21 чэрвеня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Парламенцкі сход Саюза Беларусі і Расіі прыняў заяву "Аб генацыдзе савецкага народа ў ходзе Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гадоў". Тэкст заявы агучыў намеснік старшыні Парламенцкага сходу, сустаршыня Камісіі Парламенцкага сходу па захаванні і абароне гістарычнай памяці, намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Вадзім Іпатаў у час 70-й сесіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Вадзім Іпатаў нагадаў, што па ініцыятыве і прапанове прэзідэнтаў Беларусі і Расіі Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна была створана камісія Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі па захаванні і абароне гістарычнай памяці. На трэцім пасяджэнні камісіі, якое адбылося 10 чэрвеня 2026 года, быў разгледжаны праект заявы. Рашэннем камісіі праект быў адобраны і прыняты 21 чэрвеня на сесіі Парламенцкага сходу.
У тэксце заявы адзначаецца, што 85 гадоў таму Германія вераломна ўварвалася на тэрыторыю СССР: пачалася Вялікая Айчынная вайна. Дзеянні нямецкіх нацыстаў і іх памагатых былі накіраваны на знішчэнне савецкага народа. Акупантамі на захопленых тэрыторыях учыняліся дзеянні, накіраваныя на поўнае або частковае знішчэнне нацыянальных, этнічных і расавых груп, якія насялялі тэрыторыю СССР, шляхам забойства членаў такіх груп, прычынення цяжкай шкоды іх здароўю, гвалтоўнага перашкоджання нараджэнню дзяцей, прымусовай перадачы дзяцей, прамысовага перасялення, стварэння жыццёвых умоў, разлічаных на фізічнае знішчэнне членаў гэтых груп.
"Вайна забрала жыцці амаль 27 млн савецкіх людзей. Страты грамадзянскага насельніцтва склалі больш за 13,6 млн чалавек", - гаворыцца ў тэксце заявы.
Падкрэсліваецца, што Парламенцкі сход Саюза Беларусі і Расіі лічыць недапушчальным забываць пра злачынствы, учыненыя нацыстамі. Адзначана, што абарона гістарычнай памяці аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны з'яўляецца важнейшай умовай прадухілення злачынстваў супраць міру, ваенных злачынстваў, злачынстваў супраць чалавечнасці, прадухілення праяў нацызму і ўмовай падтрымання ўсеагульнага міру і згоды.
Парламентарыі нагадваюць, што для захавання памяці аб мільёнах савецкіх грамадзян, якія сталі ахвярамі нацысцкіх злачынцаў і іх памагатых у гады Вялікай Айчыннай вайны, у Беларусі быў прыняты закон "Аб генацыдзе беларускага народа", у Расіі - федэральны закон "Аб увекавечанні памяці ахвяр генацыду савецкага народа ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гадоў".
"Заканадаўчае замацаванне факта генацыду савецкага народа ў ходзе Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гадоў з'яўляецца лагічным працягам прыгавору Міжнароднага ваеннага трыбунала ў Нюрнбергу (Нюрнбергскага трыбунала) і наступных судовых рашэнняў у дачыненні да нацысцкіх злачынцаў і іх памагатых", - гаворыцца ў заяве.
Таксама адзначаецца, што, улічваючы палажэнні Статута Арганізацыі Аб'яднаных Нацый ад 26 чэрвеня 1945 года, статута і прыгавору Нюрнбергскага трыбунала, прынятых у рамках ААН Канвенцыі аб папярэджанні злачынства генацыду і пакаранні за яго ад 9 снежня 1948 года і Канвенцыі аб непрымяненні тэрміну даўнасці да ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавецтва ад 26 лістапада 1968 года, кіруючыся заканадаўчымі нормамі, прынятымі ў Рэспубліцы Беларусь і ў Расійскай Федэрацыі, Парламенцкі сход прызнае злачынствы нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх памагатых у адносінах да насельніцтва СССР, учыненыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны, генацыдам савецкага народа.
Дэпутаты Парламенцкага сходу выступілі за рашучае процідзеянне любым спробам перапісвання гісторыі, апраўдання нацызму, прыніжэння ролі савецкага народа ў разгроме фашызму і лічаць небяспечнай для ўсяго чалавецтва падтрымку неанацызму, якая ажыццяўляецца, каб дагадзіць палітычнай кан'юнктуры.
"Дэпутаты Парламенцкага сходу заклікаюць Арганізацыю Аб'яднаных Нацый, міжнародныя міжпарламенцкія арганізацыі і органы, калег-парламентарыяў далучыцца да гэтай заявы і прыняць адпаведныя заявы", - сказана ў дакуменце.