6 лістапада, Мазыр /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка публічна папярэдзіў начальнікаў наконт выплаты работнікам нармальнай заработнай платы. Аб гэтым ён заявіў на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця абноўленага моста ў Мазыры цераз раку Прыпяць, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Прадпрыемстваў у нас хапае. Ёсць дзе можна працаваць. Хачу публічна папярэдзіць начальнікаў: якое б у вас ні было прадпрыемства - стратнае, закінутае - памрыце, але людзям зарплату заплаціце. Гэта - галоўнае. Калі мы не будзем плаціць нармальную зарплату - мы будзем страчваць людзей", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што, напрыклад, у Расіі цяпер ёсць запатрабаванасць у працоўных рэсурсах і частка людзей можа паехаць на заработкі туды. Нехта паехаў у заходнім напрамку. "У нас у Польшчу выехала 10-12 тыс. чалавек. Хоць, кажуць, мільён выехаў. Няважна колькі. А зубы лячыць яны едуць у Гродна. А чаму? Таму што тут бясплатна. Бясплатна нічога не бывае. Гэта бюджэт - дзяржава плаціць за вас. Таму і тут будзе прынята рашэнне", - сказаў Прэзідэнт.
"Паехаў, ты шукаеш добрае месца, дзе зарабіць, - правільна, перашкаджаць не будзем. Асабліва калі ты едзеш у Расію. Але ты, атрымаўшы добрыя грошы, сюды прыедзь, заплаці. Мы табе вырвем і зуб, што хочаш. Але толькі за твой кошт, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Працуйце на сваёй зямлі. Жабракамі не былі і не будзем".