Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Улада
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Улада | Падзеі

Падзеі

9 Кст 2025

СНД рыхтуецца пашырыць свой уплыў? Расказваем, у чым асаблівасць саміту Садружнасці ў Душанбэ

СНД рыхтуецца пашырыць свой уплыў? Расказваем, у чым асаблівасць саміту Садружнасці ў Душанбэ

У кастрычніку сталіца Таджыкістана прымае саміт Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Лідарам СНД трэба будзе разгледзець каля двух дзясяткаў пытанняў, але адно з іх заслугоўвае асаблівай увагі. Савет кіраўнікоў дзяржаў мае намер заснаваць фармат "СНД плюс", які прадугледжвае ўдзел трэціх краін у рабоце аб'яднання. Такі фармат узаемадзеяння з партнёрамі ўжо добра зарэкамендаваў сябе ў ШАС і БРІКС, і СНД, відаць, вырашыла пераняць іх вопыт. Ці дазволіць гэта арганізацыі пашырыць уплыў у рэгіёне і павысіць аўтарытэт на міжнароднай арэне? Давайце разбірацца.

Якія ў СНД перспектывы на міжнароднай арэне

Садружнасць Незалежных Дзяржаў - самае вялікае і, мабыць, самае вядомае інтэграцыйнае аб'яднанне на постсавецкай прасторы. Першапачаткова яно стваралася для рэгулявання адносін паміж рэспублікамі былога СССР. Не ўсе з іх далучыліся да гэтай арганізацыі. Некаторыя з часам адмовіліся ад удзелу або прыпынілі сваё членства. Але большасці краін хапіла мудрасці захаваць гэта адзінства. І цяпер на першы план выходзіць не супрацоўніцтва ў фармаце "закрытага клуба", а пашырэнне зоны ўплыву. У СНД ёсць права, а можа, нават і абавязак стаць аўтарытэтным іграком на міжнароднай арэне.

І гэтыя пытанні абмяркоўваюцца ўжо не першы год. Напрыклад, некалькі гадоў таму на саміце ў Бішкеку Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ўжо цяпер у многіх пасяджэннях органаў Садружнасці ўдзельнічаюць прадстаўнікі розных міжнародных арганізацый, а значыць, настаў час рухацца далей.

"Беларусь заўсёды была прыхільнікам спалучэння дзейнасці міжнародных інтэграцыйных аб'яднанняў з сугучнымі мэтамі і задачамі. Базавая ўмова - мы павінны падтрымліваць адзін аднаго, а не ствараць перашкоды. Лічу, што для дзяржаў - удзельніц Садружнасці могуць быць цікавы ўжо існуючыя напрацоўкі па лініі іншых нашых фарматаў, напрыклад, па такіх важных тэмах, як электронны гандаль, шырокае ўкараненне лічбавых тэхналогій, доступ да дзяржаўных закупак, зніжэнне тарыфаў тэлефоннай сувязі ў роўмінгу і многіх іншых напрамках", - заявіў беларускі лідар.

Тады, на саміце ў Бішкеку, кіраўнікі дзяржаў вырашылі заснаваць статус наглядальніка пры СНД і партнёра Садружнасці. Гэта стварыла асновы для прававога рэгулявання такіх адносін. Работа ў гэтым напрамку прынесла першыя вынікі. Чакаецца, што на саміце ў Душанбэ статус наглядальніка пры СНД будзе прадастаўлены Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Сваё рашэнне працаваць з СНД члены ШАС афіцыйна агучылі 1 верасня ў кітайскім Цяньцзіні.

Што азначае фармат "СНД плюс"

Фармат "СНД плюс" быў ініцыяваны Прэзідэнтам Казахстана Касым-Жамартам Такаевым літаральна год таму на саміце Садружнасці ў Маскве. Паводле яго слоў, гэта пляцоўка стане асновай для пашырэння рэгіянальных сувязей.

