13 сакавіка, Дрыбінскі раён /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў выключыць усялякі бюракратызм пры будаўніцтве і рэканструкцыі малочнатаварных комплексаў (МТК). Аб гэтым ён заявіў у час наведвання МТК ААТ "Трылесіна-агра", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўніку дзяржавы далажылі аб планах па развіцці малочнай жывёлагадоўлі ў Магілёўскай вобласці. Увогуле плануецца да 2030 года пабудаваць і рэканструяваць 83 МТК. І ў гэтым пытанні ў рэгіёне ідуць з апярэджаннем.
Прэзідэнт папярэдзіў, што не павінна быць ніякага бюракратызму з усялякай праектна-каштарыснай дакументацыяй, зборам узгадненняў і подпісаў. "Каб бюракратызму гэтага не было. Звярні ўвагу на гэту бюракратыю. Таму што яны, кіраўнікі, больш за ўсё крыўдзяцца на тое, што немагчыма нічога пабудаваць, трэба ехаць да губернатара, прасіць там. Вазьмі гэта на кантроль жалезна", - даручыў Аляксандр Лукашэнка кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрыю Крутому.
Комплекс, куды прыехаў Прэзідэнт, даволі вялікі. Яго нядаўна рэканструявалі. У гэтым годзе плануецца пачаць рэканструкцыю другога МТК, які ёсць у гаспадарцы. У сувязі з гэтым падрабязна абмяркоўваліся цяперашнія паказчыкі работы гаспадаркі і яе далейшыя намеры.
Ад кіраўніцтва рэгіёна гучалі прапановы зрабіць узбуйненне за кошт пераразмеркавання зямель з іншых, суседніх сельгаспрадпрыемстваў.
Аляксандр Лукашэнка заклікаў з розумам падыходзіць да пытання далейшага ўзбуйнення гаспадарак, каб не нашкодзіць. "Папярэджваю, каб вы штучна не аб'ядноўвалі землі, гаспадаркі і гэтак далей: сёння тры, а заўтра дзве зробім. Спяшацца не трэба, - сказаў Прэзідэнт. - Падумайце, не спяшайцеся аб'ядноўваць-раз'ядноўваць". Арыентавацца, паводле яго слоў, трэба перш за ўсё на меркаванне кіраўнікоў на месцах, іх планы і магчымасці па далейшым развіцці комплексаў.




"Я прыхільнік таго, каб палічыць, колькі мы грошай павінны аддаць вобласці - аддалі, а вы тут ужо глядзіце, на што вам (больш неабходна іх накіраваць. - Заўвага БЕЛТА): або комплекс будаваць, або некаму дапамагаць - гэта ваша справа", - агучыў магчымыя падыходы кіраўнік дзяржавы.
Разам з тым Прэзідэнт яшчэ раз падкрэсліў важнасць развіцця тэрыторый Дрыбінскага і суседніх раёнаў. Дзяржава ў гэтым гатова падставіць фінансавае плячо. Але праекты павінны быць акупныя.
"Мы вам грошы пазычым. Не разлічвайце, што мы вам дадзім грошы і забудзем", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Што датычыцца МТК ААТ "Трылесіна-агра", Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што комплекс утрымліваецца ў парадку, усё арганізавана разумна. Відаць, што гэта рабілася не ў спешцы і не да прыезду Прэзідэнта. Пэўны знешні глянец, вядома, пастараліся навесці, але ў цэлым відавочны гаспадарскі падыход.
Кіраўнік дзяржавы агледзеў жывёлагадоўчыя памяшканні і ў тым ліку прафілакторый для цялят. Абмяркоўвалі, як і што зроблена, колькі на гэта спатрэбілася сродкаў. Выснова - усё тэхналагічна і зручна, а гэты вопыт можна выкарыстоўваць і ў іншых гаспадарках. Прэзідэнт некалькі разоў падкрэсліў, што тэрмінам рэалізацыі не павінны перашкаджаць залішнія бюракратычныя ўзгадненні.