Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Улада
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Улада | Падзеі

Падзеі

28 Dec 2016

МЗС: Беларусь і ЗША аб'ядноўвае значна больш, чым раз'ядноўвае

28 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і ЗША аб'ядноўвае значна больш, чым раз'ядноўвае. Аб гэтым гаворыцца ў заяве Міністэрства замежных спраў Беларусі ў сувязі з 25-годдзем усталявання дыпламатычных адносін з ЗША, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе знешнепалітычнага ведамства.

"Сімвалічна, што юбілей усталявання беларуска-амерыканскіх дыпламатычных адносін прыпадае на перыяд паступальнай нармалізацыі двухбаковых адносін, аднаўлення даверу і вяртання бакоў да дыялогу па шырокім спектры пытанняў - ад эканомікі і інвестыцый да ваеннай сферы, культуры і захавання спадчыны, ад развіцця дэмакратычных інстытутаў да ўмацавання навукова-тэхнічнага ўзаемадзеяння", - гаворыцца ў заяве.

Адзначаецца, што ЗША сталі другой краінай у свеце, якая, прызнаўшы суверэнітэт Рэспублікі Беларусь, прапанавала маладой беларускай дзяржаве наладзіць поўныя дыпламатычныя адносіны і абмяняцца пасламі. За чвэрць стагоддзя адносіны паміж Беларуссю і ЗША прайшлі няпросты шлях развіцця. Іх гісторыя адзначана ўзлётамі і падзеннямі, узаемнымі надзеямі і расчараваннямі. "Паміж нашымі краінамі да гэтага часу захоўваюцца нявырашаныя пытанні, шэраг якіх мае для бакоў прынцыповы характар", - канстатавалі ў МЗС.

Разам з тым у заяве гаворыцца, што хоць дыпламатычныя адносіны паміж краінамі налічваюць толькі 25 гадоў, гістарычныя і культурныя сувязі паміж народамі дзвюх краін прасціраюцца ў мінулае на стагоддзі. "Памятаючы аб гэтым, мы застаёмся цвёрда ўпэўненымі ў тым, што праз падтрымку шчырых, добразычлівых і раўнапраўных адносін Беларусь і ЗША змогуць вывесці двухбаковыя адносіны на роўны шлях устойлівага развіцця", - заявілі ў беларускім знешнепалітычным ведамстве.

У МЗС падкрэслілі, што нават у самыя складаныя часы краіны супрацоўнічалі ў пытаннях, якія маюць вызначальнае значэнне для бяспекі і дабрабыту міжнароднай супольнасці. Так, у 1991 годзе ЗША ў сваёй прапанове беларускаму боку аб усталяванні дыпламатычных адносін адзначалі ролю Беларусі ў працэсе раззбраення і нераспаўсюджвання ядзернай зброі і цяпер паслядоўна падтрымліваюць яе незалежнасць.

"Сёння, як і 25 гадоў таму, Беларусь прадаўжае выступаць донарам міжнароднай бяспекі, прымаючы актыўны ўдзел у мірным урэгуляванні шматбаковых канфліктаў, якія, на жаль, не абмінулі і нашу частку свету", - адзначаецца ў заяве.

"У сувязі з важнай для дыпламатычных адносін датай выказваем шчырую надзею на тое, што пачаты працэс паступальнага паляпшэння адносін паміж Беларуссю і ЗША будзе не толькі садзейнічаць развіццю супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі і вырашэнню складаных пытанняў двухбаковых адносін, але і стане фактарам нармалізацыі міжнароднай сітуацыі і ўмацавання рэгіянальнай бяспекі ва Усходняй Еўропе", - заявілі ў МЗС.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі