27 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Баляслаў Пірштук канстатуе цёплае стаўленне да беларускай дэлегацыі на зімовай сесіі ПА АБСЕ ў Вене. Аб гэтым ён паведаміў сёння журналістам па выніках візіту, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Як адзначыў віцэ-спікер, у Аўстрыі дэлегацыя Нацыянальнага сходу правяла сустрэчы з кіраўніцтвам ПА АБСЕ - яе старшынёй Крысцін Мутонен і генеральным сакратаром Раберта Мантэла, адбыліся сустрэчы з прадстаўнікамі парламентаў розных краін. "Па сутнасці, на ўсіх узроўнях да беларускай дэлегацыі было добрае, цёплае стаўленне", - канстатаваў Баляслаў Пірштук. Паводле яго слоў, Беларусь даволі пазітыўна гучала ў час выступленняў дакладчыкаў па тэмах, звязаных з сітуацыяй вакол рэспублікі. У першую чаргу пра краіну гаварылі як пра добрую міратворчую пляцоўку.
Зімовае пасяджэнне ПА АБСЕ праходзіла ў Вене 23-24 лютага. Акрамя Баляслава Пірштука ў беларускую дэлегацыю ўвайшлі старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Валерый Варанецкі і старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей Рахманаў.