
Акунуцца ў свет параднай і паляўнічай зброі могуць наведвальнікі Нясвіжскага замка на працягу года. Выдатныя ўзоры афіцэрскай параднай зброі (корцікі, шпагі, шашкі, шаблі), камзольныя і ведамасныя шпагі, масонскія рытуальныя мячы, экзатычная зброя розных краін – каштоўныя артэфакты сабраны і прадастаўлены прыватным калекцыянерам Анатолем Грышуком. Як адзначыў уладальнік, упершыню цікавасць да гісторыі зброі праявілася, калі ён знайшоў уланскую шаблю ўзору 1932 года, якая належала бацьку. А дзед служыў у імператарскай арміі і ахоўваў Мікалая II, калі манарх прыязджаў у нашы краі на манеўры ў 1892 годзе. Выстава расказвае і пра культуру палявання, дзе зброя – не толькі прадмет мастацтва, але і сімвал улады, інструмент дэманстрацыі перавагі над прыродай. Адметнасцю выставы стала інсталяцыя – фігура вершніка на кані, закаванага ў бліскучы даспех крылатага гусара ВКЛ. Госці таксама змогуць прымераць сярэдневяковыя даспехі, адчуўшы іх цяжар, і зрабіць фота побач з фігурай Мікалая Радзівіла Сіроткі.
Калі: 31 кастрычніка 2025 – 31 кастрычніка 2026
Дзе: Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік "Нясвіж", вул. Замкавая, 2, Нясвіж, Мінская вобласць

Турыстычную жамчужыну Беларусі, выдатнае абарончае збудаванне XVI стагоддзя – Мірскі замак – цяпер можна даследаваць у малых і сямейных групах на экскурсіі "Падарожжа ў часе". Госці акунуцца ў мінулае знакамітай рэзідэнцыі Радзівілаў і Святаполк-Мірскіх (а цяпер – аб'екта са Спіса сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА) праз дыялогі будаўнікоў, якія захавалі 500-гадовыя сцены, а таксама кухмістра і кухаркі, што раскрываюць сакрэты гатавання ласункаў для гаспадароў у тыя часы. Гукі і галасы з мінулага дапамогуць гасцям акунуцца ў свет музыкі праз забытыя мелодыі, навучыцца адрозніваць па гучанні такія інструменты, як дуда, лютня, віёла да гамба і спінет, а таксама развучыць сярэдневяковы танец "Маразуля".
Калі: з 23 студзеня (кожныя панядзелак і пятніца)
Дзе: Мірскі замак, г.п. Мір, Карэліцкі раён, Гродзенская вобласць

Адна з самых пазнаваемых у свеце карцін Марка Шагала – "Прагулка" – з калекцыі Рускага музея ўпершыню прадстаўлена ў Мінску. Твор, які стаў часткай трыпціха разам са знакамітымі шэдэўрамі "Двайны партрэт" і "Над горадам", адлюстроўвае адзін з самых шчаслівых перыядаў у жыцці выдатнага жывапісца. Знатакоў чакае рамантычна-метафарычная прагулка маладых закаханых Марка Шагала і Бэлы Розенфельд, якія да 1917 года ўжо ўзялі шлюб, па вулачках і над любімым горадам Віцебскам. У рамках выставы рэалізаваны імерсіўны VR-праект: пры дапамозе спецыяльных акуляраў кожны зможа падысці да мальберта і памаляваць, убачыць, як жыў і тварыў майстар, разгледзець прадметы ў інтэр’еры, а таксама пачуць галасы Марка Шагала і яго жонкі-музы Бэлы.
Калі: 8 красавіка – кастрычнік 2026
Дзе: Нацыянальны мастацкі музей Беларусі, вул. Леніна, 20, Мінск

Летні музычна-турыстычны сезон, які традыцыйна праводзіўся ў Верхнім горадзе, а таксама на тэрыторыі Траецкага і Ракаўскага прадмесцяў, за больш як 10 гадоў палюбіўся жыхарам і гасцям беларускай сталіцы. У бягучым сезоне праграма праекта пашырана і выходзіць у тым ліку за межы гістарычнага цэнтра Мінска. Галоўнымі культурнымі пляцоўкамі стануць:
У дзень адкрыцця сезона 23 мая ў Верхнім горадзе пройдзе Мінскі фестываль народных рамёстваў. А на летнія выхадныя 27-28 чэрвеня запланавана "Свята льну. Роднае моднае", дзе дызайнеры прадэманструюць свае калекцыі і здзівяць новымі вобразамі з беларускага льну.
Калі: 23 мая – 12 верасня
Дзе: культурныя пляцоўкі Мінска

Фестываль ARS MAGNA ORGANI 2026 у Пінску праводзіцца ўжо шосты раз. У новым сезоне знатакоў арганнай класікі чакае 29 канцэртаў у пінскім Кафедральным касцёле Ушэсця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, у якіх прымуць удзел ужо вядомыя выканаўцы і калектывы, а таксама навучэнцы і студэнты арганных класаў з розных куткоў краіны. Урачыстае адкрыццё музычнага форуму адбудзецца 30 мая пры ўдзеле ансамбля "Камерныя салісты Мінска" пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Зубава (арган).
Калі: 30 мая – 4 кастрычніка, 16:00
Дзе: Кафедральны касцёл Ушэсця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, вул. Леніна, 18, Пінск

Vulitsa Ezha адкрывае летні сезон 2026 года адразу трыма фестывалямі і абяцае парадаваць гасцей навінкамі. Так, упершыню праект запусціў праграму падтрымкі гастранамічных ініцыятыў, дзякуючы якой на фестывалі з’явіцца больш новых імёнаў і смелых канцэпцый. Для знатакоў разнастайнасці смакаў уводзіцца дэгустацыйная карта, якая дае магчымасць паспытаць максімум страў і напіткаў. Цяпер убачыць фэст і акунуцца ў яго атмасферу можна яшчэ да афіцыйнага старту: запускаецца фармат прэпаці. У праграме – жывая музыка і кінатэатр пад адкрытым небам, кулінарная школа ад шэф-повараў, маркет з дамашнімі далікатэсамі і дызайнерскімі вырабамі ручной работы, майстар-класы, кветкавы маркет, лекцыі па хатха-ёзе, а таксама інтэрактывы для дзяцей.
Калі: 29-30 жніўня (12:00–22:00)
Дзе: Цэнтральны батанічны сад НАН Беларусі, вул. Сурганава, 2в, Мінск

