27 лістапада, Бішкек /Кар. БЕЛТА/. У мірным плане ЗША па ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне трэба прапісаць усё да дробязі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў журналістам у Бішкеку, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Учора мы вельмі доўга гаварылі на гэту тэму з Уладзімірам Уладзіміравічам (Пуціным. - Заўвага БЕЛТА). Я так разумею, і ён, і я бачым пакуль неканчатковы варыянт і, калі можна так сказаць, неафіцыйны варыянт. Калі ён будзе перададзены па афіцыйных каналах расіянам, тады можна будзе гаварыць пра канкрэтныя нейкія рэчы, - заявіў беларускі лідар. - Але я сёння сказаў, што план працаздольны. І Уладзімір Уладзіміравіч прызнае, што гэта добрая аснова для перагавораў".
Разам з тым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што гэты план складзены ў спешцы: "Няхай на мяне не пакрыўдзіцца каманда Трампа, але ён (план. - Заўвага БЕЛТА) складзены ў спешцы. Не хачу сказаць, што ўжо зусім на каленях, але ў спешцы. Яго трэба прадставіць у даходлівым варыянце. Без шырокага тлумачэння, каб усё было канкрэтна. Калі там тэрытарыяльныя нейкія вырашаюцца пытанні, то ўсё павінна быць прапісана да метра, кіламетра. Якія войскі, дзе войскі, хто павінен быць, хто не павінен".
"Усё павінна быць да дробязі прапісана. Шырокае тлумачэнне дасць магчымасць потым у нейкім перыядзе часу... Па-свойму кожны будзе тлумачыць тыя ці іншыя пункты. Таму павінна быць абсалютна ўсё канкрэтна", - падкрэсліў беларускі лідар.
Паводле яго слоў, у цэлым амерыканцамі праведзена каласальная работа. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка пракаменціраваў шэраг выказванняў экспертаў і журналістаў, якія кажуць, што ЗША, напрыклад, улічылі патрабаванні Расіі, а ўкраінскія, наадварот, не ўлічваюцца. Прэзідэнт у сувязі з гэтым звярнуў увагу, што Дональд Трамп не толькі сустракаўся з Уладзімірам Пуціным у Анкарыджы, але і было шмат сустрэч з Уладзімірам Зяленскім, еўрапейскімі лідарамі.
"Вы што, думаеце, яны проста чай папілі? Трамп і яго каманда грунтоўна і змястоўна правялі вельмі вялікую работу. І з украінцамі, і з еўрапейцамі, і з расіянамі. І трэба Трампу аддаць у гэтым плане належнае. Таму гаварыць аб тым, што меркаванне і пазіцыю Расіі ўлічылі, а Украіны не - гэта няправільна", - сказаў Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што пытанне ў іншым: Расія аказалася больш дагавораздольнай, чым Украіна. "Гэта трэба прызнаць. А потым ужо ўглыб лезці", - даў параду кіраўнік дзяржавы.
Гаворачы пра Уладзіміра Зяленскага, Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што калі б ён у пачатку ваенных дзеянняў зрабіў так, як яму раілі, то не дайшло б да цяперашняй сітуацыі наогул. "А калі б Украіна выканала Мінскія дамоўленасці, вайны не было б. І Украіна была б у граніцах, як яны хочуць, 1991 года. Але калі Валодзя Зяленскі хоча паглядзець на рэаліі, я цяпер яму яшчэ раз, а тады мая была праўда, хачу не параду даць - хачу проста сказаць тое, што бачу я. Калі ты хочаш, каб Украіна захавалася ў тых граніцах, у якіх яна сёння ёсць (з улікам рэалій на фронце), трэба дамаўляцца, не трэба тарпедаваць перагаворны працэс", - заклікаў беларускі лідар.
"Калі недзе нешта не можаце дамовіцца… А я з гэтай прапановы не ўбачыў, што там нельга дамовіцца па якіх-небудзь пытаннях. Ну калі раптам… Там нейкая дэмілітарызаваная зона, кавалачкі і гэтак далей, на Данбасе… Ну пакіньце на потым, але спыніце вайну, дзе гінуць чужыя дзеці. Вось у чым галоўная праблема таго ж Зяленскага. Гэта трэба мець на ўвазе. І самае галоўнае, ты страціш краіну", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт не выключыў, што Уладзімір Зяленскі зможа і ў гэтай сітуацыі знайсці ў свеце месца для жыцця сабе і блізкім. "А што будуць рабіць украінцы? Мільёны чалавек. Таму падумай, зыходзячы з рэальнай абстаноўкі, як захаваць тое, што ў цябе ёсць. А ў цябе ёсць усё: і выхад да мора, і Адэса твая, і Нікалаеў. А гэтага можа не быць. У адзін момант, у адно імгненне. Таму трэба ўсё ўзважыць і прыняць слушнае рашэнне. І Трамп тут мае рацыю, калі ён падціскае адзін і другі бок", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што негатыўную ролю цяпер адыгрывае Еўрасаюз. "Трэба спыніць гэту вайну. У гэтай вайне баюся, што не будзе пераможца. Гэта катастрофа. Ведаеце, чаму не будзе, калі раптам…. Ну а калі будзе пераможца - гэта не Еўрапейскі саюз, калі ад іх адмовяцца ЗША", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
"Вось так экспромтам я магу сказаць. Мы падумаем яшчэ над гэтымі пытаннямі. Наперадзе вялікая, цяжкая работа. Там шмат чаго: і Запарожская станцыя, і золатавалютныя рэзервы Расіі... Там усё ўлічана. Не без інтарэсаў ЗША. Штрых Трампа як эканаміста там прысутнічае. Не буду канкрэтызаваць", - рэзюмаваў Прэзідэнт.