15 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь заклікае не палітызаваць барацьбу са злачынствамі супраць чалавечнасці. З такой заявай выступіла Пастаяннае прадстаўніцтва Беларусі пры Арганізацыі Аб'яднаных Нацый на пасяджэнні камітэта Генеральнай Асамблеі ААН па прававых пытаннях, прысвечаных барацьбе са злачынствамі супраць чалавечнасці, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
"Беларусь зноў пацвярджае прыхільнасць да справы барацьбы з гэтай катэгорыяй крымінальных злачынстваў, прымае меры па іх прадухіленні і пакаранні за іх у рамках свайго нацыянальнага крымінальнага заканадаўства, гатова і ў далейшым падтрымліваць супрацоўніцтва ў гэтай сферы", - сказаў прадстаўнік беларускай дэлегацыі.
У Пастаянным прадстаўніцтве Беларусі адзначылі, што праекты артыкулаў аб папярэджанні злачынстваў супраць чалавечнасці і пакаранні за іх, падрыхтаваныя Камісіяй міжнароднага права, сталі важным крокам у кадыфікацыі, канкрэтызацыі і развіцці існуючага ўніверсальнага міжнародна-прававога рэгулявання ў гэтай галіне.
"У той жа час мы лічым вельмі важным падкрэсліць, што далейшая міждзяржаўная работа ў гэтай галіне патрабуе дэпалітызаванага, транспарэнтнага падыходу, які ўлічвае інтарэсы ўсіх дзяржаў, - заявілі ў дыпмісіі. - Цяпер ёсць сур'ёзнае разыходжанне пазіцый дзяржаў у меркаваннях па ключавых пытаннях гэтай тэмы, такіх як вызначэнне паняцця "злачынствы супраць чалавечнасці", прымяненне ўніверсальнай юрысдыкцыі, імунітэты службовых асоб ад замежнай крымінальнай юрысдыкцыі, механізмы ўрэгулявання спрэчак, узаемасувязь будучай канвенцыі і існуючага нацыянальнага заканадаўства".
У той жа час у Пастаянным прадстаўніцтве Беларусі падкрэслілі, што дзейнасць па барацьбе са злачынствамі супраць чалавечнасці, на жаль, становіцца ўсё больш і больш схільнай да яўнай палітызацыі. Асабліва гэта відаць у дзейнасці Міжнароднага крымінальнага суда, чыя палітычная ангажаванасць дыскрэдытуе ідэі незалежнага і бесстаронняга міжнароднага крымінальнага правасуддзя.
"У сваёй практыцы МКС неаднаразова парушаў як палажэнні ўласнага статута, так і агульнапрызнаныя нормы міжнароднага права, у тым ліку аб імунітэтах службовых асоб суверэнных дзяржаў, неабгрунтавана пашыраў уласную юрысдыкцыю. Нярэдка мае месца адвольнае палітычна матываванае зніжэнне парога прылічэння тых ці іншых дзеянняў да злачынстваў супраць чалавечнасці, калі ігнаруюцца крытэрыі шырокамаштабнасці і сістэматычнасці. Палітызацыя гэтых пытанняў, як і самі злачынствы супраць чалавечнасці, могуць ствараць пагрозу міжнароднаму міру і бяспецы", - звярнулі ўвагу ў Пастаянным прадстаўніцтве.
Прадстаўнік беларускай дэлегацыі таксама падкрэсліў усё большую важнасць універсальнага падыходу і з'яднанасці ўсёй міжнароднай супольнасці ў барацьбе з найбольш цяжкімі крымінальнымі злачынствамі і іх прадухіленні.
"Недапушчальна рэгіянальная фрагментацыя міжнароднага права, якая правакуе міжнародна-прававыя калізіі, рознагалоссі і канфлікты. Недапушчальна выкарыстоўваць тэмы злачынстваў супраць чалавечнасці для звядзення палітычных рахункаў і аказання націску на суверэнныя дзяржавы. Улічваючы, што далёка не ўсе дзяржавы з'яўляюцца ўдзельнікамі Рымскага статута, а таксама прымаючы пад увагу шырокі пералік існуючых пытанняў і прэтэнзій да дзейнасці МКС, важна прадоўжыць дэталёвае вывучэнне праектаў артыкулаў без устанаўлення канкрэтных прадпісанняў і часавых рамак. Усе бакі павінны паказваць адказны падыход, праводзіць шырокія кансультацыі, умацоўваць узаемаразуменне, дзейнічаць паступова і прымаць узважаныя рашэнні", - заклікалі ў беларускай дыпмісіі.
Такі падыход, лічаць там, дасць магчымасць больш уважліва прааналізаваць і супаставіць праекты артыкулаў з нормамі нацыянальнага заканадаўства і палажэннямі міжнародна-прававых дакументаў у гэтай сферы.
"Беларусь зноў звяртае ўвагу, што паспешны пачатак перагавораў па праектах дакументаў у адсутнасць базавага кансэнсусу часта прыводзіць да процілеглага выніку. Такія перагаворныя працэсы або заходзяць у тупік, або спараджаюць міжнародныя дагаворы з малым лікам удзельнікаў, чыя эфектыўнасць сумніўная. Упэўнены, што на гэтым этапе Шосты камітэт з'яўляецца эфектыўнай і дастатковай пляцоўкай для разгляду бягучага пункта парадку дня. Не падтрымліваем ідэі стварэння дадатковых пляцовак у форме рабочых груп або іншых механізмаў, якія не наблізяць нас да дасягнення згоды, а толькі фрагментуюць рабочы працэс", - рэзюмавалі ў Пастаянным прадстаўніцтве Беларусі.