26 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу разабрацца з праблемнымі пытаннямі ў арганізацыі жыцця людзей у вёсцы і разумна падыходзіць да аптымізацыі розных сацыяльных аб'ектаў, зыходзячы з інтарэсаў людзей. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў на нарадзе аб эфектыўнасці сістэмы гандлёвага абслугоўвання насельніцтва ў маштабах краіны, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У пачатку мерапрыемства кіраўнік дзяржавы падкрэсліў неабходнасць прыняць усе рашэнні для таго, каб забяспечыць нармальнае жыццё людзей, і перш за ўсё ў вёсцы. Прэзідэнт назваў шэраг аспектаў, якія трэба ўстараніць, заўважыўшы, што гэта толькі малая частка маштабных праблем у вёсцы.
"У сродках масавай інфармацыі, сацыяльных сетках, на форумах людзі сістэматычна ўзнімаюць пытанні закрытых ФАПаў, дзіцячых садоў, паштовых аддзяленняў, банкаў, школ і да таго падобнае, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Я не гавару, што яны ўсюды павінны быць. Як некаторыя кажуць, трэба захаваць школу, дзе 3-4 чалавекі вучацца ў адным класе. Каму патрэбна такая адукацыя? Лепш затраціць грошы і падвезці дзяцей у суседнюю школу, дзе нармальная адукацыя. Але бяздумна не трэба закрываць".
Прэзідэнт акцэнтаваў увагу на тым, што падыход да аптымізацыі сацыяльна значных аб'ектаў павінен быць разумным, зыходзячы з інтарэсаў людзей. У якасці прыкладу ён прывёў нядаўні выпадак, калі ў адным з рэгіёнаў у вёсцы быў закрыты дзіцячы сад, у які хадзіла мала дзяцей, і з гэтым пытаннем кіраўнік дзяржавы даручаў разабрацца адказным службовым асобам. "Я быў кіраўніком - быў зацікаўлены ў тым, каб у дзіцячы сад хадзілі дзеці, таму што вызваляюцца ў гэтым выпадку сем рабочых рук", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Тлумачэнне чыноўнікаў, паводле слоў Прэзідэнта, гучала прыкладна так: "А за 7-10 км ёсць дзіцячы сад".
"Трох-, чатырохгадовых дзетак даярка павязе за 7-10 км у дзіцячы сад? - рытарычна спытаў кіраўнік дзяржавы. - Вы там з глузду з'ехалі? Вы гэтага не бачыце? Адпраўце свайго ўнука або дзіця чатырохгадовае ў гэты дзіцячы сад за край свету! Цуды!"
Прэзідэнт запатрабаваў вырашыць усе абазначаныя праблемныя пытанні па забеспячэнні жыцця людзей у вёсцы. "А то мы разумныя: калі трэба хлеб убіраць, тады мы бачым гэтых калгаснікаў, а хоць невялікія ўмовы не можам стварыць. Ды калі б мы не маглі!" - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Як расказаў журналістам пасля нарады старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін, дзіцячы сад у аграгарадку Гаршчэўшчына Талачынскага раёна будзе працаваць.
Ён растлумачыў, што мясцовыя органы ўлады разам з Міністэрствам адукацыі перыядычна праводзяць аптымізацыю ўстаноў. Гэта абумоўлена ў тым ліку эканамічнай мэтазгоднасцю: калі колькасць навучэнцаў становіцца зусім невялікая, то ўтрымліваць, напрыклад, школу становіцца вельмі затратна. Больш эфектыўна арганізаваць падвоз дзяцей у суседнія населеныя пункты. Напрыклад, у Віцебскай вобласці ў бягучым годзе з такой прычыны былі зачынены 15 садоў і каля 7 школ. Аналагічны падыход выкарыстоўваецца па ўсёй краіне. Але, безумоўна, у разлік бярэцца мноства фактараў, у тым ліку абавязкова ўлічваюцца інтарэсы дзяцей і бацькоў. Устаноўлены жорсткія крытэрыі для прыняцця адпаведных рашэнняў.
Калі падвоз школьнікаў - абсалютна разумны і правільны падыход, то вось падвоз зусім маленькіх дзетак - справа зусім іншая. І падыход Прэзідэнта ў гэтым пытанні зразумелы кожнаму з бацькоў. Дарэчы, пра бацькоў. У дадзеным выпадку гэта ў большасці сваёй работнікі мясцовай сельскагаспадарчай арганізацыі, вельмі патрэбныя спецыялісты. Яны могуць і хочуць працаваць, калі толькі будуць упэўнены, што іх дзяцей надзейна даглядаюць.
Пасля дадатковага вывучэння пытання па дзіцячым садзе ў аграгарадку Гаршчэўшчына вырашана яго захаваць. "Прэзідэнт патрабуе больш дасканала падыходзіць да кожнага выпадку, - звярнуў увагу Аляксандр Субоцін. - Мы ж змагаемся за кадравую палітыку ў вёсцы, і калі там тыя, хто працуе, - трэба рабіць адступленні і захоўваць. Гэты выпадак паказальны. І дзіцячаму саду ўсё роўна быць. Хоць з гэтай жа вёскі 21 дзіця возяць у суседнюю вёску ў школу. Таму як мінімум сад будзе ў гэтай вёсцы, а школа - у суседняй, каб захаваць гэтыя населеныя пункты".