"Аўтарытэт СНД на сусветнай арэне расце. У мінулым годзе былі заснаваны статусы наглядальніка і партнёра СНД, што прадэманстравала адкрытасць і сталасць нашай арганізацыі. У працяг гэтай інстытуцыянальнай работы прапаную разгледзець пытанне заснаванне фармату "СНД плюс", - сказаў казахстанскі лідар.

Гэту ініцыятыву падтрымала і Беларусь. "Беларусь вітае ініцыятыву нашых казахстанскіх калег аб стварэнні фармату "СНД плюс" у якасці новай платформы шматбаковага супрацоўніцтва дзяржаў - удзельніц Садружнасці з міжнароднымі партнёрамі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка на нядаўняй сустрэчы з кіраўнікамі ўрадавых дэлегацый СНД.

Возьмем, напрыклад, СНД і ШАС. У гэтых арганізацый ёсць шмат агуьных інтарэсаў. У той жа гуманітарнай плоскасці. Акрамя таго, для абодвух аб'яднанняў важна барацьба з тэрарызмам, наркагандлем і незаконнай міграцыяй. Не трэба забываць і пра эканамічныя аспекты: праекты па лініі СНД маглі б знаходзіць свой працяг за межамі Садружнасці. Таму цалкам відавочна, што многія азіяцкія краіны атрымаюць пэўную выгаду ад далучэння да платформы "СНД плюс".

Што яшчэ будуць абмяркоўваць на саміце СНД у Душанбэ

Некалькі дакументаў, якія вынесены на разгляд Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД, закранаюць праблематыку супрацоўніцтва ў галіне бяспекі. На саміце ў Душанбэ, у прыватнасці, плануецца зацвердзіць праграмы супрацоўніцтва ў сферы процідзеяння тэрарызму і экстрэмізму на 2026-2028 гады, а таксама ва ўмацаванні пагранічнай бяспекі на знешніх граніцах на 2026-2030 гады, канцэпцыю ваеннага супрацоўніцтва да 2030 года.

Чакаецца, што кіраўнікі дзяржаў падпішуць дэкларацыю аб супрацоўніцтве ў сферы забеспячэння рэгіянальнай энергетычнай бяспекі, якая накіравана на аб'яднанне намаганняў у сістэмным развіцці энергетычнага комплексу як фундаменту ўстойлівага функцыянавання эканомікі, сацыяльнай стабільнасці і нацыянальнай бяспекі ва ўмовах глабальных выклікаў і хутказменлівай сусветнай кан'юнктуры.

Лідары СНД таксама маюць намер прыняць шэраг заяў - аб супрацоўніцтве ў барацьбе з транснацыянальнай злачыннасцю; аб процідзеянні адмыванню даходаў, атрыманых злачынным шляхам, фінансаванню тэрарызму і фінансаванню распаўсюджвання зброі масавага знішчэння; у сувязі з 40-годдзем катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і з нагоды 80-годдзя стварэння Арганізацыі Аб'яднаных Нацый.

Навошта СНД развівае супрацоўніцтва з ААН

У жніўні на Генеральнай Асамблеі была прынята рэзалюцыя аб супрацоўніцтве паміж ААН і СНД. У дакуменце адзначана дзейнасць Садружнасці Незалежных Дзяржаў па ўмацаванні рэгіянальнага супрацоўніцтва ў такіх галінах, як гандаль і эканамічнае развіццё, абмен статыстычнымі данымі і эканамічнай інфармацыяй, культура, адукацыя, ахова здароўя, спорт, турызм, навука і інавацыі, ахова навакольнага асяроддзя і барацьба з прыроднымі і тэхнагеннымі катастрофамі, процідзеянне арганізаванай злачыннасці і незаконнаму абароту наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і іх прэкурсораў, актам тэрарызму, праявам экстрэмізму і нелегальнай міграцыі, у іншых звязаных з гэтым сферах.

У рэзалюцыі падкрэсліваецца, што ўмацаванне супрацоўніцтва паміж ААН і СНД будзе садзейнічаць пашырэнню мэт і прынцыпаў Сусветнай арганізацыі. Інакш кажучы, СНД застаецца надзейным партнёрам для Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па забеспячэнні міжнароднага міру і бяспекі, устойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця і ажыццяўленні правоў чалавека.

Галоўнай задачай для СНД застаецца эканоміка

Чаму, калі мы гаворым пра міжнародны аўтарытэт і ўплыў на сусветнай арэне, галоўнай задачай для СНД па-ранейшаму называецца эканоміка? Усё проста: эканоміка - аснова ўсяго. Толькі на гэтым фундаменце можна пабудаваць сапраўднае лідарства.

На сустрэчы з кіраўнікамі ўрадаў СНД, пра якую мы ўжо згадвалі, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ва ўмовах цяперашняга перадзелу свету і вострай канкурэнтнай барацьбы выстаяць можна толькі разам.

"Я скажу проста, па-зямному: давайце не страцім тое, што напрацавана папярэднімі пакаленнямі нашых людзей. Давайце захаваем тое, што ў нас ёсць, - нашы эканамічныя адносіны, наш эканамічны фундамент. Давайце трымацца адзін за аднаго цяпер. Давайце не будзем бегчы ў розныя бакі, - заклікаў беларускі лідар. - Ніхто нідзе нас не чакае. Галоўнае - наша адзінства, захаваць тое, што напрацавана былымі пакаленнямі, тое, што ў нас ёсць".

Цэнтральная роля ў гэтых працэсах належыць Расіі, упэўнены Аляксандр Лукашэнка. "Яна павінна ўнесці галоўны ўклад, каб склеіць, аб'яднаць, не даць разваліцца ў гэты час нашым саюзам. Яна павінна адыграць у гэтым плане сваю ролю. А мы павінны не проста дэманстраваць, а рухацца ў гэтым напрамку, - заявіў Прэзідэнт Беларусі. - Галоўнае - гэта эканоміка. Давайце падтрымліваць гэту эканоміку на самым высокім узроўні. Давайце перш за ўсё будзем бачыць нашы краіны ў рэалізацыі тых або іншых праграм, кантрактаў, напрамкаў развіцця той ці іншай дзяржавы, падтрымліваць, наколькі мы можам, адзін аднаго. У аснову трэба пакласці справядлівасць і шчырасць, раўнапраўе нашых адносін".

Дарэчы, другі год запар тэмпы росту ВУП у дзяржавах СНД перавышаюць сярэднесусветныя. Такая тэндэнцыя, паводле слоў прэм'ер-міністра Беларусі Аляксандра Турчына, наглядна пацвярджае атрыманне канкрэтнай выгады кожнай краінай ад эканамічнай інтэграцыі ў Садружнасці. Аднак, перакананы кіраўнік беларускага ўрада, нельга спыняцца на дасягнутым і ігнараваць турбулентнасць на сусветным рынку.

Апошнім часам шмат гаворыцца пра Глабальную большасць. Краіны, якія адносяць сябе да яе, імкнуцца да супрацоўніцтва на прынцыпах раўнапраўя і ўзаемапавагі. Без дыктату і пагроз, незаконных абмежаванняў і прымушэння. Адным з лідараў гэтых працэсаў стала Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва, і непасрэдна сам Кітай. Сур'ёзным удзельнікам геапалітычных трансфармацый можа быць і СНД.

На думку Прэзідэнта Беларусі, Садружнасць Незалежных Дзяржаў павінна замацавацца як аўтарытэтная, уплывовая арганізацыя, якая на справе садзейнічае ўмацаванню раўнапраўных адносін у палітычнай і гуманітарнай сферах. Беларусь жа будзе і далей актыўна садзейнічаць умацаванню партнёрства паміж краінамі і развіццю інтэграцыі ва ўсіх формах.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі