Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Улада
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Улада | Падзеі

Падзеі

17 Врс 2025

Лукашэнку прапанавалі арганізаваць жаночыя палкі, адказ Прэзідэнта сустрэлі апладысментамі

Лукашэнку прапанавалі арганізаваць жаночыя палкі, адказ Прэзідэнта сустрэлі апладысментамі

17 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Беларускага саюза жанчын Вольга Шпілеўская прапанавала арганізаваць у Беларусі жаночыя вучэнні і палкі, дзе рыхтавалі б у першую чаргу аказваць першую медыцынскую дапамогу. З адпаведнай ініцыятывай яна выступіла на сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з ідэалагічным актывам, гістарычнай і экспертнай супольнасцю, прысвечанай Дню народнага адзінства, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Старшыня БСЖ адзначыла, што жаночая арганізацыя ў Беларусі працуе па многіх напрамках. Гэта ў тым ліку розныя сацыяльныя праекты, дапамога дзецям-інвалідам і шмат іншага, уключаючы прапаганду сямейных каштоўнасцей. "Кожная жанчына думае аб тым, каб не было вайны. Мы за тое, каб захоўваўся мір і ўсё ў нашай краіне было мірна і стабільна. У гэтым ніхто не можа сумнявацца", - сказала яна.

Аляксандр Лукашэнка згадзіўся з гэтым, адзначыўшы, што як толькі ў мужчыны і жанчыны з'яўляецца дзіця, яны становяцца зусім іншымі людзьмі: "Таму што ў сапраўдных бацькоў усё сканцэнтравана на дзецях. А хочацца, каб дзеці жылі мірна, а не марнелі там у гэтых брудных акопах ці яшчэ недзе. Таму так. Дзеці, сям'я - гэта вельмі важна".

У сваю чаргу Вольга Шпілеўская запэўніла, што жанчыны гатовы стаць побач з мужчынамі і ў ваенных справах. Яна расказала, што гэтымі днямі на базе МУС чатыры дзясяткі жанчын правялі час на палігоне, дзе іх у тым ліку вучылі страляць, кіраваць дронамі. "Але, самае галоўнае, мы вучыліся аказваць першую медыцынскую дапамогу. У нас (у Беларусі. - Заўвага БЕЛТА) сёння створаны атрады народнага апалчэння. Яны праходзяць падрыхтоўку, іх збіраюць. Гэта ўсё цудоўна. Але мы, жанчыны, хочам прапанаваць і просім вас нас падтрымаць, каб і для жанчын ваенныя арганізавалі вось такія нашы жаночыя вучэнні, жаночыя палкі. Для таго каб мы сапраўды маглі ў выпадку неабходнасці аказаць тую ж першую медыцынскую дапамогу і захаваць жыццё нашым мужам, сынам і гэтак далей. Таму што не дай бог што, гэта і ў мірны час вельмі спатрэбіцца", - выступіла з ініцыятывай старшыня БСЖ.

Яна падкрэсліла, што амаль 54 працэнты насельніцтва Беларусі - жанчыны. "І мы, жанчыны, паверце, у выпадку любой пагрозы гатовы ўстаць нараўне з мужчынамі, каб абараняць нашу зямлю. Тут не пра палітычныя амбіцыі. Кожная жанчына вельмі добра разумее, што самая вялікая каштоўнасць, якая ў яе ёсць, - гэта яе зямля. Гэта зямля, на якой яе дом, на якой яе сям'я. Гэта зямля, на якой будуць з'яўляцца яе дзеці, - сказала Вольга Шпілеўская. - Я не хачу, каб заўтра ў апазіцыйных выданнях з'явіліся загалоўкі "Лукашэнка ставіць пад ружжо жанчын". Я хачу, каб з'явіліся загалоўкі "Жанчыны просяць Лукашэнку паставіць іх пад ружжо".

"Оля, вайна, гэта справа мужчынская. Я прыхільнік гэтага", - даў кароткі і дакладны адказ Аляксандр Лукашэнка. Гэтыя словы ўдзельнікі мерапрыемства сустрэлі апладысментамі.

Разам з тым Прэзідэнт згодны, што калі ёсць жаданні, то можна арганізаваць падрыхтоўку з мэтай набыцця нейкіх элементарных навыкаў. "Не дай бог што здарыцца, ну, няхай будзе. Як мая маці Трафімаўна гаварыла, "за плячыма насiць не будзеш". Таму навучыць нечаму, аказваць дапамогу першую… Я гэта пачуў, я папрашу не толькі ваенных, але грамадзянскіх, каб яны падрыхтавалі адпаведную праграму. Калі вы так хочаце, добра", - сказаў ён.

"Мы хочам. Мы праўда хочам", - пацвердзіла Вольга Шпілеўская.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі