8 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю амерыканскаму часопісу Time раскрыў падрабязнасці перагавораў з афіцыйнымі прадстаўнікамі ЗША, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы, гаворачы пра ўзаемадзеянне паміж Беларуссю і ЗША, звярнуў увагу, што двухбаковыя адносіны характарызаваліся станоўча і быў час, калі Прэзідэнт гуляў у хакей у адной камандзе з паслом ЗША. Але потым, асабліва ў перыяд спецыяльнай ваеннай аперацыі, якую пачала Расія, адносіны сур'ёзна пагоршыліся.
Тым не менш каналы ўзаемадзеяння паміж краінамі заўсёды прадаўжалі існаваць, у асноўным па лініі спецслужбаў, і таму яны заставаліся па-за публічнай плоскасцю. "Я гэты працэс кантраляваў. Па лініі спецслужбаў былі кантакты. Да гэтага канала я мог падключыць МЗС, калі трэба, урад па нейкіх пытаннях, дапусцім, па санкцыях, - удакладніў Аляксандр Лукашэнка. - Калі мы гаворым пра нейкія далейшыя крокі або выпрацоўку канцэпцыі, каб на паперу пакласці нейкі праект дакумента, я падключаю Міністэрства замежных спраў. Але ў асноўным па лініі спецслужбаў. З вашага боку быў падключаны Крыстафер Сміт (намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША. - Заўвага БЕЛТА)". "Прыстойны чалавек, якога я ЦРУшнікам заўсёды жартам называю, калі ён прыязджае. Ужо разоў пяць мы сустракаліся з ім", - дадаў кіраўнік дзяржавы.
Паводле слоў Прэзідэнта, менавіта гэты чалавек з амерыканскага боку адыграў ключавую ролю ў арганізацыі візітаў у Беларусь афіцыйных прадстаўнікоў ЗША. У тым ліку візіту спецпасланніка Прэзідэнта ЗША па Украіне Кіта Келага для сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у чэрвені бягучага года. "Гэта ж пятая ўжо дэлегацыя Злучаных Штатаў Амерыкі, - раскрыў падрабязнасці беларускі лідар. - Дарэчы, яны былі ініцыятарамі. І трэба аддаць належнае, галоўную ролю адыгрываў і цяпер, напэўна, адыгрывае Сміт". Пры гэтым, зразумела, Прэзідэнт Дональд Трамп у курсе таго, што адбываецца, але, як лічыць Аляксандр Лукашэнка, наўрад ці так ужо моцна паглыблены ў гэту тэму.
Прэзідэнт адзначыў, што з ініцыятывай аб арганізацыі сустрэчы ў Мінску выйшаў амерыканскі бок праз беларускіх дыпламатаў, якія працуюць у Нью-Ёрку. "Паступае інфармацыя ад амерыканцаў: хацелі б пагаварыць, абмеркаваць некаторыя праблемы рэгіянальнага характару, глабальныя праблемы, пагаварыць аб гэтым. Хацелі б - калі ласка, мы для гэтага адкрытыя", - расказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён звярнуў увагу, што беларускі бок, хоць і быў зацікаўлены ў такім дыялогу, але не настойваў на тым, каб рабіць яго публічным.
"Не мне табе расказваць, што такое Амерыка. Гэта лідар у нашым свеце. Так, аслаблены, так, дзівачыце вы часам незразумела навошта, Прэзідэнт часам заяву раніцай робіць адну, вечарам - другую, а дзейнічае па-іншаму ўжо. Усяго хапае. Але Амерыка ёсць Амерыка, і ў нас не лепшыя адносіны, санкцыі... Што добрага ў санкцыях? - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Мы залежныя ад Амерыкі, і не толькі мы, але і многія дзяржавы з-за існуючай сітуацыі, хоць яна і мяняецца. Таму цэлы комплекс праблем для нас. Прапануюць размову - добра".
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што для яго не быў прынцыповым статус удзельнікаў перагавораў ад ЗША. "Гэта маё крэда, гэта мой прынцып: размаўляць трэба з усімі, калі хочаш нармальных адносін. Калі не размаўляеш, то пакрыху рухаешся да вайны. Нам гэта не трэба. Вось была такая прапанова, яны прыехалі, вельмі карэктна паводзілі сябе", - растлумачыў ён.
Пры гэтым беларускі бок заўсёды выконваў дамоўленасці і захоўваў канфідэнцыяльнасць. "Амерыканцы прасілі не раскрываць. Прытым яны ж прыязджалі не так, як вы, на аўтобусе. Яны прыязджалі як прадстаўнікі спецслужбаў. Добра, хочаце так - мы вас так прымем. Але папярэджвалі: літоўцы ж бачаць, што вы прыехалі. - "Ну, мы тут з літоўцамі... Сябры ж, свае", - расказаў Прэзідэнт. - Праз некалькі гадзін пасля ад'езду - заявы амерыканцаў: вось, вызвалены той, гэты. Рубіа (Марка Рубіа, дзяржсакратар ЗША. - Заўвага БЕЛТА), памятаю, рабіў нейкую заяву... Думаю, можа, амерыканскім лідарам трэба было зрабіць гэту заяву, бачу стыль Трампа: "Вось я, тут я зрабіў".
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь у пачатку актывізацыі дыялогу з ЗША не ставіла перад сабой мэты дабіцца канкрэтных вынікаў, у тым ліку адмены санкцый, і ў прынцыпе не вельмі верыць у тое, што амерыканцы сур'ёзна настроены нармалізаваць адносіны. Напрыклад, у Беларусі па-ранейшаму няма пасла ЗША. Але, зразумела, зняцце санкцый, калі б яно адбылося, расцэньвалася б беларускім бокам як вялікі крок у нармалізацыі адносін.
Журналіст заўважыў, што адміністрацыя Трампа хоча бачыць ад чыноўнікаў канкрэтныя вынікі, якія можна паднесці выбаршчыкам як свае поспехі, дасягненні. Менавіта так і было паднесена вызваленне ў Беларусі некаторых зняволеных пасля візіту ў краіну амерыканцаў.
Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў, што гэтыя вызваленні сталі вынікам дамоўленасцей з прадстаўнікамі ЗША, але падкрэсліў, што да іх ніякіх адносін не мелі нашы збеглыя. "Яны не ўдзельнікі перагавораў па вызваленні гэтых людзей. Яны ніколі і не ставілі пытанне аб вызваленні. Ну, выключаючы Пазняка і старую, як гавораць, апазіцыйную гвардыю, якая на Захадзе, - яны ўвесь час за адмену санкцый, за палітзняволеных ваююць. А гэтыя - шарлатаны, "ціхушкі-лахушкі" не маюць ніякіх адносін да гэтых вызваленых. Гэта нашы дамоўленасці з амерыканцамі. Гэта жорстка. Мы гэта аслупавалі, і я іх папярэдзіў: "Калі толькі вы недзе скажаце, я вымушаны буду агучыць усе нашы пазіцыі". Амерыканцы гэта выконваюць".
Гэта значыць, у Беларусі разглядалася магчымасць памілавання кіраўніком дзяржавы тых зняволеных, аб якіх прасілі амерыканцы. І гэта ніякія не палітзняволеныя, а людзі, асуджаныя за ўчыненне сур'ёзных злачынстваў. У прыватнасці, адзін быў прыгавораны да пакарання смерцю (грамадзянін Германіі) і яго вызваленне было каменем спатыкнення пры ажыццяўленні абмену паміж Расіяй і краінамі Захаду. "Я гавару: "Ну калі гэта так, калі вы не можаце з расіянамі ажыццявіць абмен з-за гэтага аднаго чалавека, я яго памілаваў і перадаў". Гэта значыць, вось былі канкрэтныя мэты", - растлумачыў матывы Прэзідэнт.
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка не лічыць правільным акцэнтаваць увагу на асобных персаналіях з тых, хто быў памілаваны. Хоць менавіта так робяць прадстаўнікі некаторых СМІ - канцэнтруюцца толькі на адным-двух прозвішчах. "Вы гаворыце: "Ціханоўскі". Слухайце, але там было яшчэ 13 (чалавек памілаваных у той раз. - Заўвага БЕЛТА). І мне што Ціханоўскі, што яны - аднолькава, - сказаў Прэзідэнт. - Але гэта было маё рашэнне. Яго там (сярод тых, пра каго вялі размову амерыканцы. - Заўвага БЕЛТА) не было. Я гавару: "Ну, слухайце, гэта Святлана Ціханоўская плачацца ўжо, хоча ўз'яднацца. Сям'я там, дзеці, двое дзетак. Добра, я прыму рашэнне па Ціханоўскім". Гэта было маё рашэнне. Але цяпер я бачу, што незадаволены вы, Захад. І асабліва збеглыя незадаволены, што я яго адпусціў".