Выступленне Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі на цырымоніі ўручэння прэміі "За духоўнае адраджэнне", спецыяльных прэмій дзеячам культуры і мастацтва і "Беларускі спартыўны Алімп"
Дарагія сябры!
Паважаныя лаўрэаты!
Уладыка!
Сёння мы ўручаем унікальную прэмію. Цырымонія ўручэння прэміі "За духоўнае адраджэнне" ўжо даўно стала часткай нацыянальнай спадчыны.
Як я ўжо казаў моладзі, традыцыі - аснова нашай дзяржаўнасці. У іх наша сіла і наша будучыня, якая немагчыма без вопыту і сувязі пакаленняў. На гэтым будуецца дзяржаўнасць.
І суверэнную Беларусь, вельмі маладую па мерках гістарычных дзяржаву, мы будавалі на аснове шматвяковай культурнай памяці, якая насычана высокай духоўнасцю і інтэлектам нашых продкаў.
Дзякуючы такой багатай і па-свойму ўнікальнай спадчыне беларусы ўвайшлі ў сусветную гісторыю самадастатковай нацыяй.
Некалькі фактаў.
Больш за тысячу гадоў таму, амаль адразу пасля Хрышчэння Русі, на нашай зямлі былі заснаваны адны з першых усходнеславянскіх цэнтраў дзяржаўнасцi, культуры, асветы - Полацкая і Тураўская епархіі.


Тут дзякуючы нашым дойлідам зарадзіліся эксклюзіўныя архітэктурныя традыцыі і формы мастацтва. У 2026 годзе мы будзем адзначаць сакральную для нас дату. Роўна 865 гадоў таму майстар Лазар Богша стварыў унікальную святыню - Крыж Еўфрасінні Полацкай.
Толькі ўдумайцеся, 865 гадоў!
Больш за пяць стагоддзяў таму ўраджэнец Полацкай зямлі Францыск Скарына выдаў "Псалтыр" - першую кнігу на ўсходнеславянскай мове.
Вядома, што друкаваная кірыліца, распрацаваная беларусам Iльёй Капіевічам, пакладзена ў аснову грамадзянскага шрыфту, уведзенага ў 1706 годзе ў Расіі.
Тэрмін "беларускае барока" вядомы ва ўсім свеце. Гэта ўнікальная з’ява ў сусветным мастацтве канца ХVIІ стагоддзя, якая распаўсюдзілася на ўсходнеславянскіх землях дзякуючы таленту нашых майстроў.


Паўтару - гэта толькі некалькі фактаў.
Таму нам ёсць чым ганарыцца, ёсць што берагчы і абараняць. Таму і будуем новы Нацыянальны гістарычны музей. Ён стане месцам нацыянальнага гонару, калыскай нашай гістарычнай памяці, крыніцай натхнення для мірнага, працалюбівага, вельмі таленавітага і творчага народа.
Дарагія беларусы!
Віншую лаўрэатаў прэміі "За духоўнае адраджэнне", спецыяльных прэмій дзеячам культуры і мастацтва і прэміі "Беларускі спартыўны Алімп" з заслужанай і абсалютна ўнікальнай узнагародай.
І запыт на яе, і задума ўрачыстага мерапрыемства, якое мы сёння праводзім тут, у Палацы Рэспублікі, у гэтыя светлыя святочныя дні, ішлі ад жыцця. Ад нашай з вамі гісторыі.


У пачатку 90-х, у першыя гады незалежнасці, вельмі актыўна гучала тэма пошуку беларускай праваслаўнай рэліквіі - Крыжа Еўфрасінні Полацкай.
І я памятаю, як, з'яўляючыся кандыдатам у прэзідэнты, у адным з інтэрв'ю сказаў журналістам: "Трэба аднаўляць эканоміку, тады і рарытэты знойдуцца".
Але ў пэўным сэнсе мы знайшлі святыню. Вельмі хутка. У сэрцы народа. Знайшлі гэты сімвал духоўнасці ў людзях, якія ў самыя кароткія тэрміны аднавілі нармальны тэмп развіцця народнай гаспадаркі. Якія, нягледзячы на безграшоўе, развівалі традыцыі народнай творчасці і іншыя віды мастацтва - зусім не камерцыйныя і на той момант, магчыма, і непапулярныя.
Знайшлі яго ў людзях добрай волі - міласэрных і бескарыслівых, якія захавалі ў такія суровыя часы ўнутраную чысціню.


Праз два гады пасля выбараў мы з заробленых усёй краінай грошай заснавалі прэмію "За духоўнае адраджэнне". З году ў год мы прысуджаем яе за тое, што зроблена па закліку сэрца. Не напаказ. У імя мастацтва. Не на продаж. На карысць краіны, а не дзеля славы.
Сёння асабліва важна разумець, што словы "духоўнасць" і "культура" цесна ўзаемазвязаны і адно без другога немагчыма, не існуюць. А культура - гэта пульс жыцця. Жыцця нашага народа.
Калі мы захоўваем матэрыяльную, творчую, духоўную спадчыну продкаў - у нас абавязкова будзе гісторыя. Калі ёсць што захоўваць, значыць, ёсць народ. Значыць, ёсць і дзяржава. Простыя ісціны. І дзякуй усім, хто ўвасабляе іх у жыццё - беражэ гістарычную памяць, культуру, духоўныя каштоўнасці.


Ідэя сённяшняга свята вельмі важная. Мы стварылі традыцыю, якая стала культурным дасягненнем ужо нашага з вамі пакалення. Яе абавязкова захаваюць нашы дзеці. Я ў гэтым абсалютна перакананы.
Перакананы, таму што ёсць вы, лаўрэаты. Творчыя і вельмі светлыя людзі. Ёсць ваш прыклад, які натхняе.
Вялікі вам за гэта дзякуй!
Віншую ўсіх вас, лаўрэатаў, нашых беларусаў з Раством! Няхай кожнаму з вас спадарожнічае поспех у справах, здзяйсняюцца ўсе мары, а сэрцы будуць напоўнены добрым настроем, цяплом і абавязкова радасцю.
Я жадаю вам самага галоўнага - міру і дабрабыту. Дзякуй вам.






