23 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У бліжэйшы час усе людзі ў пагонах будуць правераны і здадуць экзамен на прафесійную прыдатнасць. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на ўрачыстым мерапрыемстве з нагоды ўручэння генеральскіх пагон і дзяржаўных узнагарод, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Сітуацыя няпростая. Вы гэта адчуваеце. Я - тым больш, атрымліваючы шырокую інфармацыю аб сітуацыі вакол нашай краіны. Гэтым прадыктавана і маё жорсткае патрабаванне да павышэння бяспекі і абароны нашай Радзімы, - сказаў Прэзідэнт. - Я хачу, каб вы разумелі, што ў бліжэйшы час усе людзі ў пагонах будуць правераны і здадуць экзамен на прафесійную прыдатнасць. У нас дастаткова для гэтага сіл і сродкаў. Прашу гэта ўспрымаць як належнае".
Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым адзначыў, што бачыць сітуацыю, якая складваецца ў ходзе ваенных дзеянняў побач з Беларуссю, ведае ўсе недахопы. "Я не хачу, каб гэтыя недахопы былі ўласцівыя нашай арміі. Асаблівае стаўленне і патрабаванне - да афіцэраў", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Я зямны чалавек, які нямала праслужыў у арміі, і разумею: у нас людзі розныя, новае пакаленне - ведаеце, якое яно. І ведаеце добра якасць тых людзей, якія прыходзяць ва Узброеныя Сілы. Так будзе і на вайне. Так ёсць на тым фронце побач з намі. Людзі вельмі розныя, - канстатаваў кіраўнік дзяржавы. - Але той, хто ўмее, хто фізічна моцны (аб гэтым нас папярэджвалі тыя, хто ваяваў ва Украіне), - яны будуць жыць. Той, хто шалтай-балтай, у тым ліку і афіцэры, - яны загінуць у бліжэйшыя гадзіны. Таму фізічная падрыхтоўка і тая зброя, якая вам будзе ўручана, - галоўнае для захавання вашага жыцця, а роўна і нашай краіны".
"Вы павінны асвоіць гэту зброю. І гэта ўсё залежыць ад вас - афіцэраў. Як я сказаў, людзі розныя. Нехта будзе добра ўмець валодаць зброяй і фізічна падрыхтаваны. Нехта не вельмі. Але калі падрыхтаваны афіцэр - узвод, рота, батальён, дывізія, брыгада заўсёды выканаюць у цэлым пастаўленую перад імі задачу. Разумееце, аб чым ідзе гаворка. Таму нам трэба вельмі сур'ёзную ўвагу звярнуць на падрыхтоўку афіцэраў. Адчуваю нутром, што мы недапрацоўваем менавіта там. Таму недзе ў нас, мы гэта бачым у праверцы, касякі сярод тых, каго мы правяраем. Але пра гэта мы яшчэ пагаворым", - дадаў беларускі лідар.