12 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская партыя "Белая Русь" і Партыя сацыялістаў Рэспублікі Малдова сёння ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны падпісалі мемарандум аб супрацоўніцтве, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
З белрускага боку дакумент падпісала старшыня Беларускай партыі "Белая Русь" Вольга Чамаданава, ад малдаўскай партыі - яе старшыня Ігар Дадон.
"Сёння мы зрабілі вельмі сур'ёзны крок для нашых двухбаковых адносін. Беларусь і Малдова заўсёды былі дружалюбнымі краінамі. Былі розныя перыяды, калі мы сябравалі і ўзаемадзейнічалі больш блізка, па-братэрску", - сказаў пасля падпісання Ігар Дадон, успамінаючы, як у бытнасць свайго прэзідэнцтва некалькі разоў сустракаўся і ў Мінску, і ў Кішынёве з кіраўніком беларускай дзяржавы Аляксандрам Лукашэнкам. Паводле яго слоў, і цяпер у Малдове помняць, як Лукашэнка і Дадон на беларускіх трактарах засеялі поле кукурузы пад Кішынёвам. "Гэта былі лепшыя часы ў нашых двухбаковых адносінах", - сказаў ён.
Ігар Дадон адзначыў: адносіны паміж Беларуссю і Малдовай - і эканамічныя, і на асабістым узроўні - заўсёды былі добрыя. Чаго не скажаш пра перыяд апошніх некалькіх гадоў. "На жаль, апошнія 3-4 гады на ўзроўні першых асоб - не па віне беларускага боку, а па віне малдаўскага - няма кантактаў. Але праз два месяцы ў нас пройдуць парламенцкія выбары. Малдова - парламенцкая краіна. Па ўсіх апытаннях апазіцыя, уключаючы Партыю сацыялістаў, набярэ больш за 70 працэнтаў. Таму ўпэўнены, што ўжо з кастрычніка мы адновім стратэгічны дыялог паміж нашымі краінамі", - сказаў ён у каментарыі журналістам.
Разам з тым, нягледзячы на сітуацыю, малдаўскі народ, большасць грамадзян Рэспублікі Малдова лічаць беларусаў сваімі братамі, падкрэсліў Ігар Дадон.
Падпісаны сёння дакумент прадугледжвае развіццё адносін паміж вядучымі партыямі дзвюх краін. "Мы пачалі ўжо абмяркоўваць пэўныя канкрэтныя мерапрыемствы, якія будзем праводзіць у гэтым, у наступным годзе. У нас ёсць маладзёжныя арганізацыі, даволі моцныя. Я думаю, што ў бліжэйшы час будуць кантакты на ўзроўні нашых маладзёжных арганізацый", - сказаў старшыня малдаўскай партыі.
Вольга Чамаданава дадала, што падпісанне мемарандума, несумненна, абмяркоўвалася загадзя. "Мы добра разумеем, якая на сёння складваецца абстаноўка, у тым ліку ў Рэспубліцы Малдова, ды і вакол нашай краіны. Але разумеем, што сёння той самы час, калі нашым народам трэба сапраўды быць разам, трымацца адзін аднаго. І самае галоўнае - гэта далейшае выбудоўванне як міжпарламенцкіх адносін, міждзяржаўных, вядома ж, і паміж народамі ў тым ліку", - сказала яна.
Старшыня Беларускай партыі "Белая Русь" выказала ўпэўненасць, што дарожная карта, якая ў далейшым будзе прапрацавана і падпісана, дасць адпаведны вынік сумеснай работы.
У час цырымоніі падпісання бакамі падкрэслівалася сімвалічнасць месца, дзе адбылася гэта важная падзея.
У прыватнасці, Ігар Дадон заўважыў, што некалькі дзён таму Беларусь адзначала Дзень Незалежнасці - дзяржаўнае свята, устаноўленае 3 ліпеня, у дзень вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. І ў цэлым гэты год, паводле яго слоў, асаблівы: 80 гадоў Перамогі. Дарэчы, у Кішынёве 9 мая дзясяткі тысяч чалавек выйшлі на марш Перамогі, нягледзячы на праліўны дождж.
"Невыпадкова менавіта ў бягучым годзе дзве партыі Малдовы і Беларусі вырашылі падпісаць гэты мемарандум", - сказаў старшыня партыі, дадаўшы, што гэта сур'ёзны палітычны крок.
Паводле слоў Вольгі Чамаданавай, месца, у якім прайшло падпісанне мемарандума, сімвалічнае для беларусаў. "Тут мы аддаём даніну памяці і павагі ўсім тым, хто абараняў нашу Радзіму ў гады Вялікай Айчыннай вайны, праліваў кроў, каб мы жылі пад мірным небам, будавалі і развівалі нашу краіну. Мы зробім усё, каб захаваць мір на нашай зямлі, каб квітнелі нашы краіны", - сказала яна.
Старшыня Беларускай партыі "Белая Русь" нагадала, што ў Мінску адкрыты помнік малдаўскаму воіну, Герою Савецкага Саюза Іону Солтысу.
"Захаванне гістарычнай памяці і праўды для двух народаў - Малдовы і Беларусі - гэта пытанне, якое заўсёды застаецца на парадку дня. У гэту тэму сёння ўключаны нашы народы і асабліва наша моладзь, з якой мы працуем няспынна. У гады вайны і малдаване, і беларусы, і расіяне ваявалі ўсе разам, абаранялі нашу радзіму, зрабілі ўсё для таго, каб сёння мы жылі пад такім мірным небам", - сказала яна.