12 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Органы пагранслужбы Беларусі знаходзяцца ў пастаяннай гатоўнасці да паўнацэннага пропуску асоб і транспартных сродкаў на пастаяннай аснове ва ўсіх пунктах пропуску. Аб гэтым журналістам заявіў старшыня Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Канстанцін Моластаў па выніках даклада кіраўніку дзяржавы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Органы пагранічнай службы Беларусі знаходзяцца ў пастаяннай гатоўнасці да паўнацэннага пропуску асоб і транспартных сродкаў на пастаяннай аснове ва ўсіх пунктах пропуску, а таксама да любых змяненняў абстаноўкі, якая складваецца на дзяржаўнай граніцы, у інтарэсах выканання задач, вызначаных Прэзідэнтам нашай краіны", - запэўніў Канстанцін Моластаў.
Старшыня пагранічнага ведамства нагадаў, што з 2024 года па кастрычнік бягучага года на граніцы з Літвой з пяці аўтадарожных пунктаў пропуску функцыянавалі ўсяго два - "Каменны Лог" (сумежны "Мядзінінкай") і "Беняконі" (сумежны "Шальчынінкай").
У кастрычніку літоўскі бок у аднабаковым парадку неаднаразова спыняў пропуск асоб і транспартных сродкаў у пунктах пропуску праз дзяржаўную граніцу. А з 26 кастрычніка пропуск асоб і транспартных сродкаў па літоўскай ініцыятыве быў спынены ў пункце пропуску "Шальчынінкай" (сумежны "Беняконі").
"30 кастрычніка ў наш адрас паступіла афіцыйнае паведамленне ад літоўскага боку аб рашэнні ўрада Літоўскай Рэспублікі на ўвядзенне пэўных абмежаванняў па пропуску асоб і транспартных сродкаў праз дзяржаўную граніцу, што закранула ў першую чаргу грамадзян Беларусі і Літвы. Пры гэтым паведамленні па лініі пагранпрадстаўніцкай дзейнасці і па лініі МЗС своечасова не паступілі, што ўказвае не невыкананне пагаднення аб пунктах пропуску праз граніцу". - падкрэсліў Канстанцін Моластаў.

Як адзначыў старшыня ДПК, у далейшым па лініі пагранпрадстаўніцкай дзейнасці літоўскі бок неаднаразова выходзіў з прапановамі аб часовым аднаўленні работы пунктаў пропуску праз дзяржаўную граніцу на розных умовах.
"Відавочна, што існуючая сітуацыя выходзіць за рамкі паўнамоцтваў пагранічных ведамстваў абедзвюх краін і гэта пытанне патрабуе вырашэння на высокім дзяржаўным узроўні", - сказаў Канстанцін Моластаў.
Пры гэтым, канстатаваў ён, прынятыя літоўскім бокам рашэнні наносяць урон трансгранічным, эканамічным, палітычным і ў цэлым добрасуседскім адносінам, ствараюць складаныя ўмовы для грамадзян Беларусі і Літвы.
Канстанцін Моластаў таксама расказаў, што на цяперашнім этапе пагранічнікі сумесна з мытняй і міліцыяй забяспечваюць выкананне рашэнняў кіраўніка дзяржавы. У тым ліку забяспечваюць размяшчэнне грузавых транспартных сродкаў на літоўскай рэгістрацыі на адведзеных аўтастаянках, аказваюць неабходнае садзейнічанне вадзіцелям.