Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Улада
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Улада | Падзеі

Падзеі

21 Сак 2017

"Вельмі далёкія яны ад народа" - Лукашэнка аб актывізацыі ў Беларусі неканструктыўнай апазіцыі

21 сакавіка, Магілёў /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка расказаў аб прычынах актывізацыі ў Беларусі розных апазіцыйных структур, у тым ліку прадстаўнікоў так званай пятай калоны. Адпаведную заяву кіраўнік дзяржавы зрабіў сёння ў Магілёве ў час сустрэчы з прадстаўнікамі працоўных калектываў прадпрыемства кампаніі "Кранаспан", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Вы не хвалюйцеся, краіну мы нікому не аддадзім. Мы яе будзем трымаць разам з вамі, - сказаў Прэзідэнт. - Самы вялікі недахоп нашай так званай пятай калоны - яны вельмі ўжо далёкія ад народа".

"Ім трэба ўзбунтаваць краіну. Мара - разбурыць уладу і скінуць Прэзідэнта. Чаму - а ён не дае дзяліць краіну, заводы не прысвоіш, прыватнай уласнасці на зямлю не ўводзіць...", - адзначыў беларускі лідар.

Гаворачы аб актывізацыі ў Беларусі апазіцыйных структур, Прэзідэнт адзначыў, што гэта здарылася ў тым ліку пасля яго сустрэчы з галоўным рэдактарам апазіцыйнай газеты "Народная воля" Іосіфам Сярэдзічам, які прапанаваў сесці за агульны стол з апазіцыяй і абмеркаваць тыя ці іншыя пытанні. Кіраўнік дзяржавы расказаў, што ў прынцыпе не адхіліў гэту ідэю, але яго прынцыповая пазіцыя заключаецца ў тым, што за такім сталом павінны прысутнічаць прадстаўнікі патрыятычнай апазіцыі, якая любіць свой народ і краіну. "З іншымі я размаўляць не буду - з правакатарамі. Калі Прэзідэнт у Палац Незалежнасці за круглы стол запускае правакатараў, што падумаюць нармальныя людзі? - задаў рытарычнае пытанне кіраўнік дзяржавы. - Таму я паставіў умовы. І гэта ўзарвала гэту апазіцыйную клааку. Тыя, хто наверсе, зразумелі, што да Прэзідэнта яны не трапяць, а за стол сядуць іншыя".

"Як іншыя? Мы - начальнікі, нам адтуль грошы плацяць. А калі іншыя, значыць, іншым будуць плаціць, - расказаў кіраўнік дзяржавы аб разважаннях шэрага апазіцыйных прадстаўнікоў. - Гэта - глыбінная прычына, чаму раптам апазіцыя так моцна ў нас узбудзілася. Зразумела, яшчэ і вясенняе абвастрэнне ў некаторых".

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што заходнія арганізацыі, якія фінансуюць апазіцыю ў Беларусі, гатовы даваць грошы ў першую чаргу пры ўмове арганізацыі беспарадкаў. "Патрэбны мардабой, кроў", - сказаў ён. Што датычыцца дэкрэта нумар 3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства", Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што з пратэстам выступаюць і тыя, каго ў першую чаргу павінны датычыцца нормы адпаведнага дакумента.

"Вось яны - прычыны ўзбуджэння нашай пятай калоны", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што сітуацыя ў Беларусі кантралюемая і дэстабілізацыі абстаноўкі ў краіне не будзе дапушчана.

Лукашэнка: Пятая калона спрабуе ўзарваць абстаноўку ў Беларусі

21 сакавіка, Магілёў /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прадстаўнікі так званай пятай калоны робяць спробы ўзарваць абстаноўку ў Беларусі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сказаў сёння ў час сустрэчы з прадстаўнікамі працоўных калектываў прадпрыемстваў кампаніі "Кранаспан" у Магілёве, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Такія людзі ёсць, якім трэба ўзарваць абстаноўку ў краіне. Я іх называю пятай калонай. Ніякая гэта не апазіцыя", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што тэма бяспекі і абароны знаходзіцца выключна ў рамках прэзідэнцкіх паўнамоцтваў. "Я ўдзяляю гэтаму вельмі сур'ёзную ўвагу", - сказаў ён.

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб шэрагу сур'ёзных інцыдэнтаў, што адбыліся на дзяржаўнай граніцы за апошні час. "Я за свае гады не помню такой ночы, каб было пяць вялікіх здарэнняў", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Насцярожвае тое, што як толькі ў нас заварушылася пятая калона... Яны і самі клічуць, і жадаючыя з'явіліся арганізаваць нам тут заварушку, - адзначыў беларускі лідар. - Вы павінны разумець, што ў свеце такіх людзей не сотні тысяч, але тысячы ёсць, - спецыялістаў, якія ўчыняюць правакацыі. Імі, вядома ж, кіруюць спецслужбы пэўных дзяржаў".

Аляксандр Лукашэнка прывёў прыклад Украіны: "Гэтыя правакатары звычайна запатрабаваны там, дзе гарачыя кропкі. Гэта яны стралялі, заводзілі натоўп. Пачынаецца паніка, таўкатня, людзі адзін на аднаго ўзлуюцца і, як снежны камяк, пачынаецца гэта абурэнне. Тады чалавеку падсоўваюць зброю пачынаючы ад нажа і заканчваючы стралковай. І звычайны чалавек, які нібы прыйшоў патрабаваць сваё, становіцца баевіком. Гэта цэлая тэхналогія каляровых рэвалюцый".

Прэзідэнт выказаў меркаванне, што нехта палічыў, што Беларусь гатова для каляровай рэвалюцыі. "Выйшлі ў Магілёве 200 чалавек на плошчу на работу прасіцца. Калі ім прапанавалі работу, яны ўсе разбегліся. Гэта значыць, ім работа была не патрэбна. Арганізавалі людзей разам з пятай калонай, і пайшла гэта хваля па буйных гарадах", - заявіў Прэзідэнт.

"Там (за мяжой. - Заўвага БЕЛТА) убачылі, што ёсць попыт на правакатараў. Цяпер следства разбярэцца. Узбуджана крымінальная справа. Яны ўсяляк спрабуюць прарвацца на нашу тэрыторыю. Гэта не адзінкавы выпадак, не ў гэтым толькі годзе. Яны пастаянна то пісталеты, то кулямёты, то гранаты завозяць унутр Беларусі, - сказаў Прэзідэнт. - Я паглядзеў гэты сюжэт - там не ўсё паказалі. Мяне насцярожыла, што знойдзены аўтамат без нумара".

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, гэта сведчыць аб тым, што такая зброя была выраблена падпольна і пры выкарыстанні было б практычна немагчыма высветліць яе паходжанне. "Значыць, гэта бандыцкая зброя. Гэта мяне больш за ўсё насцярожвае", - сказаў Прэзідэнт.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі