29 сакавіка, Астана /БЕЛТА - КАЗІНФАРМ/. Сенат (верхняя палата) парламента Казахстана прыняў закон "Аб ратыфікацыі Пратакола паміж Урадам Рэспублікі Казахстан і Урадам Рэспублікі Беларусь аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Пагадненне аб прадухіленні двайнога падаткаабкладання і папярэджанні ўхілення ад выплаты падаткаў адносна падаткаў на даходы і маёмасць ад 11 красавіка 1997 года".
"Унесены на разгляд Пратакол ставіць наступныя мэты: па-першае, умацаваць супрацоўніцтва падатковых службаў абедзвюх дзяржаў, пашырыўшы абмен інфармацыяй. Па-другое, аблягчыць парадак прымянення Пагаднення рэзідэнтамі абедзвюх дзяржаў шляхам устаранення патрабаванняў па легалізацыі подпісаў і пячацей дакументаў, якія пацвярджаюць рэзідэнцтва. Па-трэцяе, узмацніць абмен вопытам, а таксама надаць дадатковы стымул развіццю супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі шляхам вызвалення прафесараў, выкладчыкаў, навуковых работнікаў ад падаткаабкладання на працягу першых двух гадоў работы ў замежнай дзяржаве", - сказаў міністр фінансаў Казахстана Бахыт Султанаў, прадстаўляючы праект закона.
Папраўкі таксама накіраваны на стварэнне спрыяльных умоў для навучання студэнтаў, прадастаўляючы ім права на льготы і вылікі па грантах, стыпендыях, узнагароджаннях ад работы ў краіне знаходжання, такія ж, як і для рэзідэнтаў гэтай дзяржавы.
Паводле слоў міністра, Пратаколам актуалізаваны найменні казахстанскіх і беларускіх падаткаў, на якія распаўсюджваецца канвенцыя, удакладнены палажэнні артыкулаў "Працэнт", "Роялці", "Незалежныя асабістыя паслугі".