26 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заклікаў партнёраў па ЕАЭС захаваць усё тое, што дасталася ў спадчыну ад СССР. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на пленарным пасяджэнні Еўразійскага эканамічнага форуму "Стратэгія еўразійскай эканамічнай інтэграцыі: вынікі і перспектывы", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы вельмі шмат апошнім часам гаворым аб тым, што ў свеце такая турбулентнасць - дай бог пераадолець яе. Калі нехта з постсавецкай прасторы (гэта датычыцца эканомікі) з нас думае, што можна недзе праскочыць асобна, нейкую выгаду паймець сёння, - памыляецца. Нам ні ў якім разе нельга страціць адзіны рынак, што дастаўся нам і яшчэ застаўся ад Савецкага Саюза. Тыя вытворчасці, якія мы сёння маем высокатэхналагічныя", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
У гэтым плане ён прывёў у прыклад Расію, калі ад супрацоўніцтва з ёю адмовіліся заходнія партнёры: "З цяжкасцю, але Расія спрабуе (і шмат што зрабіла ў гэтым плане) рэанімаваць свае вытворчасці, якія былі на даволі высокім узроўні ў Савецкім Саюзе. Нават у аўтамабілебудаванні. Вазьміце - "Лада", "Масквіч", "Жыгулі", як мы называлі. Нармальныя аўтамабілі (сучасныя ў Расіі. - Заўвага БЕЛТА). Можа, пакуль не "Мерседэс", але добрыя аўтамабілі. Так і па іншых напрамках".
"Таму нам нельга дапускаць ніякіх такіх памылак. Трэба захаваць усё тое, што нам дасталася ад Саюза, і тое, што яшчэ дыхае на сённяшні дзень. І ні ў якім разе не глядзець па баках. Ніхто нас нідзе не чакае. Эканоміка нас прывядзе да таго, што мы ўсё роўна будзем разам. Гэта - наша прастора. Яна створана многімі пакаленнямі. І цяпер час такі, што нам на гэта трэба звярнуць самую сур'ёзную ўвагу. Толькі разам, ведаючы адзін аднаго і пакуль размаўляючы на адной мове", - заклікаў беларускі лідар.