Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

25 Feb 2015

Дар'я Домрачава перамагла ў намінацыі "Спартсменка года" конкурсу "Трыумф. Героям спорту 2014"

Дар'я Домрачава перамагла ў намінацыі

26 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Трохразовая алімпійская чэмпіёнка зімовых Алімпійскіх гульняў 2014 года ў Сочы беларуска Дар'я Домрачава прызнана лепшай у намінацыі "Спартсменка года" адкрытага публічнага конкурсу "Трыумф. Героям спорту 2014". Аб гэтым стала вядома на ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання лаўрэатаў конкурсу, якая праходзіла 25 лютага ў мінскім Палацы спорту, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Лідар нацыянальнай каманды па біятлоне Дар'я Домрачава тройчы ўзнімалася на вышэйшую прыступку п'едэстала гонару зімовай Алімпіяды-2014, атрымаўшы перамогу ў індывідуальнай гонцы, гонцы праследавання і гонцы з масавым стартам.

Акрамя Домрачавай на перамогу ў намінацыі "Спартсменка года" таксама прэтэндавалі чэмпіёнкі і медалісткі мінулагодніх топ-спаборніцтваў. Сярод іх чэмпіёнка зімовай Алімпіяды-2014 у лыжнай акрабатыцы фрыстайла Ала Цупер; бронзавы прызёр тых жа Гульняў па біятлоне ў індывідуальнай гонцы Надзея Скардзіна; сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы па мастацкай гімнастыцы ў мнагабор'і, бронзавы прызёр чэмпіянату свету ў практыкаваннях з мячом Меліціна Станюта; чэмпіёнка Еўропы па лёгкай атлетыцы (бег на 800 м), бронзавы прызёр чэмпіянату свету ў закрытых памяшканнях (бег на 800 м) Марына Арзамасава; чэмпіёнка Еўропы па цяжкай атлетыцы (вагавая катэгорыя да 69 кг) Дзіна Сазанавец; бронзавы прызёр чэмпіянату свету, чэмпіёнка Еўропы па скачках на батуце Ганна Гарчанок; бронзавы прызёр чэмпіянату свету па вольнай барацьбе (вагавая катэгорыя да 58 кг) Настасся Гучок.

Пераможца конкурсу "Трыумф. Героям спорту 2014" у намінацыі "Спартсменка года" вызначалася па выніках галасавання балельшчыкаў, якое праходзіла з 10 па 31 студзеня гэтага года. Аматары спорту таксама выбіралі лаўрэатаў конкурсу ў намінацыях "Каманда года", "Спартсмен года" і "Трэнер года". У галасаванні прынялі ўдзел амаль паўтара мільёна чалавек. Лепшых у намінацыях "За волю да перамогі", "Прарыў года", "Вынік года" і "Самы яркі спартыўны момант года" вызначала кампетэнтнае журы конкурсу. Дар'я Домрачава таксама стала пераможцай у намінацыі "Вынік года". У гэтыя дні прыма айчыннага біятлона вядзе падрыхтоўку да чэмпіянату свету-2015 за межамі Беларусі. Аднак з дапамогай відэасувязі яна даведалася і аб другой сваёй вікторыі ў намінацыі, а прыз за дачку зноў атрымала мама Ларыса Аляксееўна.

Адкрыты публічны конкурс "Трыумф. Героям спорту 2014" - сумесны маштабны праект рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання "Прэзідэнцкі спартыўны клуб", Міністэрства спорту і турызму, Нацыянальнага алімпійскага камітэта і Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі.

"Трыумф. Героям спорту 2014"

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі