23 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Праект указа "Аб мерах падтрымкі моладзі", які прадугледжвае фарміраванне ўмоў для прыцягнення і захавання маладых кадраў на прадпрыемствах, абмеркавалі на нарадзе ў Прэзідэнта Беларусі з кіраўніцтвам Савета Міністраў. Гаварылі аб мерах, якія ў асноўным датычыліся б наймальнікаў пры размеркаванні і заключэнні дагавораў аб мэтавым навучанні. Вынік абмеркавання - залішняга рэгулявання ў гэтым плане быць не павінна, расказала журналістам міністр працы і сацыяльнай абароны Наталля Паўлючэнка, паведамляе БЕЛТА.
"Мы гаварылі аб мерах, якія больш датычыліся б наймальнікаў пры размеркаванні, заключэнні дагавораў аб мэтавым навучанні. Там, дзе мы залішне апекаваць не павінны, залішніх мер рэгулявання на прававым узроўні быць не павінна, - адзначыла міністр. - Сёння мы маніторым, працуем у гэтым рэчышчы, прадаўжаем гаварыць аб тым, што гэтыя меры павінны быць сістэмнымі ў першую чаргу".
У сувязі з гэтым прапановы праекта ўказа былі разгледжаны, але не падтрыманы. "Меры стымулявання і прапановы па стымуляванні маладых спецыялістаў не абмяжоўваюцца праектам указа, які абмяркоўваўся. Мы будзем выпрацоўваць і прапаноўваць новыя ініцыятывы. А ў рамках тых, якія сёння разглядалі, - тут залішняга рэгулявання быць не павінна. Таму гэтыя меры мы пакуль адкладваем", - заявіла Наталля Паўлючэнка.
Яна расказала, што ўжо цяпер у Беларусі дзейнічае сур'ёзная сістэма мер падтрымкі маладых спецыялістаў, якія прыходзяць на першае рабочае месца. Гэта і аднаразовая выплата, і штомесячныя выплаты (надбаўкі). Асобныя меры прадугледжаны калектыўнымі дагаворамі арганізацый і прадпрыемстваў.


Напрыклад, гэтымі днямі Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб даплатах асобным катэгорыям работнікаў аграпрамысловага комплексу. Дакументам прадугледжваецца павелічэнне памеру штомесячных даплат маладым спецыялістам сельгасарганізацый з 0,46 да 1 базавай стаўкі, якая ўстанаўліваецца Саветам Міністраў для аплаты працы работнікаў бюджэтных арганізацый. Такія даплаты належаць на працягу двух гадоў з дня заключэння працоўнага дагавора (кантракта). Дадаткова ўведзены штомесячныя даплаты ў памеры 0,81 базавай стаўкі маладым спецыялістам гэтых арганізацый, якія адпрацавалі два гады і прадаўжаюць працаваць на працягу наступных трох гадоў.
Прадугледжаны заканадаўствам для маладых спецыялістаў і фіскальныя меры падтрымкі. Яны маюць права на атрыманне стандартнага падатковага выліку.
Акрамя таго, у дагавор аб мэтавым навучанні могуць уключацца пункты аб даплатах да стыпендыі з боку арганізацый-заказчыкаў.
"Усе гэтыя меры сістэмныя", - падкрэсліла Наталля Паўлючэнка.