У летнім маляўнічым шоу Белдзяржцырка "Фіеста" ў адпаведнасці з яго назвай (народнае свята ў Іспаніі, Партугаліі і краінах Лацінскай Амерыкі) манеж ператворыцца ў карнавальную плошчу з акрабатамі, паветранымі гімнастамі, джыгітамі на вярблюдах і дрэсіраванымі тыграмі. Гледачоў чакаюць захапляючыя акрабатычныя трукі ў нумары "Паветраны палёт", канатаходцы, якія балансуюць пад самым купалам цырка, трапныя "Арбалеты", якія ўражваюць сваёй ювелірнай дакладнасцю, віртуозны жанглёр, паветраная гімнастка на корд-дэ-парэлі, акрабат на рэйнскім коле і, вядома, клоўн – уладар усмешак і добрых сюрпрызаў, любімец дзетвары.
Калі: 20 чэрвеня – 23 жніўня
Дзе: Беларускі дзяржаўны цырк, пр. Незалежнасці, 32, Мінск
Самабытная беларуская мастачка-прымітывістка Алена Кіш вядома дзякуючы маляваным дыванам ручной работы (бел. маляваныя дываны), якія адлюстроўваюць не толькі аўтэнтычнасць культуры яе малой радзімы – вёскі Раманава Слуцкага павета, але і ўсяго мастацкага напрамку, папулярнага ў ХХ стагоддзі. Выставачны праект, прысвечаны 130-годдзю прадстаўніцы наіўнага мастацтва, чыё імя ў сусветным маштабе стаіць у адным шэрагу з Анры Русо і Ніко Пірасмані, прадставіць каля 30 маляваных дываноў, сярод якіх – работы сучаснікаў Алены Кіш, вясковых майстроў, сабраныя ў этнаграфічных экспедыцыях, а таксама творы, створаныя ў 2000-я гады ў час першых творчых пленэраў, прысвечаных памяці мастачкі.
Калі: 11 чэрвеня – 31 жніўня
Дзе: галерэя "Лабірынт", Нацыянальная бібліятэка Беларусі, пр. Незалежнасці, 116, Мінск
Як жыве Вялікі тэатр? Што адбываецца на сцэне, пакуль гледачы адпачываюць? І якія сакрэты захоўваюць з іншага боку заслоны? Аб гэтым можна даведацца на экскурсіях, якія праводзяць для гасцей у галоўным тэатры краіны. Гіды раскажуць пра насычанае жыццё тэатра, тонкасці стварэння рэквізіту, касцюмаў і дэкарацый, пра магчымасці сцэны, пра самыя цікавыях старонкі гісторыі. У будні наведвальнікі могуць убачыць пажарную заслону, паназіраць за падрыхтоўкай да вячэрняга спектакля, а таксама ўбачыць, як ствараюцца масіўныя дэкарацыі і паразмаўляць з майстрамі тэатральнага адзення.
Калі: 18, 19, 20, 21, 22, 25, 26, 27, 28, 29 жніўня
Дзе: Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі, пл. Парыжскай Камуны, 1, Мінск

XIV рэгіянальны фестываль "Гальшанскі замак", які пройдзе ля сцен старажытнай рэзідэнцыі магнатаў у Ашмянскім раёне, аб'яднае смак да гісторыі і мясцовых кулінарных традыцый. Пачнецца дзейства з тэатралізаванага пралога "Адзін дзень з жыцця Гальшанскага замка", а затым разгорнецца "Горад уражанняў" з выстаўкай-продажам вырабаў рамеснікаў, дзіцячай зонай, інтэрактыўнымі пляцоўкамі з сярэдневяковымі гульнямі і танцамі, фоталакацыямі і жывымі фігурамі. Гасцей чакаюць коннае шоу "Мячы і чароўныя коні", рыцарскія забавы, канцэрт "Музыка кіно" ад ансамбля салістаў аркестра "Гродзенскай капэлы", рок-канцэрт. Для жадаючых будуць арганізаваны экскурсіі па Паўночнай вежы замка і аграгарадку Гальшаны. За смак фестывалю адказвае Ашмянскі мясакамбінат, якім будуць прапанаваны дэгустацыі навінак і фірменныя стравы, якія сталі гастранамічнымі сімваламі гістарычнага месца. У меню – сакавітае парася "Гальшанскі пожаг", "Поліўка па‑гальшанску" і "Гальшанская скварка". Завершыцца фестываль дэфіле Белых Дам "Вуаль часу", вогненным шоу і начной дыскатэкай.
Калі: 1 жніўня
Дзе: Гальшанскі замак, аг. Гальшаны, Ашмянскі раён, Гродзенская вобласць

Акунуцца ў дзіўны свет лёну запрашае IX фестываль "Ільняная карусель" у Карме – краі, дзе, як і шмат стагоддзяў таму, вырошчваюць і апрацоўваюць лён. На самабытным свяце разгорнецца мноства інтэрактыўных пляцовак. Пра льняныя ўзоры раскажа "Роднае. Моднае", пра традыцыйны цыкл вырошчвання і перапрацоўкі лёну жадаючыя даведаюцца на пляцоўцы "Ад зерня да рушніка", таксама гасцей запросяць акунуцца ў атмасферу "Льнянога вяселля", "СпортЛён-Style". Будуць працаваць і традыцыйныя беларускія падворкі "Льняной вёскі" – "Хлебнае", "Крупяное", "Бульбяное", "Капуснае", "Травяное". Энергію і драйв абяцае маладзёжная пляцоўка па сучасных танцах "Ільно Дэнс". Сувенірамі здзівіць выстаўка-продаж дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва "Горад майстроў". Таксама ў праграме – ільняны парад, ільняное дэфіле, ільняныя пачастункі, музычныя выступленні, майстар-класы, экспазіцыя музея лёну пад адкрытым небам, работа гандлёвых радоў і шмат іншага. Ключавая фігура фестывалю – міфалагічны персанаж палявой гаспадыні – Клюсымка. Таксама па традыцыі створаць вобраз-сімвал – стылізаваную льняную карусель, якая захоўваецца і перадаецца святу наступнага года.
Калі: 1 жніўня
Дзе: г.п. Карма, Гомельская вобласць

Фестываль, які праводзіцца ДПУ "Ландшафтныя заказнікі рэспубліканскага значэння "Сярэдняя Прыпяць" і "Прастыр", атрымаў сваю назву ў гонар палескай рыбы – уюна. Брэндавае мерапрыемства рэгіёна адбудзецца пяты раз ужо. "Палескі ўюн" прысвечаны абароне і захаванню дзіўнай прыроды тутэйшых мясцін, а таксама самабытным традыцыям палешукоў. Гасцей чакае насычаная праграма: шоу "Феерыя вады і пены" ад МНС, экалагічная выстаўка, майстар-класы і кірмаш рамеснікаў, выступленне кінолагаў, дзіцячы гарадок з мноствам забаў і, вядома, традыцыйны конкурс "Бітва на чарпаках". У гэтым годзе ў ім прымуць удзел дзевяць каманд, якія будуць спаборнічаць у прыгатаванні верашчакі – традыцыйнай палескай стравы. Святочную атмасферу створаць творчыя калектывы Пінска і Пінскага раёна, а завершыцца дзень лазерным шоу і маляўнічым салютам.
Калі: 1 жніўня
Дзе: эколага-турыстычны комплекс "Цішыня", в. Гарадзішча, Пінскі раён

Свята беларускай гасціннасці, кірмашовых забаў і майстроў сваёй справы ў Бешанковічах заснавана на багатай гісторыі краю. У XVIII-XIX стагоддзях тут праходзіў адзін з буйнейшых кірмашоў на тэрыторыі Беларусі. Ён быў другі пасля Зэльвенскага, доўжыўся чатыры тыдні. На беразе Заходняй Дзвіны, з самай паўднёвай кропкі цячэння, збіраліся купцы – гэта была сярэдневяковая біржа, дзе дамаўляліся аб пастаўках на год наперад. Ад гістарычнага кірмашу сучаснае свята атрымала ў спадчыну і традыцыю – крамы майстроў, якія разбіты па профілях дзейнасці: саламяная, ганчарная, кавальская, вышывальная, ткацка-вязальная і інш. Назва "Бешанковіцкі раёк" мае некалькі сэнсаў. Ад слова "рой" – як пчаліны рой, дзе ўсе працуюць разам. Ад слова "рай" – маленькі рай на Віцебшчыне, дзе добра і жыць, і працаваць, і адпачываць. Але самае галоўнае значэнне закладзена ў слове "раёк" – народны тэатр, які выкарыстоўваўся на кірмашы ў XVIII стагоддзі. Ён лічыцца папярэднікам тэлевізара. Гэта домік з павелічальным шклом, дзе паказвалі карцінкі з замежнымі навінамі. І ў Бешанковічах такі раёк аднавілі: гасцям пакажуць карцінкі з падзеямі фестывалю мінулых гадоў. У праграме – мноства мерапрыемстваў: выступленне мажарэтак і барабаншчыц, парад парасонаў, "Бал графа Храптовіча" і квест "Падзямелле графа Храптовіча", канцэрт з удзелам творчых калектываў і музыкантаў, гістарычная рэканструкцыя, конкурс "Бульбашы ў Бешанковiчах на кiрмашы", дзе прадставяць бульбяныя шэдэўры, гастразона "У Бахціхі-куціхі" і інш.
Калі: 1 жніўня
Дзе: г.п. Бешанковічы, Віцебская вобласць

Знакаміты фестываль этнакультурных традыцый, які праходзіць раз у два гады, зноў будзе здзіўляць гасцей унікальнасцю і самабытнасцю нацыянальнай беларускай культуры. Гасцей чакае сапраўднае падарожжа ў мінулае: палескія падворкі з традыцыйным укладам жыцця, інтэрактыўныя пляцоўкі, жывая аўтэнтычная музыка і цікавыя майстар‑класы ад рамеснікаў. Арганізатары запрашаюць пазнаёміцца з народнымі абрадамі, фальклорам і іскрамётным палескім гумаром, убачыць прыгажосць старажытнага краю ў даліне Прыпяці і пачуць звонкі голас Палесся. У 2026 годзе галоўнай тэмай фестывалю стане жаночы вобраз Палесся, які па-асабліваму загучыць у Год беларускай жанчыны. Кожны з раёнаў-удзельнікаў прадставіць жаночыя вобразы, як гістарычныя, так і сучасныя, якімі ганарацца, тых прадстаўніц, якія ўнеслі неацэнны ўклад у развіццё прыпяцкай зямлі. Цырымонія адкрыцця свята пройдзе на галоўнай сцэне з удзелам прадстаўнікоў усіх раёнаў Прыпяцкага Палесся. Вячэрняя праграма парадуе традыцыйным святам прыгажосці і грацыі "Палеская прыгажуня", а пасля прадоўжыцца сучаснай гісторыяй з народным каларытам – праграмай "КаверХорШоу" з удзелам лепшых народных калектываў Беларусі, гасцей з Расіі. Усіх жадаючых запросяць у захапляючы квест "У пошуках Цмока", заснаваны на старажытнай легендзе аб існаванні чарадзейнага Цмока (дракона) – абаронцы прыроды, які дапамагаў беднякам і караў прагных. Каля 12 гадзін будзе доўжыцца фестываль на розных лакацыях. Арганізатары анансуюць каля 3 тысяч удзельнікаў і 50 тысяч гасцей. Па маштабах фэст абяцае стаць рэкордным за ўсю гісторыю правядзення.
Калі: 15 жніўня
Дзе: нацыянальны парк "Прыпяцкі", аг. Ляскавічы, Петрыкаўскі раён, Гомельская вобласць
"Балбатлівая жонка", "Матулін клопат". Батлеечныя спектаклі пакажуць на "Клічы Палесся"

Незвычайны фестываль "Ноч кажаноў" пройдзе ў нацыянальным парку "Прыпяцкі" ў фінале каляндарнага лета. У першы дзень удзельнікаў запросяць на "дзікую" лекцыю "Тайны змрочных паляўнічых". "Мы раскажам аб самых уражальных фактах аб кажанах, развянчаем страхі і адкрыем іх дзіўную ролю ў прыродзе", - адзначылі арганізатары. Пераўвасобіцца ў азартнага даследчыка можна будзе ў час навуковага квеста "Код начнога ценю", а на творчым майстар-класе - стварыць сваімі рукамі сувенір з кажанамі. Далей удзельнікаў чакаюць вячэра на свежым паветры і начная экскурсія "Галасы цемры". "З дапамогай спецыяльных прыбораў будзем слухаць кажаноў і начны лес, назіраць за іх сілуэтамі ў вячэрнім небе. Нашы вучоныя паспрабуюць адлавіць рукакрылых, каб кожны ўдзельнік убачыў, як праводзяцца навуковыя даследаванні, і мог разгледзець гэты цуд прыроды бліжэй", - падкрэслілі ў нацпарку. Таксама ў праграме ўтульныя пасядзелкі ля вогнішча і забавы. У другі дзень фестывалю запланавана ў тым ліку экскурсія па экасцежцы "Шэпт лесу", у час якой можна прагуляцца па маляўнічых мясцінах з гідам, даведацца пра сакрэты мясцовай флоры і фаўны і адчуць, як прырода напаўняе энергіяй.
Калі: 29–30 жніўня
Дзе: нацыянальны парк "Прыпяцкі", аг. Ляскавічы, Петрыкаўскі раён, Гомельская вобласць

Рыцарскі фестываль у старажытным Мсціславе ў 2026 годзе прысвечаны сярэдневяковаму вулічнаму мастацтву. Адкрыецца праграма тэатралізаваным шэсцем пры ўдзеле хадулістаў, жанглёраў, фокуснікаў, танцораў, артыстаў, музыкантаў. Цэнтрам падзей стане Замкавая гара, дзе разгорнуцца тэматычныя шатры, музычныя пляцоўкі, майстэрні рамеснікаў. Тут госці змогуць паўдзельнічаць у інтэрактывах, прадэгуставаць напіткі і стравы, набыць вырабы ручной работы. Кульмінацыяй свята стануць маштабныя бугурты, рыцарскія турніры, штурм і захоп замка, тэатралізаваны паказ ад конна-гістарычнага клуба "Залатая шпора", выступленне ўдзельнікаў клуба "Шатландская пяхота". Прадоўжаць вячэрнюю праграму фэсту канцэрт фальклорных калектываў, захапляючыя вогненнае і неонавае шоу.
Калі: 1 жніўня
Дзе: Замкавая гара, Мсціслаў, Магілёўская вобласць

Адно з самых смачных свят жніўня - "Іўеўскі памідор" - адкрыецца тэатралізаваным шэсцем "Ураджайны трыумф" па вуліцах "таматнай сталіцы" з выхадам на набярэжную сажалкі, дзе адбудзецца адкрыццё. Гасцей чакаюць тэматычныя мерапрыемствы: сакавітая шоу-праграма "Асарці-тамаці-паці-плюс "Таматль", дзённае флайборд-шоу, канатная пераправа "Азёрны экспрэс", эстрадны канцэрт "Таматны рытм", розыгрыш латарэі "Шчасліўчык Іўеўскага памідора-2026". Самай відовішчнай падзеяй стане памідорная шоу-бітва "Іўе-дэ-таматэйра". У другі дзень праграма прадоўжыцца спелай рэтра-дыскатэкай і канцэртам інструментальнай музыкі.
Калі: 8–9 жніўня
Дзе: Іўе, Гродзенская вобласць

Абласны фестываль-кірмаш, прысвечаны кераміцы і народнай творчасці, збярэ ля старажытных сцен Крэўскага замка майстроў з розных куткоў Беларусі, якія прадэманструюць публіцы свае новыя работы, паспаборнічаюць у рамястве паміж сабой, а таксама падзеляцца сакрэтамі вытворчасці гліняных вырабаў на майстар-класах. Госці фестывалю змогуць пабываць на агляднай экскурсіі па замкавай тэрыторыі, а затым наведаць выставу-кірмаш вырабаў народных умельцаў і іх майстар-класы, атрымаць асалоду ад музычнай праграмы пры ўдзеле мясцовых творчых калектываў.
Калі: 8 жніўня
Дзе: аг. Крэва, Смаргонскі раён, Гродзенская вобласць

Экафестываль у біялагічным заказніку "Спораўскі" збярэ лепшых касцоў з усёй краіны на чэмпіянат па ручной касьбе. Удзельнічаць могуць каманды мужчынскія, жаночыя, змешаныя. Правілы спаборніцтва застаюцца нязменнымі: камандзе з двух чалавек трэба скасіць паласу даўжынёй 100 м (не менш як 1,5 м шырыні на кожнага), а затым удзельнікі - як мужчыны, так і жанчыны - з найлепшымі вынікамі будуць змагацца ў асабістым першынстве. Галоўныя крытэрыі для журы ў ацэнцы іх майстэрства - хуткасць і якасць касьбы. Таксама ў рамках свята адбудзецца турнір па футболе на балоце, дзе за званне мацнейшых будуць змагацца каля дзесяці каманд. Акрамя відовішчных спаборніцтваў, госці змогуць абучыцца сплаву на байдарках, настольным спартыўным гульням, пакатацца на мотадэльтапланах і квадрацыклах, а таксама наведаць станцыю кальцавання птушак "Ясельда".
Калі: 8 жніўня
Дзе: рэспубліканскі заказнік "Спораўскі", в. Высокае, Бярозаўскі раён, Брэсцкая вобласць

Каравай-фэст, прысвечаны пякарскаму майстэрству, ужо 5-ы раз адбудзецца на радзіме знакамітай "Бацькавай булкі" і збярэ прафесіяналаў у гэтай справе з усёй краіны. Упершыню ў рамках фэсту разгорнецца інтэрактыўная пляцоўка "Гаспадыня", прысвечаная Году беларускай жанчыны, дзе мясцовыя гаспадыні здзівяць кулінарнымі шэдэўрамі з пшанічнай мукі. Госці акунуцца ў жыццё Яго Вялікасці Хлеба ад зярнятка на раллі да каравая, прайшоўшы па займальным экскурсійным маршруце "Ад зярна - да хлеба". Таксама ў праграме - эстафета "Бацькава міля", конкурс пекараў-аматараў "Матулiн каравай", "Трактар-шоу". Асаблівым здавальненнем стануць майстар-класы па выпечцы хлеба, дзе пры дапамозе вопытных майстроў усе жадаючыя з хлебабулачных вырабаў зробяць карціны, геаграфічныя карты, кнігі, дамы і нават старажытныя замкі ў мініяцюры!
Калі: 15 жніўня
Дзе: Свіслач, Гродзенская вобласць

Унікальны падзейны брэнд Гродзенскага краю - "Ганненскі кірмаш" у Зэльве - у жніўні адзначыць 305-годдзе! Яшчэ з ХVIII стагоддзя тут штогод разгортваўся адзін з буйнейшых кірмашоў у Еўропе па гандлі коньмі. У сярэдзіне XIX стагоддзя, паводле ацэнак некаторых гісторыкаў, кірмаш у Зэльве каціраваўся як другі ў Еўропе пасля Лейпцыгскага. У нашы дні кірмаш адрадзіўся, толькі ўжо ў фармаце каларытнага свята. У юбілейным сезоне "Ганненскі кірмаш" адкрыецца тэатралізаваным паказам з касцюміраваным шэсцем: акцёры адновяць адну са сцэн кірмашу ХVIII стагоддзя. У праграме-2026 - турніры коннікаў, катанне на конях, кірмаш рамеснікаў, конкурс пленэр-майстроў, конныя шоу і выступленні зорак эстрады.
Калі: 21–22 жніўня
Дзе: Зэльва, Гродзенская вобласць

Экстрэмальныя спаборніцтвы па гонках з перашкодамі Bison Race прадаўжаюцца і ў самы гарачы сезон. Нагадаем: у мінулай гонцы ў Брэсце прынялі ўдзел больш за 900 удзельнікаў з Беларусі, Расіі і Таджыкістана, якія пераадолелі трасу даўжынёй 7 км з 20 перашкодамі! На гэты раз у праграме двухдзённага "марафону" ў Сілічах - забегі на дыстанцыях Long, Ninja Track 400 m, начны Sprint, Team Race, Sprint, Bison Kids. Удзельнікі будуць змагацца за медалі з мацнейшымі спартсменамі.
Калі: 22–23 жніўня
Дзе: Рэспубліканскі гарналыжны цэнтр "Сілічы", Лагойскі раён

Адзін з самых аўтэнтычных фестываляў Віцебшчыны "Шлях Цмока" запрашае адправіцца ў міфапаэтычнае падарожжа, прысвечанае загадкавай істоце беларускага фальклору - крылатаму захавальніку азёр і падземных скарбаў. Удзельнікі пабываюць "У краі Міфаў", дзе сустрэнуць персанажаў легенд, разгадаюць старажытныя сімвалы, прымуць удзел у інтэрактыўных сцэнках і паслухаюць казачнікаў ля дубоў-волатаў. Акрамя таго, прадугледжаны тэатральныя паляны, дзе можна паглядзець лялечныя і драматычныя пастаноўкі паводле матываў народных паданняў, рамесныя майстар-класы і дзіцячыя лакацыі з гульнямі, атракцыёнамі і аніматарамі. Наведвальнікаў вячэрняй праграмы чакае музычная гісторыя "Ля гнязда Цмока", дзе выступяць этнічныя і рок-групы, і маштабнае вогненнае шоу, якое разыгрывае бітву стыхій.
Калі: 22–23 жніўня
Дзе: Бярэзінскі біясферны запаведнік, в. Домжарыцы, Лепельскі раён, Віцебская вобласть

Адзін з самых значных стартаў у спартыўным календары - Адкрыты Кубак Беларусі па мастацкай гімнастыцы - збярэ мацнейшых грацый краіны. Асаблівасць турніру - фармат асабістага і каманднага першынства. У індывідуальнай праграме спаборніцтвы праводзяцца па кубкавай сістэме на выбыванне: па жараб'ёўцы фарміруюцца каманды з трох гімнастак - па адной спартсменцы з узроставых груп 2010 года нараджэння і старэйшых, 2011-2012 гг. і 2013-2014 гг. Усяго ў фінал індывідуальнага мнагабор'я выходзяць 8 каманд. У праграме жніўня-2026 - індывідуальнае мнагабор'е, групавыя практыкаванні, асабістае першынство, камандны фармат, фінал у групавых практыкаваннях, выступленні па праграме Міжнароднай федэрацыі гімнастыкі (FIG).
Калі: 26–31 жніўня
Дзе: Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па мастацкай гімнастыцы, пр. Пераможцаў, 112, Мінск

Галоўны музычны, гастранамічны і забаўляльны опэн-эйр жніўня - LIDBEER - вяртаецца ў летнюю праграму сезона-2026. Правядзенне фестывалю, прысвечанага 150-годдзю кампаніі "Лідскае піва", супадае са святкаваннем Дня горада. Мінулы год у гісторыі фэсту з больш як 10-гадовай гісторыяй запомніўся рэкордамі: усяго лідскае свята наведалі больш за 63 тысячы меламанаў, а госці кіламетровага фуд-корта выпілі 52,5 тыс. л напіткаў! На гэты раз арганізатары абяцаюць гледачам незабыўныя эмоцыі і ўражанні ад сустрэчы з любімымі выканаўцамі. У лайн-апе фестывалю-2026 заяўлены: беларускі кавер-бэнд IODO BAND, расійская рок-група ГУДТАЙМС, лідар групы "Сэнсавыя галюцынацыі" Сяргей Бабунец, KaS, ПАКОЙ КУЛЬТУРЫ, салістам якой з'яўляецца Жэня Трафімаў, і рамантычная МакSім.
Калі: 28–30 жніўня, 12:00
Дзе: Ліда, Гродзенская вобласць

Праект "Музыкатэрапія. Шэдэўры", які з'яўляецца аўтарскай распрацоўкай Міжнароднага Цэнтра Музыкатэрапіі, з красавіка 2024 года праводзіцца ў беларускай сталіцы. У праграме - самыя яркія і вядомыя творы класічнай музыкі з відэасуправаджэннем на вялікім праекцыйным экране і эфектам зорнага неба. У атмасферы прыглушанага святла і свечак слухачам прапануюць зрабіць падарожжа па розных эпохах у развіцці сусветнай музыкі - ад загадкавага і велічнага барока да маляўнічага імпрэсіянізму, паслухаць прыгожую музыку самых вядомых кампазітараў усіх часоў - Гендэля, Баха, Рахманінава, Шапэна, Дэбюсі і іншых, музычную спадчыну якіх ведаюць і цэняць ва ўсіх кутках зямнога шара.
Калі: 29 жніўня, 18:00
Дзе: Беларуская дзяржаўная філармонія, пр. Незалежнасці, 50, Мінск