9 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Савета Рэспублікі Сяргей Алейнік 9 красавіка сустрэўся з парламентарыямі шэрага краін СНД, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Узбекістан прадстаўляў намеснік старшыні камітэта Сената Олій Мажліса па бюджэце і эканамічных пытаннях Кабул Турсунаў, Таджыкістан - дэпутат Маджлісі намаяндагон Маджлісі Алі Халбой Нематуло, Кыргызстан - дэпутат Жагорку Кенеша Карым Ханджэза. Бакі абмеркавалі двухбаковае супрацоўніцтва, міжпарламенцкае ўзаемадзеянне і ўражанні ад удзелу ў міжнародным турыстычным форуме Travel Hub "Садружнасць".
"У нас створана значная база двухбаковых адносін, якія развіваюцца на ўсіх узроўнях, у тым ліку на ўзроўні ўзаемадзеяння паміж простымі людзьмі. Мы вельмі цэнім дыялог, які складваецца паміж нашымі краінамі. Мы гатовы ўсяляк садзейнічаць яго ўмацаванню на міжпарламенцкім узроўні. Кіраўнікі нашых парламентаў штогод сустракаюцца. Чарговая сустрэча адбудзецца ў маі гэтага года на Міжпарламенцкай асамблеі СНД у Санкт-Пецярбургу. МПА адыгрывае важную ролю не толькі як пляцоўка для дыялогу, але і як інструмент для гарманізацыі заканадаўстваў, распрацоўкі мадэльных законаў", - падкрэсліў Сяргей Алейнік.
Паводле слоў парламентарыя, у краінах Садружнасці ёсць шмат аб'яднальных праектаў патрыятычнай накіраванасці, напрыклад "Поезд Памяці" і "Дзеці Садружнасці". "У гэтым годзе праект "Поезд Памяці" будзе рэалізоўвацца пяты раз. У нашай краіне ў дзяцей вельмі высокі інтарэс да гэтага праекта, у конкурсным адборы прынялі ўдзел каля 12 тыс. хлопчыкаў і дзяўчынак. Праект "Дзеці Садружнасці" ў мінулым годзе праходзіў на беларускай зямлі, у гэтым годзе нашы дзеці паедуць у Таджыкістан. У мінулым годзе ў Мінску адбылося пасяджэнне Маладзёжнай міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў - удзельніц СНД, прысвечанае 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Маладзёжная праблематыка ў міжпарламенцкім узаемадзеянні вельмі важная, і мы прадоўжым актыўнае ўзаемадзеянне ў гэтым напрамку", - адзначыў Сяргей Алейнік.
Закранаючы тэму эканамічнага супрацоўніцтва, ён заўважыў, што эканоміка адыгрывае кансалідуючую ролю ва ўмацаванні ўзаемадзеяння паміж краінамі. "Сумесна з Узбекістанам мы правялі ўжо некалькі бізнес-форумаў, - расказаў парламентарый. - У мінулым годзе на беларуска-ўзбекскім форуме былі заключаны кантракты на больш як 260 млн беларускіх рублёў. Спадзяёмся, што ў гэтым годзе пойдзем далей, і гэтыя лічбы будуць павялічаны. У нас таксама добрая дынаміка па тавараабароце з Таджыкістанам і Кыргызстанам. Са свайго боку мы гатовы прыкласці ўсе намаганні для садзейнічання і пашырэння эканамічных сувязей паміж нашымі краінамі".