24 красавіка, Мазырскі раён /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прапанаваў перагледзець падыходы да напаўнення і рэалізацыі праграмы "Адзін раён - адзін праект". Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў на семінары-нарадзе па пытаннях аграсэрвіснага абслугоўвання, арганізацыі рамонту і аднаўлення сельгастэхнікі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы на нарадзе ў бліжэйшы час абмяркуем гэта пытанне, - сказаў беларускі лідар. - Нам трэба сур'ёзна прааналізаваць як меліярацыю, так і гэтыя пытанні, - праз некаторы час прааналізаваць, як будзем рухацца далей". Прэзідэнт адзначыў, што пры выбары праектаў для рэалізацыі многія разлічвалі на вялікія аб'ёмы фінансавання. А арыентавацца трэба было перш за ўсё на мэтазгоднасць, эканамічную эфектыўнасць. І ў гэтым сэнсе аднаўленне па ўсёй краіне сеткі арганізацый аграсэрвісаў для рамонту і вытворчасці сельгастэхнікі можа быць якраз тымі самымі праектамі для раёнаў, якія неабходны.
"Усе думалі, будуць шалёныя грошы, 154 праекты па праграме "Адзін раён - адзін праект", замахнуліся, не ўсё зрабілі. Але сельгастэхнікі і райаграсэрвісы, аблсэрвісы - яны якраз і з'яўляюцца такім праектам. А дзе-нідзе і важней, чым ствараць пяць рабочых месцаў і штампаваць пластык, мяшкі нейкія рабіць і гэтак далей. Напэўна, і гэта патрэбна. Але гэта (стварэнне райаграсэрвісаў. - Заўвага БЕЛТА) - добрыя праекты, якія трэба рэалізоўваць. І калі нехта ўкладваў грошы, якія прызначаны для праграмы "Адзін раён - адзін праект", у такія напрамкі, праекты, думаю, гэта нядрэнна", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Гэта якраз нядрэннае ўкладанне", - дадаў ён.
Аналагічна, паводле слоў Прэзідэнта, трэба падыходзіць і ў іншых напрамках - будаўнічым, дарожным і іншых. "Там таксама трэба нам разабрацца і падумаць, як мы далей будзем рухацца па гэтых праектах - "Адзін раён - адзін праект", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт заўважыў, што, магчыма, не ўсюды ёсць вострая надзённая неабходнасць укладвацца ў рэалізацыю новага праекта на мясцовым узроўні, не ўсюды ёсць для гэтага свабодныя працоўныя рэсурсы, а стварэнне адпаведнай інфраструктуры для іх прыцягнення запатрабуе яшчэ дадатковых укладанняў. "Разумна трэба падысці. Можа, у нейкім раёне не трэба нам гэты праект. А перанесці гэтыя сродкі на нейкі іншы праект. Калі, напрыклад, у Полацку вырашылі пабудаваць новы завод па перапрацоўцы малака, дык, можа, грошы сканцэнтраваць трэба будзе і пабудаваць гэта прадпрыемства", - прывёў адзін з магчымых прыкладаў ён.
Яшчэ адзін прыклад - праекты сучасных рыбгасаў па развядзенні каштоўных парод рыбы. Адзін з іх - на паўднёвым усходзе Магілёўскай вобласці - нядаўна наведваў Прэзідэнт. "Рынак у нас - нямераны, адкрыты. Робяць выдатную прадукцыю, дай бог свой рынак насыціць як належыць. Ведаем ужо, як рабіць. Малайцы. Раней малька куплялі, дарошчвалі (як цяля на адкорме), цяпер ікру атрымалі і малька з ікры вывелі - замкнёны цыкл. Знешні рынак вялікі, расіяне гатовы купляць. Чаму не ўкласці грошы - і хутка, каб атрымаць добрую аддачу?" - задаў рытарычнае пытанне Аляксандр Лукашэнка. На яго думку, каля дзесяці такіх рыбных гаспадарак можна проста разгарнуць па краіне, стварыць рабочыя месцы і нядрэнна зарабіць.
"І такіх праектаў шмат. Яны перш за ўсё звязаны з зямлёй, будаўніцтвам, рамонтам, аднаўленнем (тэхнікі. - Заўвага БЕЛТА) - усё тое, што мы ўмеем рабіць. І нічога не трэба выдумліваць", - падкрэсліў беларускі лідар.