30 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе ў Мінску 30 красавіка заклікаў спыніць адток насельніцтва з рэгіёнаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Трэба спыніць адток насельніцтва з рэгіёнаў у Мінск і абласныя цэнтры. Спыніць раз і назаўсёды, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Мы ў многім пачалі рабіць нешта, але шмат гаворым у гэтым плане".
У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу і на такую немалаважную тэму, як вялікія аб'ёмы будаўніцтва жылля ў сталіцы. "Шмат задач пастаўлена перад вамі аб тым, каб спыніць гэту шалёную будоўлю жылля ў Мінску", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, рост аб'ёмаў жылля ў Мінску ў канчатковым выніку прыводзіць да таго, што ўсё больш людзей з рэгіёнаў перабіраецца ў Мінск. Кватэры ў беларускай сталіцы купляюць і расіяне.

"Зусім мы не спынім (будаўніцтва жылля ў Мінску. - Заўвага БЕЛТА), гэта зразумела. Тут жа прамысловасць і іншае. Таму арэнднае жыллё трэба будаваць. Але столькі, колькі патрэбна. А асноўнае трэба перанесці ў рэгіёны, чаго б нам гэта ні каштавала", - канстатаваў беларускі лідар.
Прэзідэнт растлумачыў, што ў некаторых сельскіх гаспадарках ужо складваецца сітуацыя, калі людзей падвозяць на работу з раённых цэнтраў: "Даіць кароў хутка будуць гараджане. Што, з Мінска паедуць? Не, паедуць перш за ўсё з раённых цэнтраў. Таму трэба развіваць раённыя цэнтры".
Яшчэ адно пытанне, на якім засяродзіў увагу Аляксандр Лукашэнка, - гэта развіццё аграгарадкоў. Ён адзначыў, што іх можна развіваць па прыкладзе раённых цэнтраў, не толькі ствараючы жыллёвыя ўмовы для людзей, але і магчымасці для адпачынку і развіцця. "Трэба пераносіць туды цэнтр цяжару. Будуць задаволены мінчане, таму што не будзе перанаселены Мінск. Пакуль прыгожы гарадок, раскошны для жыцця. Усе зайздросцяць, ёсць чым дыхаць", - дадаў беларускі лідар.