24 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Супрацоўніцтва Беларусі і Кітая з'яўляецца паспяховым па ўсіх напрамках. Аб гэтым заявіў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей Алейнік 24 сакавіка на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом КНР у Беларусі Чжанам Вэньчуанем, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Сяргей Алейнік звярнуў увагу на тое, што сустрэчы ў Савеце Рэспублікі з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом КНР у Беларусі праводзяцца на пастаяннай аснове па актуальных тэмах двухбаковага парадку дня, а пытанні міжпарламенцкага ўзаемадзеяння знаходзяцца ў ліку прыярытэтных у час такіх перагавораў.
"Нашы сустрэчы даюць магчымасць абмеркаваць пытанні двухбаковага супрацоўніцтва і зверыць гадзіннікі ва ўсепагодным і ўсебаковым стратэгічным партнёрстве, - падкрэсліў ён. - Паспяховым з'яўляецца ўзаемадзеянне ва ўсіх вымярэннях".
Старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы назваў эфектыўнай работу створанага ў 2024 годзе Камітэта высокага ўзроўню па супрацоўніцтве паміж заканадаўчымі органамі Беларусі і Кітая. Ужо прайшлі два яго пасяджэнні - у Мінску і Пекіне. На сустрэчы разглядаліся перспектывы далейшай работы гэтага камітэта. "Мы разлічваем на ўзаемадзеянне паміж кіраўніцтвам заканадаўчых органаў улады і ў гэтым годзе", - заўважыў Сяргей Алейнік.
Ён падкрэсліў важнасць таго, што ўжо ідзе дэталёвае абмеркаванне пытанняў правядзення ў 2026 годзе першага форуму рэгіёнаў Беларусі і Кітая. У прыватнасці, у час нядаўняй паездкі ў Гродна Чжана Вэньчуаня менавіта гэтыя тэмы былі ў цэнтры ўвагі.
Як расказаў Сяргей Алейнік журналістам па выніках сустрэчы з паслом КНР, на перагаворах з ім была ўдзелена асаблівая ўвага міжрэгіянальнаму супрацоўніцтву. "Разглядаецца пытанне аб вывядзенні нашага міжрэгіянальнага супрацоўніцтва ў фармат форуму рэгіёнаў. У нас кожная вобласць мае па некалькі партнёрскіх пагадненняў з правінцыямі Кітая. Падпісана больш як 100 пагадненняў, якія накіраваны на паглыбленне гандлёва-эканамічных, сацыяльна-гуманітарных сувязей паміж рэгіёнамі нашых краін. Мы дэталёва разгледзелі перспектывы правядзення форуму рэгіёнаў, які будзе праходзіць паміж Гродзенскай вобласцю і кітайскай правінцыяй Ганьсу", - адзначыў старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы.
Паводле яго слоў, да гэтага форуму далучацца і іншыя рэгіёны. "Гэта першы крок да больш сістэмнага міжрэгіянальнага супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі", - перакананы Сяргей Алейнік.
Ён таксама расказаў, што на сустрэчы ўвага была ўдзелена маладзёжнаму парадку дня, падпісанню адпаведнага пагаднення паміж маладзёжнымі аб'яднаннямі дзвюх краін. Дарэчы, гэта было прадметам разгляду на папярэднім пасяджэнні Камітэта высокага ўзроўню па супрацоўніцтве паміж заканадаўчымі органамі Беларусі і Кітая, і цяпер размова ідзе аб завяршэнні гэтай работы.
"Мы абмяркоўвалі перспектывы развіцця сувязей паміж жаночымі арганізацыямі дзвюх краін, што асабліва актуальна ў Год беларускай жанчыны. І тыя кантакты, якія былі наладжаны ў час візіту старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай у 2024 годзе ў КНР, атрымаюць прадаўжэнне ў гэтым годзе", - адзначыў Сяргей Алейнік.
Ён таксама звярнуў увагу на важнасць такіх разгледжаных тэм, як перспектывы гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва Беларусі і Кітая, якое паспяхова развіваецца ў апошнія гады, і ёсць вельмі добрая дынаміка ва ўзаемным гандлі, інвестыцыйным узаемадзеянні. "Размова таксама ішла аб тэхналагічным і прамысловым узаемадзеянні, у тым ліку ў рамках беларуска-кітайскіх Гадоў прамысловай кааперацыі, што праходзяць на працягу 2026-2027 гадоў", - паведаміў Сяргей Алейнік.
Парламентарый таксама падкрэсліў, што абмяркоўвалася і дзейнасць Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка "Вялікі камень". "Мы са свайго боку ўсяляк садзейнічаем далейшаму развіццю гэтага вымярэння ў рамках ініцыятывы "Адзін пояс, адзін шлях", - падкрэсліў Сяргей Алейнік.
На перагаворах бакі пацвердзілі ўзаемную зацікаўленасць у далейшым развіцці беларуска-кітайскага ўсепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства ў адпаведнасці з дамоўленасцямі на вышэйшым і высокім узроўнях.
Дыпламатычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікай устаноўлены 20 студзеня 1992 года. У верасні 2022 года на палях мерапрыемстваў ШАС кіраўнікі Беларусі і Кітая прынялі сумесную дэкларацыю аб устанаўленні найвышэйшага ў гісторыі ўзроўню адносін: усепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства. У сакавіку 2023 года ў ходзе дзяржаўнага візіту Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Кітай кіраўнікі дзвюх дзяржаў па выніках перагавораў прынялі сумесную заяву аб асноўных прынцыпах развіцця ўзорных адносін усепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства Беларусі і Кітая ў новую эпоху. Развіццё адносін з Кітаем з'яўляецца стратэгічным напрамкам знешняй палітыкі Беларусі. Паміж бакамі створаны механізмы рэгулярных абменаў візітамі на вышэйшым і высокім узроўнях.