3 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў народ Федэратыўнай Рэспублікі Германія з Днём германскага адзінства. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што аб'яднанне гэтай краіны ў 1990 годзе стала адной з найбольш значных падзей у гісторыі сучаснай Еўропы.
"Нягледзячы на трагічныя наступствы Другой сусветнай вайны, беларусы і немцы сумеснымі намаганнямі змаглі знайсці шляхі да прымірэння і супрацоўніцтва, - гаворыцца ў віншаванні. - Той вопыт запатрабаваны і сёння, а яго вынікі варта захоўваць і ўмацоўваць. Неабходна мудра рабіць крокі насустрач адзін аднаму".
Прэзідэнт звярнуў увагу, што Беларусь вырашыла прадоўжыць бязвізавы рэжым для грамадзян краін ЕС, у тым ліку Германіі. "Прапануем разам здымаць пагранічныя і іншыя бар'еры ў мэтах аднаўлення двухбаковых адносін, - адзначыў беларускі лідар. - Гэта будзе няпроста ў цяперашні час, але цалкам адпавядае сапраўдным інтарэсам нашых краін і народаў".
Аляксандр Лукашэнка пажадаў народу Германіі міру, шчасця і дабрабыту.