Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Улада
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Улада | Падзеі

Падзеі

21 Снж 2016

Прапрацоўваецца афіцыйны візіт Прэзідэнта Грузіі ў Беларусь у 2017 годзе

21 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прапрацоўваецца афіцыйны візіт Прэзідэнта Грузіі ў Беларусь у 2017 годзе. Гэта пытанне абмяркоўвалася на сустрэчы міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея і Прэзідэнта Грузіі Георгія Маргвелашвілі 20 снежня, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе МЗС.

"На сустрэчы з Прэзідэнтам Грузіі Георгіем Маргвелашвілі бакі падкрэслілі, што адносіны паміж Беларуссю і Грузіяй заўсёды мелі дружалюбны і адкрыты характар. Адзначана, што дынаміку двухбаковаму ўзаемадзеянню надалі кантакты на вышэйшым і высокім узроўнях, якія актывізаваліся з 2015 года. Бакі таксама абмеркавалі пытанні арганізацыі афіцыйнага візіту Прэзідэнта Грузіі ў Беларусь у 2017 годзе", - паведамілі ў прэс-службе.

У МЗС падкрэслілі, што Прэзідэнт Грузіі высока ацаніў дасягненні Беларусі ў галіне сельскай гаспадаркі і выказаў зацікаўленасць у вывучэнні беларускага вопыту развіцця аграрнага сектара. У адпаведнасці з дамоўленасцямі па выніках пасяджэння міжурадавай беларуска-грузінскай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве прапанавана паскорыць рэалізацыю ў Грузіі сумеснага праекта па выпуску трактароў малой магутнасці, аказаць садзейнічанне ў падрыхтоўцы спецыялістаў-аграрыяў на базе вышэйшых навучальных устаноў Беларусі. Прэзідэнт Грузіі праінфармаваны аб супрацоўніцтве з іншымі краінамі па будаўніцтве аграгарадкоў.

Дасягнута таксама дамоўленасць аб прадаўжэнні канструктыўнага дыялогу і аказанні ўзаемнай падтрымкі ў ініцыятыве ЕС "Усходняе партнёрства".

На сустрэчы з кіраўніцтвам заканадаўчай галіны ўлады Грузіі Уладзімір Макей павіншаваў Іраклія Кабахідзэ з выбраннем на пасаду старшыні парламента і адзначыў высокі ўзровень арганізацыі парламенцкай кампаніі ў кастрычніку 2016 года. З улікам абнаўлення дэпутацкага складу ў Беларусі і Грузіі было прапанавана сфарміраваць у бліжэйшы час групы дружбы ў парламентах дзвюх краін, што дасць магчымасць павысіць эфектыўнасць міжпарламенцкага ўзаемадзеяння як на двухбаковым узроўні, так і ў розных міжнародных парламенцкіх вымярэннях.

На сустрэчы з міністрам замежных спраў Грузіі Міхеілам Джанелідзэ абмеркаваны актуальныя пытанні двухбаковага парадку дня, рэгіянальнай бяспекі, узаемадзеяння ў міжнародных арганізацыях. Бакі адзначылі, што адкрыццё пасольства Беларусі ў Грузіі дасць магчымасць вывесці двухбаковае супрацоўніцтва на новы ўзровень. "Адзначана, што ўзаемны інтарэс уяўляе рэалізацыя праектаў па развіцці энергетычных і транспартна-лагістычных калідораў, уключаючы ўдзел у эканамічным поясе Шаўковага шляху", - растлумачылі ў прэс-службе.

Станоўча ацэнена дамоўленасць аб арганізацыі ў 2017 годзе візіту ў Грузію кіраўніцтва Парка высокіх тэхналогій Беларусі для арганізацыі абмену спецыялістамі ў сферы ІТ-тэхналогій. Акрамя таго, бакі абмеркавалі магчымасць правядзення ў 2017 годзе Дзён культуры Беларусі ў Грузіі.

Адбылася таксама сустрэча міністра замежных спраў Беларусі з кіраўніком Грузінскай аўтакефальнай царквы - Каталікосам-Патрыярхам Грузіі Іліёй ІІ. Уладзімір Макей адзначыў, што кантакты і сувязі паміж Беларускім Экзархатам і Грузінскай Апостальскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквой пастаянна ўмацоўваюцца, што, безумоўна, садзейнічае яшчэ большаму духоўнаму збліжэнню народаў Беларусі і Грузіі.

Кіраўнік Грузінскай аўтакефальнай царквы высока ацаніў праводзімую ў Беларусі сацыяльную палітыку па падтрымцы насельніцтва, а таксама міратворчыя намаганні Мінска на міжнароднай арэне.

У гэты ж дзень міністры замежных спраў Беларусі і Грузіі прынялі ўдзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця пасольства Беларусі ў Тбілісі. На мерапрыемстве прысутнічалі прадстаўнікі Адміністрацыі Прэзідэнта, урада і парламента Грузіі, кіраўніцтва Міністэрства замежных спраў, мэрыі Тбілісі, дыпламатычны корпус, бізнесмены. Уладзімір Макей адзначыў, што адкрыцё пасольства Беларусі з'яўляецца якасна новым этапам у гісторыі двухбаковых адносін і будзе садзейнічаць далейшаму пашырэнню сувязей і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Грузіяй.

У адпаведнасці з фарматам афіцыйнага візіту міністр замежных спраў Беларусі ўсклаў вянок да Мемарыяла героям, якія загінулі ў барацьбе за тэрытарыяльную цэласнасць Грузіі.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі