Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Улада
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Улада | Падзеі

Падзеі

26 Май 2015

Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі і Савет рэгіянальных прадстаўнікоў Інданезіі падпісалі заяву аб супрацоўніцтве

26 мая, Мінск /Таццяна Пастушэнка - БЕЛТА/. Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі і Савет рэгіянальных прадстаўнікоў Інданезіі падпісалі сумесную заяву аб супрацоўніцтве, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Дакумент падпісаны сёння ў верхняй палаце беларускага парламента па выніках афіцыйнага візіту парламенцкай дэлегацыі Інданезіі на чале са спікерам Савета рэгіянальных прадстаўнікоў Народнай кансультатыўнай асамблеі гэтай краіны Ірманам Гусманам. З беларускага боку заяву падпісаў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч.

Пасля заканчэння цырымоніі ён растлумачыў журналістам, што дакумент увабраў у сябе ўсе дамоўленасці, дасягнутыя ў ходзе праведзеных перагавораў на вышэйшым і высокім узроўнях. "Адзін з аспектаў - тое, што мы будзем больш увагі ўдзяляць рэгіянальнаму супрацоўніцтву, і тут у нас даволі актыўна працуюць тры рэгіёны - Брэсцкая і Магілёўская вобласці, а таксама горад Мінск", - заўважыў ён. У прыватнасці, цяпер прапрацоўваецца наладжванне рэгіянальнага супрацоўніцтва паміж Магілёўскай вобласцю і правінцыяй Паўднёвая Суматра, паміж Мінскай вобласцю і правінцыямі Усходні Калімантан і Усходняя Ява, паміж Брэсцкай вобласцю і правінцыяй Заходняя Суматра, а таксама гарадамі Мінск і Джакарта. На жнівень бягучага года намячаецца візіт губернатара Паўднёвай Суматры ў Магілёўскую вобласць.

Спікер таксама звярнуў увагу на неабходнасць пашырэння двухбаковай дагаворна-прававой базы з-за няхваткі некаторых асноватворных дакументаў, якія рэгламентуюць дзейнасць бізнес-супольнасці. Яшчэ адзін пункт сумеснай заявы датычыцца падрыхтоўкі пасяджэння Беларуска-інданезійскай сумеснай камісіі па гандлёвым, эканамічным, навуковым і тэхнічным супрацоўніцтве (пятае пасяджэнне міжурадавай камісіі пройдзе ў Беларусі ў канцы чэрвеня 2015 года). "Фактычна гэтыя і іншыя пытанні будуць разглядацца членамі камісіі для таго, каб сфарміраваць своеасаблівую дарожную карту на падставе дасягнутых дамоўленасцей, якія дадуць магчымасць вывесці ўзаемны тавараабарот не менш як на $1 млрд да 2018 года, - расказаў Міхаіл Мясніковіч. - Акрамя таго, напярэдадні мы даволі падрабязна абмеркавалі пытанні сумесных прадпрыемстваў, што дыслацыруюцца ў Інданезіі, для таго каб развіваць прамысловую галіну, у тым ліку па прадуктах харчавання і па кандытарскіх вырабах".

У сваю чаргу Ірман Гусман адзначыў, што ў тэкст сумеснай заявы ўключаны дамоўленасці аб істотнай актывізацыі двухбаковага супрацоўніцтва ў самых розных галінах. Перш за ўсё размова ідзе аб узаемадзеянні ў гандлёвай і інвестыцыйнай сферах, а таксама адносна міжрэгіянальнага супрацоўніцтва. Спікер выказаў меркаванне, што абедзвюм краінам неабходна аптымальна выкарыстоўваць існуючы патэнцыял і, у прыватнасці, іх геапалітычнае становішча ў сваіх рэгіёнах. "Мы прадстаўляем Паўднёва-Усходнюю Азію, Інданезія з'яўляецца буйнейшай краінай рэгіёна, насельніцтва налічвае больш за 250 млн чалавек, а насельніцтва дзесяці краін - удзельніц АСЕАН налічвае больш за 600 млн чалавек. Як вы ведаеце, у бліжэйшы час пачне работу адзінае эканамічнае супольніцтва АСЕАН, і Інданезія будзе адыгрываць у гэтым аб'яднанні вельмі важную ролю. У сваю чаргу Беларусь з'яўляецца важным іграком у Еўразійскім эканамічным саюзе. Я лічу, што нам неабходна аптымальна выкарыстоўваць існуючыя ў нас магчымасці ў імя працвітання нашых народаў", - сказаў ён.

Акрамя іншага, у доўгатэрміновай перспектыве бакі будуць удзяляць увагу такім напрамкам супрацоўніцтва, як культура, адукацыя, навука і тэхналогіі, маладзёжная палітыка. У тым ліку плануецца арганізаваць узаемнае правядзенне Дзён культуры.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі