24 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дэградацыя міжнароднага права пачалася з абнулення так званых Будапешцкіх пагадненняў. Аб гэтым журналістам заявіў старшыня Камітэта дзяржбяспекі Іван Тэртэль пасля даклада Прэзідэнту Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Дэградацыя міжнароднага права пачалася, паводле нашых ацэнак, у тым ліку з абнулення так званых вядомых Будапешцкіх пагадненняў. Беларусі былі дадзены гарантыі з боку ЗША, прамыя гарантыі Лондана, Парыжа аб тым, што не будуць прыменены ніякія санкцыі, у тым ліку эканамічныя. Мы памятаем, што такое пагадненне праіснавала фактычна вельмі нядоўга, і санкцыйны рэжым быў абсалютна незаконна прыменены супраць Беларусі насуперак (пагадненням. - Заўвага БЕЛТА)", - сказаў Іван Тэртэль.
У пацвярджэнне сваіх слоў кіраўнік КДБ прывёў прыклады, звязаныя з дзеяннямі Літвы ў адносінах да Беларусі: "Гэта фактычна канфіскацыя нашых актываў у порце Клайпеды. Праблемы з нашым санаторыем, дзе лечацца дзеці, якія пацярпелі ад чарнобыльскай катастрофы, у Друскінінкаі. Арышты пажарнай і іншай тэхнікі, якая закуплена іншымі краінамі ў інтарэсах забеспячэння грамадскай бяспекі".
Іван Тэртэль указаў і на дзеянні Вялікабрытаніі ў адносінах да Беларусі. "Гэта меры, якія Вялікабрытанія рэалізавала ў адносінах да золатавалютных актываў Беларусі. Калі, я падкрэслю, у 2020 годзе Лонданам прынята рашэнне - абсалютна незаконнае - фактычна аб канфіскацыі нашых ЗВР, якія цяпер ацэньваюцца $1,5 млрд. Абсалютна незаконнае рашэнне, якое цяпер з'яўляецца зыходным пунктам для разваг многіх арабскіх дзяржаў, краін СНД: укладваць у англійскую эканоміку або не ўкладваць? На жаль, такая практыка прадаўжаецца, і мы лічым гэта прамым крадзяжом, прыкладам для іншых, што не трэба рабіць", - заявіў ён.
