30 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пад кіраўніцтвам старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай прайшло чарговае пасяджэнне экспертнага савета, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
На парадку дня - праект закона "Аб змяненні законаў", якім карэкціруюцца законы ад 4 лістапада 2003 года "Аб дзяржаўнай дактыласкапічнай рэгістрацыі", ад 21 ліпеня 2008 года "Аб Дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь", ад 11 лістапада 2008 года "Аб органах пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь", ад 4 студзеня 2010 года "Аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь".
Праектам закона "Аб дзяржаўнай дактыласкапічнай рэгістрацыі" прадугледжана правядзенне дзяржаўнай дактыласкапічнай рэгістрацыі замежных грамадзян, асоб без грамадзянства і грамадзян Рэспублікі Беларусь на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з пералікам асоб, якія падлягаюць абавязковай дактыласкапічнай рэгістрацыі.
Рэалізацыя палажэнняў праекта закона будзе садзейнічаць забеспячэнню грамадскай бяспекі і бяспекі жыццядзейнасці насельніцтва, зніжэнню ўзроўню злачыннасці і крыміналізацыі грамадства, а таксама забеспячэнню нацыянальнай бяспекі ў частцы своечасовага папярэджання, выяўлення і спынення экстрэмісцкай дзейнасці, устанаўлення асоб, маючых дачыненне да такой дзейнасці.
Яшчэ адно важнае пытанне ў сферы ўвагі экспертаў на сённяшнім пасяджэнні - праект закона "Аб змяненні кодэксаў па пытаннях адміністрацыйнай адказнасці". Праектам закона карэкціруюцца палажэнні Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях у мэтах узмацнення або ўвядзення адміністрацыйнай адказнасці за правапарушэнні, звязаныя з неналежным утрыманнем населеных пунктаў, тэрыторый ляснога фонду і іншых тэрыторый.
Як адзначыў міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Масляк, укараненне новых норм дасць магчымасць больш эфектыўна рэагаваць на парушэнні, звязаныя з утрыманнем тэрыторый, і забяспечыць належны кантроль за выкананнем экалагічных стандартаў.
"Гэты праект закона выклікаў вялікую цікавасць і ў экспертаў, і ў грамадскасці. Мы атрымалі вельмі шмат заўваг і прапаноў", - падкрэсліў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Міхаіл Русы. Парламентарый дадаў, што канструктыўныя заўвагі і рэкамендацыі экспертаў дадуць магчымасць стварыць больш збалансаваны і эфектыўны нарматыўны акт.
Наталля Качанава акцэнтавала ўвагу на неабходнасці растлумачальнай работы з насельніцтвам і наяўнасці неабходных умоў для падтрымання парадку, у прыватнасці дастатковай колькасці урнаў. "Чаму мы сёння запрасілі прадстаўнікоў дэпутацкага корпуса? Гэта неабходна для дыялогу з людзьмі, для таго каб данесці да іх важнасць тых ці іншых рашэнняў", - адзначыла спікер.
Старшыня Савета Рэспублікі таксама падкрэсліла, што кожная юрыдычная асоба павінна забяспечыць навядзенне парадку на сваёй тэрыторыі. Неабходна звярнуць асаблівую ўвагу на гэта. Спікер абазначыла ключавыя напрамкі работы, якія патрабуюць увагі і актыўнага ўключэння як дэпутатаў, так і прадстаўнікоў выканаўчай улады для стварэння камфортнага асяроддзя.
Члены экспертнага савета ў цэлым падтрымліваюць праект закона "Аб змяненні кодэксаў па пытаннях адміністрацыйнай адказнасці", паколькі яго прыняцце створыць умовы для дзейснага кантролю за станам добраўпарадкавання населеных пунктаў, лясоў і іншых тэрыторый, належным утрыманнем аб'ектаў рэспубліканскай і камунальнай уласнасці.
У працэсе заканатворчасці максімальна задзейнічаны патэнцыял экспертнага савета пры Савеце Рэспублікі. Гэта своеасаблівы фільтр важнейшых для краіны заканадаўчых рашэнняў. Кожны нарматыўны прававы акт, які прадугледжвае канцэптуальнае змяненне прававога рэгулявання тых ці іншых адносін, разглядаецца на экспертным савеце з прыцягненнем шырокага кола спецыялістаў. Вынікі праведзенай работы пацвярджаюць, што функцыянаванне дадатковага экспертнага фільтра дае магчымасць прымаць узважаныя і абдуманыя рашэнні, усебакова разглядаць прапанаваныя навацыі і ацэньваць патэнцыяльныя рызыкі ад іх рэалізацыі на практыцы. З пачатку яго работы разгледжана 314 дакументаў, з якіх падтрымана без заўваг 90 (каля 30 працэнтаў).