26 лістапада, Бішкек /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыбыў з рабочым візітам у Кыргызскую Рэспубліку, дзе прыме ўдзел у пасяджэнні Савета калектыўнай бяспекі Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Лідары краін на саміце ў Бішкеку 27 лістапада падвядуць вынікі дзейнасці АДКБ у міжсесіённы перыяд, разгледзяць праблемы міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі. У сваім выступленні Аляксандр Лукашэнка выкажацца па актуальных пытаннях забеспячэння калектыўнай бяспекі на еўразійскай прасторы, акрэсліць напрамкі, якія патрабуюць асаблівай увагі партнёраў.




Сярод дакументаў, якія плануецца прыняць, - падагульняючая дэкларацыя Савета калектыўнай бяспекі, рашэнні, што датычацца забеспячэння бягучай дзейнасці арганізацыі, умацавання супрацоўніцтва ў процідзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў і незаконнай міграцыі.
Плануецца, што ў Бішкеку таксама адбудзецца двухбаковая сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.
Візіт у Кыргызстан - гэта пачатак вялікай камандзіроўкі кіраўніка беларускай дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка наведае шэраг краін далёкага замежжа. Геаграфія ахоплівае Паўднёва-Усходнюю Азію, Блізкі Усход і Паўночную Афрыку. Запланавана насычаная праграма, якая ўключае перагаворы на вышэйшым узроўні і падпісанне міжнародных дакументаў.


