11 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. АДКБ адыгрывае важную ролю ў архітэктуры еўразійскай бяспекі, якая фарміруецца. Аб гэтым заявіў міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў 10 чэрвеня ў Казані на пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў краін АДКБ, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА са спасылкай на беларускае знешнепалітычнае ведамства.
У час пасяджэння адбыўся грунтоўны і адкрыты абмен думкамі аб міжнароднай і рэгіянальнай абстаноўцы і яе ўплыве на бяспеку дзяржаў - членаў АДКБ.
У сваім выступленні Максім Рыжанкоў выказаў занепакоенасць дамінаваннем фактара сілы ў міжнародных адносінах на фоне эрозіі міжнародна-прававых асноў. Ён акцэнтаваў увагу на неапраўданай мілітарызацыі еўрапейскіх краін, што павялічвае рызыкі ваеннай эскалацыі.
Кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства заклікаў да сумеснай работы дзяржаў-членаў на міжнародных пляцоўках у мэтах павышэння пазнавальнасці і аўтарытэту арганізацыі.
Максім Рыжанкоў звярнуў увагу міністраў замежных спраў і генеральнага сакратара АДКБ на маючую адбыцца ў лістападзе IV Мінскую міжнародную канферэнцыю па еўразійскай бяспецы, якая стала рэгулярнай пляцоўкай для абмеркавання актуальных пытанняў рэгіянальнай і глабальнай бяспекі. Ён запрасіў партнёраў па АДКБ прыняць актыўны ўдзел у мерапрыемстве.

Па выніках пасяджэння міністры замежных спраў дзяржаў - членаў АДКБ прынялі заявы - у сувязі з 85-й гадавінай пачатку Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гадоў; па прадухіленні гонкі ўзбраенняў у касмічнай прасторы; аб неабходнасці процідзеяння пагрозам выкарыстання інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у дыверсійных і тэрарыстычных мэтах; аб умацаванні ролі міжнароднага права і прыхільнасці да прынцыпаў Статута ААН.
На палях пасяджэння міністр правёў сустрэчы з кіраўнікамі знешнепалітычных ведамстваў дзяржаў - членаў АДКБ. Субяседнікі абмеркавалі пытанні двухбаковага супрацоўніцтва, а таксама графікі ўзаемных візітаў у бягучым годзе.
У ходзе візіту ў Казань, дзе адбылося пасяджэнне СМЗС АДКБ, Максім Рыжанкоў таксама азнаёміўся з вопытам развіцця высокіх тэхналогій у Татарстане на прыкладзе IT-парку і кампаніі "Эйдас", якая спецыялізуецца на распрацоўцы і вытворчасці прагрэзіўных медыцынскіх сімулятараў, якія шырока выкарыстоўваюцца ў сістэме аховы здароўя Беларусі. Абмеркаваны перспектывы развіцця ўзаемадзеяння і абмену вопытам паміж беларускімі, уключаючы рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій, і татарскімі IT-кампаніямі.