23 мая, Барысаўскі раён /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі, Галоўнакамандуючы Узброенымі Сіламі краіны Аляксандр Лукашэнка на ўрачыстай цырымоніі прыняцця ваеннай прысягі нагадаў пра задачу адысці ад залішняй муштры ў арміі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Міністр абароны, Генеральны штаб краіны, усе генералы атрымалі задачу - адысці ад залішняй муштры ў арміі. Мы ў арміі павінны рыхтаваць спецыялістаў, якія ўмеюць кіраваць тэхнікай, якія ўмеюць валодаць сваёй зброяй, якія будуць моцныя духам і целам, фізічна падрыхтаваны, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Мы павінны падрыхтаваць хлопцаў, каб яны былі фізічна моцнымі, каб яны прыйшлі пасля арміі сапраўднымі мужыкамі і каб яны асвоілі тую складаную зброю, якая ёсць у нашай арміі".






Звяртаючыся да ваеннаслужачых новага папаўнення, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ім трэба стаць паўнацэннымі воінамі і абаронцамі сваёй краіны. "Ганарыцеся гэтым. Сапраўдны мужык павінен пакаштаваць салдацкага хлеба. Тое, што вы робіце, не кожнаму дадзена. І не кожны, шчыра кажучы, імкнецца да гэтага. Але вы зрабілі свой крок. Я вельмі хачу, каб пасля службы, гэтага кароткага прамежку часу ў вашым жыцці, вы былі сапраўднымі мужыкамі", - падкрэсліў ён.
"Ведаю, будзе няпроста. Не таму, што гэта фізічна цяжкая праца. Будзе няпроста перш за ўсё прывыкнуць да новага ладу жыцця псіхалагічна. Але мы будзем рабіць усё, каб вам у гэтым плане было лягчэй", - запэўніў Прэзідэнт.