8 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Канструктыўны палітычны дыялог і пазітыўны вопыт кантактаў на міжнародных пляцоўках ствараюць спрыяльныя перадумовы для разгортвання поўнамаштабнага супрацоўніцтва Беларусі і Ганы. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на перагаворах з Прэзідэнтам Ганы Джонам Драмані Махамам у шырокім складзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Перш за ўсё Аляксандр Лукашэнка прывітаў на беларускай зямлі ўдзельнікаў першых у гісторыі двухбаковых узаемаадносін беларуска-ганскіх перагавораў на вышэйшым узроўні.
"Пазітыўны вопыт кантактаў на міжнародных пляцоўках стварае спрыяльныя перадумовы і прадказальныя ўмовы для разгортвання поўнамаштабнага супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі, - заявіў беларускі лідар. - Гатовы дзяліцца напрацаванымі кампетэнцыямі ў розных галінах прамысловасці і сельскай гаспадаркі, выкарыстоўваць усю палітру даступных фарматаў узаемадзеяння".


"Наша сіла не толькі ў экспарце прадуктаў харчавання, а ў наяўнасці поўнага цыкла кампетэнцый - ад машынабудавання і ўгнаенняў да профільнай адукацыі і аграрнай навукі. Усё гэта - да паслуг нашых партнёраў, у тым ліку ў Афрыцы", - падкрэсліў ён.
Джон Драмані Махама ў ходзе цяперашняга візіту ў Беларусь таксама пазнаёміўся з эканамічнымі магчымасцямі і прыроднай унікальнасцю Брэсцкага рэгіёна. "Упэўнены, што гісторыя гэтага гераічнага краю і сучасныя тэхналогіі прадпрыемстваў, якія тут паспяхова развіваюцца, пераканалі вас у наяўнасці рэсурсаў супрацоўніцтва паміж нашымі рэгіёнамі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт Беларусі звярнуў увагу, што Прэзідэнта Ганы суправаджае не толькі афіцыйная дэлегацыя, але і аўтарытэтныя прадстаўнікі бізнесу, а на палях візіту запланавана правядзенне беларуска-ганскага бізнес-форуму. "Разлічваем, што ён стане кропкай адліку для актыўнага прамога ўзаемадзеяння дзелавых колаў у сферах сельскай гаспадаркі і харчавання, прамысловасці і развіцця інфраструктуры, аховы здароўя і фармацэўтыкі, адукацыі, транспарту і лагістыкі", - рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.