі культурнымі аб'ектамі краіны - Нацыянальным акадэмічным тэатрам імя Янкі Купалы, Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатрам оперы і балета, Беларускім дзяржаўным цыркам.

На медыяфоруме пройдзе міжнародны конкурс "Мастацтва кнігі" краін СНД. У Мінску ён адбудзецца ўпершыню. Конкурс, які ў гэтым годзе адзначае 10-годдзе, накіраваны на пашырэнне міжнароднага супрацоўніцтва кнігавыдаўцоў Садружнасці, павышэнне культуры кнігавыдання і развіццё кніжнага мастацтва, папулярызацыю лепшых дасягненняў выдавецкіх сістэм краін СНД, актывізацыю ўзаемаабмену духоўнымі і культурнымі каштоўнасцямі. Члены міжнароднага журы 24 мая ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі вызначаць лепшыя выданні па сямі конкурсных намінацыях: "Садружнасць", "Мая краіна", "Кнігі для дзяцей і юнацтва", "Культура. Навука. Адукацыя", "Арт-кніга", "Надрукавана ў Садружнасці", "Гран-пры".

Завершыць праграму медыяфоруму наведванне Нясвіжскага палацава-паркавага комплексу, дзе адбудзецца эксперт-сесія "Аб'екты сусветнай гісторыка-культурнай спадчыны ў кантэксце дзяржаўнай палітыкі развіцця рэгіёнаў".

Беларускі міжнародны медыяфорум - унікальная дыскусійная пляцоўка для абмену думкамі і выпрацоўкі новых ідэй і канцэпцый прадстаўнікамі экспертнай і медыясупольнасці краін СНД, блізкага і далёкага замежжа. "У год старшынства Беларусі ў СНД медыяфорум стане знакавым міжнародным мерапрыемствам, накіраваным на пашырэнне дыялогу культур, фарміраванне адзінай гуманітарнай прасторы. Тэма VIII Беларускага міжнароднага медыяфоруму вызначае гісторыка-культурную спадчыну ў якасці галоўнага стратэгічнага рэсурсу інтэграцыйных працэсаў", - падкрэслілі ў Міністэрстве інфармацыі.

Акрамя Мінінфармацыі арганізатарамі форуму выступаюць Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы, Міждзяржаўны фонд гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў - удзельніц СНД, Беларускі саюз журналістаў. Падтрымку мерапрыемству аказваюць Міністэрства замежных спраў, Міністэрства культуры, Выканаўчы камітэт СНД і іншыя.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі