Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Падзеі, факты, анонсы

Падзеі, факты, анонсы

31 Jan 2017

Каляндар падзей у Беларусі: люты 2017

Арт-праект "Спадчына Беларусi ў сусветным спiсе ЮНЕСКА"Міжнародная выстава "Ад Лісабона праз Мінск да Уладзівастока"

Арт-праект "Спадчына Беларусi. Адноўленыя архітэктурныя каштоўнасці"

Арт-праект "Спадчына Беларусi ў сусветным спiсе ЮНЕСКА"На працягу ўжо некалькіх гадоў мінчане і госці сталіцы знаёмяцца з выдатнымі мясцінамі Беларусі, якія ведаюць ва ўсім свеце. унікальнасць якіх прызнаецца ва ўсім свеце. У гэтым годзе галерэя пад адкрытым небам аб'яднала больш як 100 рэпрадукцый з адлюстраваннем помнікаў архітэктурнай спадчыны, сярод якіх гарадскія ратушы, сядзібы і палацава-паркавыя комплексы, праваслаўныя і каталіцкія храмы, адроджаныя за апошнія дзесяцігоддзі ў розных рэгіёнах краіны. Аўтары арт-праекта – вядомыя фатографы, журналісты, лаўрэаты прэміі "За духоўнае адраджэнне" (2005) Аляксандр Аляксееў і Алег Лукашэвіч, якія ў 2004 годзе выпусцілі фотаальбом "Спадчына Беларусі", што стаў сапраўдным хітом продажаў у гісторыі нацыянальнага кнігавыдання: з 2004 па 2014 год прададзена больш як 42 тысячы экзэмпляраў.

Калі: з 21 мая 2016 года
Дзе: Мінск, парк імя Чалюскінцаў

Выстаўка "Час цудаў. Зімовыя святы і забавы"

Выстаўка "Час цудаў. Зімовыя святы і забавы"Інтэрактыўная выстаўка "Час цудаў. Зімовыя святы і забавы" ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі запрашае зрабіць навагодняе падарожжа ў прасторы і часе: сустрэць прыход зімы, прыняць удзел у калядных гуляннях, варажбе, а таксама адзначыць, бадай, самае каларытнае свята старажытнаславянскага календара – Масленіцу.  У рамках экскурсіі можна пабываць у сялянскай хаце, доме гараджаніна канца XIX – пачатку ХХ стагоддзяў, а таксама ў савецкай кватэры з традыцыйным наборам навагодніх атрыбутаў – шампанскім, Дзедам Марозам пад ёлкай і "Блакітным агеньчыкам". Акрамя таго, наведвальнікі змогуць паспрабаваць сябе ў ролі батлеечніка і паказаць калядны спектакль, азнаёміцца са старадаўнімі рэцэптамі беларускай кухні, а таксама зрабіць памятнае фота на санях і ўнутры навагодняга шара.

Калі: 11 лістапада 2016 – 28 лютага 2017
Дзе: Мінск, Нацыянальны гістарычны музей Беларусі

Міжнародная выстава "Ад Лісабона праз Мінск да Уладзівастока"

Міжнародная выстава "Ад Лісабона праз Мінск да Уладзівастока"На завяршэнне Года культуры міжнародны арт-праект, які традыцыйна праводзіцца пад эгідай ЮНЕСКА, сабраў у Мінску лепшыя работы 30 сучасных мастакоў з 28 еўрапейскіх краін – ад Лісабона да Уладзівастока – і прадставіў найноўшыя тэндэнцыі выяўленчага мастацтва Еўразійскага кантынента. У маштабнай экспазіцыі прадстаўлена каля 80 карцін, зусім розных па стылявых напрамках, тэматыцы і нават часе стварэння. Сімвалічна, што выстава еўрапейскага жывапісу праходзіць менавіта ў сталіцы Беларусі, якая са старажытных часоў лічыцца цэнтрам дыялогу розных народаў і культур. Асноўная задача – падкрэсліць аб'яднальную сілу мастацтва насуперак палітычным і сацыяльным супярэчнасцям у сучасным свеце.

Калі: 21 снежня 2016 – 5 лютага 2017 года
Дзе: Мінск, Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага
Даведацца падрабязней

Прэм’ера мюзікла Кіма Брэйтбурга "Джэйн Эйр"

Прэм’ера мюзікла Кіма Брэйтбурга "Джэйн Эйр"Пасля гучнага поспеху тэатральных праектаў на сцэне Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра "Блакітная камея" і "Дуброўскі", а таксама нядаўняга мюзікла-комікса "Казанова" – знакаміты кампазітар, заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі Кім Брэйтбург прадставіць у Мінску  прэм'еру мюзікла "Джэйн Эйр" па матывах сусветна вядомага рамана англійскай пісьменніцы Шарлоты Бронтэ. Кранальная гісторыя, пастаўленая на лібрэта паэта Карэна Кавалерана, расказвае пра няпросты лёс дзяўчыны-сіраты, якая, нягледзячы на нягоды, знайшла шчасце побач са сваім каханым – сэрам Эдвардам Рочэстэрам. Гледачоў чакае відовішчны, дынамічны спектакль з рамантычным сюжэтам і музычнымі і танцавальнымі нумарамі, якія паставіла жонка маэстра – вядомы харэограф Валерыя Брэйтбург.

Калі: 3, 10 і 22 лютага
Дзе: Мінск, Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр

Праграма "Шоу гіганцкіх фантанаў. Дзіўны горад" у Белдзяржцырку

Праграма "Шоу гіганцкіх фантанаў. Дзіўны горад" у БелдзяржцыркуНовая праграма "Шоу гіганцкіх фантанаў. Дзіўны горад" адкрывае цыркавы сезон-2017 і запрашае атрымаць асалоду ад хараства больш як 600 маляўнічых фантанаў з лазернай інсталяцыяй, што ўздымаюцца з самага сэрца манежа на вышыню 18 м, а таксама захапляючымі нумарамі сусветных зорак. Прэм’ера адзінага ў свеце гастралюючага цырка са спяваючымі фантанамі адбылася ў Мінску яшчэ ў 2015 годзе і сваёй неардынарнасцю заваявала сімпатыі нават самых патрабавальных гледачоў. У гэтай праграме выступяць эквілібрысты на штэйн-трапе, паветраныя канатаходцы, акрабаты на батуце, гімнасты на рамянях, жанглёры, а таксама дрэсіраваныя мядзведзі, малпачкі, каты і, вядома, клоўнскі дуэт "Долі і Даміно" ў выкананні выдатных майстроў – заслужаных артыстаў Расіі Лады і Аляксандра Сарнацкіх.

Калі: 4 лютага – 31 сакавіка
Дзе: Мінск, Белдзяржцырк

XVI Міжнародны фестываль праваслаўных песнапенняў "Каложскі благавест"

XVI Міжнародны фестываль праваслаўных песнапенняў "Каложскі благавест"Вялікі фестываль праваслаўных песнапенняў "Каложскі благавест", які ў мінулым годзе адзначыў 15-гадовы юбілей, зноў збярэ ў Гродне царкоўныя і свецкія – дарослыя і дзіцячыя – калектывы з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы, Малдовы, Румыніі… Напярэдадні форуму пройдуць конкурсныя праслухоўванні, у якіх прымуць удзел прадстаўнікі царкоўна-прыходскіх харавых калектываў з розных рэгіёнаў краіны: лепшыя атрымаюць права выступіць у заключным туры фестывалю. Акрамя конкурсных выступленняў у праграме свята духоўнай музыкі – мастацкая выстава “Прыгажосць Божага свету”, тэматычная экспазіцыя ў Гродзенскім музеі гісторыі рэлігіі, канцэрты харавых калектываў, вечары духоўнай паэзіі і аўтарскай музыкі, а таксама прагляд і абмеркаванне фільмаў праваслаўнай тэматыкі ў гарадскіх кінатэатрах.

Калі: 6 – 11 лютага
Дзе: Гродна, Гродзенскі абласны драматычны тэатр, Свята-Пакроўскі кафедральны сабор

Легенда джаза Майк Расэл (Mike Russell) у Мінску

Легенда джаза Майк Расэл (Mike Russell) у МінскуЛегенда джаза і рытм-н-блюза, намінант прэміі "Грэмі", амерыканскі спявак і гітарыст Майк Расэл упершыню выступіць у Мінску са сваёй новай праграмай "Блюз сустракае Джаз – Джаз сустракае Блюз" сумесна з расійскім калектывам "Масква джаз-трыа" на чале з вядомым саксафаністам Даніілам Нікіціным. Фірменны стыль Майка Расэла, якога лічаць адным з самых яркіх паслядоўнікаў Джорджа Бенсана і Бі Бі Кінга, – моцны вакал, віртуознае валоданне гітарай і арыгінальная манера выканання, а таксама неверагодны па энергетыцы сплаў адразу некалькіх напрамкаў сучаснага джаза: ад свінга да джаз-рока і smooth-джаза, ад фанка да рытм-н-блюза… Цяпер майстар гастралюе па ЗША і Еўропе, а яго новы праект – група Black Heritage – уваходзіць у топ-10 вядучых еўрапейскіх чартаў. Беларускіх паклоннікаў чакае яркі вечар, у якім прагучаць лепшыя кампазіцыі зоркі сусветнага джаза.

Калі, дзе:

7 лютага – Мінск, Палац Прафсаюзаў
8 лютага – Мінск, Палац Рэспублікі, Джаз-клуб Яўгена Уладзімірава

XXIV Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш

XXIV Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмашБуйнейшы кніжны форум Беларусі і СНД збярэ ў Мінску вядучых выдаўцоў, паліграфістаў і распаўсюджвальнікаў літаратуры з Беларусі, Расіі, Украіны, Казахстана, Польшчы, Літвы, Германіі, Італіі, Швейцарыі, Францыі, Швецыі, Ірана, Палесціны, Сірыі, Турцыі, Фінляндыі, Кітая, ЗША, Карэі, Эквадора, Кубы. Пачэсным госцем выстаўкі-2017 стане Злучанае Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі, а ўпершыню сваю экспазіцыю прадставіць Грэцыя. Галоўныя тэмы форуму – 500-годдзе беларускага кнігадрукавання і юбілеі беларускіх класікаў Якуба Коласа і Янкі Купалы. У рамках праграмы адбудуцца 3-і Міжнародны сімпозіум літаратараў "Пісьменнік і час", а таксама семінар маладых літаратараў і – упершыню – узнагароджванне пераможцаў конкурсу маладых літаратараў "Першацвет".  

Калі: 8 – 12 лютага
Дзе: Мінск, Адміністрацыйны комплекс, праспект Пераможцаў, 14 

XXVIII Музычны праект "Мінскі джаз"

XXVIII Музычны праект "Мінскі джаз"Папулярны музычны праект кіраўніка Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі – народнага артыста Беларусі прафесара Міхаіла Фінберга – з’яўляецца галоўнай джазавай падзеяй года ў краіне і штогод прыцягвае ў беларускую сталіцу знакамітых музыкантаў і выканаўцаў з усяго свету. За больш як два дзясяткі гадоў унікальны біг-бэнд, створаны маэстра яшчэ ў 1990-я гады, прадставіў больш за 80 праграм, прысвечаных творчасці сусветна вядомых кампазітараў, якія працуюць у гэтым музычным напрамку. Паклоннікаў класічнага джаза чакаюць канцэртныя праграмы "Вялікі джаз", "Зоркі шлягераў, якія любілі джаз" і "Мы з джаза" пры ўдзеле ансамбля легендарнага дырыжора, кампазітара, піяніста народнага артыста Расіі Анатоля Крола.

Калі: 9 – 11 лютага
Дзе: Мінск, клуб імя Ф.Э.Дзяржынскага

Этап Кубка свету па шорт-трэку-2017 у Мінску

Этап Кубка свету па шорт-трэку-2017 у МінскуЗаключны шосты этап Кубка свету па шорт-трэку ў сезоне 2016/2017 збярэ ў адным з буйнейшых спарткомплексаў Еўропы – Мінск-Арэне – лепшых атлетаў у гэтым відзе спорту, якія паспяхова пераадолелі кваліфікацыю на папярэдніх стартах у Солт-Лейк-Сіці, Шанхаі, Ганюне і Дрэздэне. Сярод традыцыйных фаварытаў – каманды Расіі, Паўднёвай Карэі, Канады, Кітая і Нідэрландаў. У рамках зімовага турніру ўпершыню адбудзецца розыгрыш алімпійскіх ліцэнзій на маючыя адбыцца зімовыя Гульні-2018 у паўднёвакарэйскім  Пхёнчхане. Чакаецца, што прадстаўнікі зборнай Беларусі паспаборнічаюць за 2-4 пуцёўкі на ўдзел у галоўных стартах чатырохгоддзя. Гасцей фан-зоны чакае цікавая забаўляльная праграма – навучанне і катанне на каньках, парад раставых фігур, лядовы лабірынт, снежныя горкі, вясёлыя конкурсы і спаборніцтвы...

Калі: 10 – 12 лютага
Дзе: Мінск-Арэна, канькабежны стадыён
Даведацца падрабязней

Творчы вечар Аляксандра Філіпенкі ў Мінску

Творчы вечар Аляксандра Філіпенкі ў МінскуМонаспектакль "Дэмарш энтузіястаў" прадставіць народны артыст Расіі Аляксандр Філіпенка, вядомы па ролях Азазэла ў экранізацыі рамана "Майстар і Маргарыта" Уладзіміра Бартко і Кароўева ў фільме Юрыя Кары. Назвай для творчага вечара паслужылі словы са знакамітага "Марша энтузіястаў" аб "краіне герояў, летуценнікаў і вучоных”, які выканала Любоў Арлова ў кінафільме "Светлы шлях".  На мінскай сцэне Аляксандр Філіпенка, які сам сябе называе “перакладчыкам з аўтарскага на глядацкі”, аднаўляе вобраз эпохі шасцідзясятнікаў – складанай, супярэчлівай, поўнай надзей і расчараванняў. У рамках творчага вечара прагучаць радкі з твораў рускіх класікаў ХХ стагоддзя: "Ожог" Васіля Аксёнава, "Заповедник", "Зона", "Чемодан" і "Записные книжки" Сяргея Даўлатава, а таксама вершаў Іосіфа Бродскага, Юрыя Левітанскага, Уладзіміра Высоцкага і Булата Акуджавы.

Калі: 17 лютага
Дзе: Мінск, КЗ "Мінск"

"Музыка забытага кіно". Ансамбль "Мінск-Класік"

"Музыка забытага кіно". Ансамбль "Мінск-Класік"Камерны ансамбль "Мінск-Класік" пад кіраўніцтвам лаўрэата шматлікіх міжнародных конкурсаў, стыпендыята фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі Максіма Расохі запрашае аматараў мастацтва cinema атрымаць асалоду ад музыкі з фільмаў 1960-70-х гадоў, знятых на легендарнай студыі "Беларусьфільм". У знакамітым спісе – "Леташняя кадрыля", "Дзікае паляванне караля Стаха", "Пасля кірмашу, Паўлінка", "Тры вясёлыя сцэны", "Апошняе лета дзяцінства", "Саша-Сашанька", "Траянскі конь"… Гледачы пачуюць мелодыі, якія ўжо сталі нацыянальным здабыткам, аўтарства выдатнага кампазітара ХХ стагоддзя – народнага артыста СССР Яўгена Глебава, якому ўдавалася па-майстэрску раскрыць і напоўніць зместам вобразы, філасофскія роздумы герояў, сцэны кахання і журботы.                         

Калі: 18 лютага
Дзе: Мінск, КЗ "Верхні горад"

V Форум эксперыментальных пластычных тэатраў "ПлаSтформа Мінск"

V Форум эксперыментальных пластычных тэатраў "ПлаSтформа Мінск"Адзіны форум эксперыментальных пластычных тэатраў  у Беларусі – "ПлаSтформа", які ўпершыню адбыўся ў 2013-м – набывае ўсё большы аўтарытэт далёка за межамі краіны і пашырае геаграфію ўдзельнікаў. У мінулым годзе яго гасцямі сталі артысты і рэжысёры, танцоўшчыкі і харэографы з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы і Даніі. Гледачоў "ПлаSтформы"-2017 чакаюць навінкі сучаснай харэаграфіі і пластычнага тэатра ў выкананні беларускіх і замежных калектываў у такіх актуальных напрамках як “пластычны тэатр", "тэатр танца", "мім-тэатр", "аб’ект-тэатр" і  "візуальны тэатр"... Праграму дапоўняць лекцыі, дыскусіі, творчыя сустрэчы, майстар-класы ад вядомых харэографаў, танцоўшчыкаў і тэатральных крытыкаў.  

Калі: 18 – 19 лютага
Дзе: Мінск, Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў, Палац культуры чыгуначнікаў

Канцэрт Дзяніса Мацуева "І класіка, і джаз…" у Мінску

Канцэрт Дзяніса Мацуева "І класіка, і джаз…" у МінскуВіртуозны піяніст – народны артыст Расіі Дзяніс Мацуеў – сапраўдны феномен у свеце сучаснай класічнай музыкі: сольны выканаўца, які выступае на буйнейшых сусветных сцэнах, удзельнік міжнародных фестываляў, партнёр вядучых сімфанічных аркестраў, а таксама грамадскі дзеяч, прэзідэнт дабрачыннага фонду "Новыя імёны", стваральнік і нязменны кіраўнік фестываляў для таленавітай моладзі. Дарэчы, адзін з іх – "Дзяніс Мацуеў прадстаўляе…" – адбыўся ў Мінску ў 2015 годзе. У рамках новай праграмы "І класіка, і джаз…" у беларускай сталіцы сусветна вядомы піяніст выканае творы Пятра Чайкоўскага і Джорджа Гершвіна ў суправаджэнні Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам маэстра Юрыя Ткачэнкі.      

Калі: 19 лютага
Дзе: Мінск, Палац Рэспублікі

Канцэрт "Europa Plus TV. HOT & TOP"

Канцэрт "Europa Plus TV. HOT & TOP"Маштабнае шоу аднаго з вядучых маладзёжных музычных каналаў – Europa Plus TV – збярэ на галоўнай канцэртнай пляцоўцы краіны папулярных беларускіх і замежных выканаўцаў, якія ў 2016 годзе займалі высокія радкі ў чартах айчынных тэлеканалаў і радыёстанцый. На сцэне "Мінск-Арэны" свае іскрамётныя хіты прадставяць сучасныя дыджэі і поп-зоркі: Паліна Гагарына, Аліна Артц, Юліяна Каравулава, MBAND, МОТ, ПІЦА,  Eric Saade, Alekseev, Carla’s Dreams, Burak Yeter, The Parakit, Artik і Asti, Monatik, Willy William… І на гэтым спіс не заканчваецца: у бліжэйшы час арганізатары абяцаюць парадаваць паклоннікаў новымі імёнамі і свежымі кампазіцыямі, а таксама мноствам прыемных сюрпрызаў і падарункаў...

Калі: 20 лютага
Дзе: Мінск, МКСК "Мінск-Арэна"

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі