31 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністр абароны Віктар Хрэнін правёў нараду па пытанні рэалізацыі даручэнняў Прэзідэнта, якія датычацца ўборачнай кампаніі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў Міністэрстве абароны.
У фармаце відэа-канферэнц-сувязі ў ёй прынялі ўдзел ваенныя камісары абласцей і Мінска. Афіцэры далажылі міністру аб выніках праведзенай работы, праблемных пытаннях і шляхах іх вырашэння. Кіраўнік абароннага ведамства падзякаваў ваенным камісарам за работу. "Ахоп гаспадарак, дзе вялася работа, стапрацэнтны. Мы гэтак жа, як і работнікі сельскай гаспадаркі, з разуменнем адносімся да галоўнай задачы - уборкі ўраджаю", - сказаў Віктар Хрэнін.
Міністр абароны пацікавіўся ў ваенных камісараў, як адносіцца насельніцтва да ўдзелу Узброеных Сіл у правядзенні ўборачнай кампаніі, даручыў прадоўжыць узаемадзеянне з арганізацыямі сельскагаспадарчага сектара, у тым ліку інфармацыйную работу па пытаннях, якія хвалююць насельніцтва, да завяршэння ўборачнай кампаніі.
На гэтым этапе абароннае ведамства ва ўзаемадзеянні з мясцовымі органамі выканаўчай улады вызначае алгарытмы прызыву на ваенную службу (зборы) работнікаў і кіраўнікоў сельскагаспадарчых прадрыемстваў, якія не забяспечылі выкананне сваіх абавязкаў у перыяд уборкі ўраджаю 2026 года. Вынікі і прапановы будуць даложаны кіраўніку дзяржавы.