Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Улада
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Улада | Падзеі

Падзеі

11 Май 2015

Мінск і Пекін стануць гарадамі-пабрацімамі

11 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мінск і Пекін у бліжэйшы час падпішуць пагадненне аб устанаўленні пабрацімскіх сувязей. Такое рашэнне прынята 11 мая ў час перагавораў дэлегацыі з Пекіна з кіраўніцтвам Мінгарвыканкама, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У бліжэйшы час мы распрацуем праект і падпішам пагадненне аб устанаўленні пабрацімскіх сувязей паміж двума гарадамі. Мэр Пекіна Ван Аньшунь, падводзячы вынікі сустрэчы кіраўнікоў Беларусі і Кітая, адзначыў, што дзве сталіцы павінны стаць узорнымі ў супрацоўніцтве паміж кітайскімі і беларускімі рэгіёнамі. Таму мы зробім усё магчымае, каб Мінск і Пекін умацавалі свае адносіны па ўсіх напрамках - пачынаючы ад гандлёва-эканамічнай і заканчваючы сацыяльна-культурнай сферай", - сказаў старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац.

У бліжэйшы час будзе створана беларуска-кітайская рабочая група, якая вывучыць узаемныя інтарэсы гарадоў і вызначыць вектар супрацоўніцтва па кожным з напрамкаў. Таксама спецыялісты прадумаюць пытанне аб тым, якія меры неабходна прыняць, каб павялічыць паток турыстаў з Кітая ў Мінск. У тым ліку будзе разгледжана і пытанне візавай падтрымкі.

У сваю чаргу мэр Пекіна Ван Аньшунь адзначыў, што кіраўнікі Беларусі і Кітая вызначылі шэраг напрамкаў па супрацоўніцтве. "Мы павінны рэалізаваць іх у практычных мерапрыемствах. Наша супрацоўніцтва будзе паглыбляцца ў сферах навукі, высокіх тэхналогій, адукацыі, культуры, будаўніцтва і многіх іншых галінах. Гэта, у тым ліку, дапаможа забяспечыць выхад і на рынкі Еўропы", - падкрэсліў ён.

11 мая Мінгарвыканкам і Народны ўрад Пекіна падпісалі мемарандум аб супрацоўніцтве. Згодна з мемарандумам, бакі абавязваюцца ўмацоўваць далейшыя гандлёва-эканамічныя сувязі на аснове канкрэтных планаў і праектаў для ўзаемнага развіцця ў будучым, у тым ліку падтрымліваць наступную эксплуатацыю і развіццё гасцініцы "Пекін", прадастаўляць неабходную падтрымку і дапамогу ў будаўніцтве жылога раёна Лябяжы, а таксама распрацоўваць і рэалізоўваць сумесныя праграмы супрацоўніцтва ў іншых галінах.

Акрамя таго, Мінск і Пекін дамовіліся аб актыўным супрацоўніцтве ў галіне адукацыі, ажыццяўленні абмену паміж дзяржаўнымі органамі і ўстановамі адукацыі, школамі і ВНУ двух гарадоў, прадастаўляць узаемную дапамогу ў падрыхтоўцы выкладчыкаў кітайскай і рускай моў. Партнёрскія сувязі будуць умацоўвацца ў сферах турызму, культуры, гарадской гаспадаркі.

Дэлегацыя з Пекіна на чале з мэрам горада прыбыла ў Мінск з афіцыйным візітам напярэдадні 9 мая. Кітайскія госці прынялі ўдзел ва ўрачыстых мерапрыемствах з нагоды святкавання 70-годдзя Вялікай Перамогі, усклалі кветкі да абеліска "Мінск - горад-герой". Таксама дэлегацыя наведала гасцініцу "Пекін", жылы раён "Лябяжы", Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Дом-музей І з'езда РСДРП, паўдзельнічала ў Беларуска-кітайскім міжрэгіянальным бізнес-форуме.

У 2002 годзе паміж Мінгарвыканкамам і Народным урадам Пекіна падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве ў гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай і гуманітарнай сферах. У 1992 годзе ўстаноўлены пабрацімскія адносіны паміж Мінскам і Чанчунем, у 2014 годзе падпісана пагадненне аб устанаўленні пабрацімскіх адносін паміж Мінскам і Шэньчжэнем.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі