19 верасня, Жыровічы /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час наведвання Свята-Успенскага Жыровіцкага мітрапаліцкага мужчынскага манастыра паставіў задачу прывесці ўсё на тэрыторыі комплексу ў ідэальны парадак, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы пасля прыбыцця на тэрыторыю манастыра наведаў Свята-Успенскі сабор, дзе прыняў удзел у кароткім набажэнстве і запаліў свечку перад Жыровіцкім абразам Божай Маці. Менавіта яму манастыр абавязаны сваім з'яўленнем 505 гадоў таму. У гэтым годзе споўнілася 555 гадоў цудоўнаму з'яўленню гэтага абраза, які ўваходзіць у сотню самых шануемых святынь праваслаўнага свету.
Мітрапаліт Веніямін, звяртаючыся да Прэзідэнта, выказаў словы асаблівай удзячнасці за дапамогу з боку дзяржавы ў правядзенні рэканструкцыі і рэстаўрацыі комплексу. "Дзякуй, што да 555-годдзя мы асілілі гэты аб'ём работ, усё абнавілі, зрабілі маштабна, прыгожа", - сказаў ён.
"Але да вясны яшчэ будзем працаваць. І асабліва вясной. Да Дня Перамогі, святы дзень, каб на зямлі парадак быў і ў вёсцы. Калі ўжо сяло тут (у непасрэднай блізкасці. - Заўвага БЕЛТА), трэба яго ў парадак ідэальны прыводзіць", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Тым больш што менавіта ў Жыровічах размешчаны адзін з буйных праваслаўных цэнтраў. Прэзідэнт адзначыў, што і ў Полацку, вядома, ёсць важныя праваслаўныя святыні, але менавіта ў Жыровічах - душа беларускага праваслаўя. "Калі вы згодныя, тады трэба яго рабіць, каб Гасподзь на нас не раззлаваўся", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён арыентаваў на тое, каб у краіне развіваліся рэлігійныя цэнтры розных канфесій, і дзяржава ў гэтым плане гатова аказваць садзейнічанне. "Я хачу, каб наша пакаленне дзецям пакінула гэтыя цэнтры духоўныя, - сказаў беларускі лідар. - Будзем дапамагаць. Дапамагаць мы павінны, мы не павінны ні за кога нічога рабіць. Гэта важна".
Знаходзячыся ў Свята-Успенскім саборы, Прэзідэнт звярнуў увагу на новы іканастас і спытаў, дзе цяпер стары. Кіраўніку дзяржавы растлумачылі, што ён знаходзіцца на рэстаўрацыі. Прэзідэнт папярэдзіў, каб гэты працэс быў на асаблівым кантролі, паколькі там - сапраўдныя творы мастацтва беларускіх майстроў іканапісу, і іх трэба абавязкова захаваць.
Аляксандру Лукашэнку таксама далажылі аб гісторыі манастыра і пераўтварэннях, якія адбываліся тут за апошнія гады, аб рэканструкцыі і рэстаўрацыі асноўных аб'ектаў, а таксама аб планах на будучыню. У прыватнасці, размова ішла аб будаўніцтве інтэрната для паломнікаў на тэрыторыі комплексу. Прэзідэнт даручыў у бліжэйшы час разабрацца з гэтым аб'ектам і завяршыць яго: "Калі попыт на гэта ёсць, дык трэба гэта зрабіць".
Прэзідэнт паставіў задачу прывесці ўсё ў ідэальны парадак у тэрмін да вясны наступнага года. Дзяржава, паводле яго слоў, будзе аказваць садзейнічанне, дапамагаць. Асабліва ў тым, што датычыцца ўзаемадзеяння з моладдзю, далучэння сучаснага маладога пакалення да традыцыйных каштоўнасцей і да працы, а таксама ў культывацыі зямель, вядзенні сельскай гаспадаркі.
Цяпер манастыр займае плошчу 909 га, з якіх 360 га - ворныя землі і каля 400 га - лугавыя. Прэзідэнт адзначыў зацікаўленасць з боку дзяржавы ў тым, каб у веданні манастыра было больш зямлі - колькі яны гатовы апрацоўваць, наводзіць парадак, выкарыстоўваць для вядзення сельгасработ. У сваю чаргу дзяржава гатова аказваць неабходную дапамогу, у тым ліку з закупкай сельгастэхнікі.
Аляксандр Лукашэнка, знаходзячыся на тэрыторыі Свята-Успенскага Жыровіцкага мітрапаліцкага мужчынскага манастыра, наведаў месца пахавання мітрапаліта Філарэта.