15 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У экспазіцыі Нацыянальнага гістарычнага музея ўсе этапы развіцця беларускага народа будуць адлюстраваны без выключэнняў і перабольшанняў. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у інтэрв'ю расійскаму часопісу "Разведчик", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Адно з пытанняў датычылася будаўніцтва новага Нацыянальнага гістарычнага музея і парку Народнага адзінства ў Мінску. Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што іх з'яўленне - гэта адказ на запатрабаванне часу. "Галоўная задумка - паказаць няпросты тысячагадовы шлях станаўлення беларускай дзяржаўнасці і афармлення беларусаў як самадастатковай нацыі з унікальнай гісторыяй і багатай культурай. Гэта права наш народ заслужыў спаўна", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што беларусы прайшлі складаны гістарычны шлях і дасягнулі высокіх вынікаў. "Не зламаліся, калі жылі пад бізуном паноў, не растварыліся ў чужым этнасе, калі гэтым жа бізуном з беларусаў выбівалі гістарычную памяць, веру, мову, культуру, - заўважыў ён. - Пабудавалі дзяржаву на небывалай разрусе пасля Першай сусветнай і грамадзянскай войнаў. Праявілі масавы бяспрыкладны гераізм, абараняючы Радзіму ў гады Вялікай Айчыннай".
"Уся гісторыя народа - подзвіг. Гэта павінна стаць аб'ектам гонару для людзей, асабліва для моладзі, якая актыўна ўключылася ў гэту агульнанацыянальную будоўлю (там цяпер актыўна працуюць, напрыклад, студэнцкія будаўнічыя атрады БРСМ. - Заўвага БЕЛТА)", - канстатаваў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што галоўным яго патрабаваннем да аўтараў праекта было - ніякага нацыяналістычнага або ўра-патрыятычнага перабору. "Трэба адлюстраваць аб'ектыўны погляд на нашу гісторыю. Усё павінна быць заснавана на фактах і зроблена ў духу часу. У новым будынку музея нашчадкі ўбачаць узор стаўлення да свайго мінулага", - заявіў беларускі лідар.
Над праектам вядуць работу вопытныя архітэктары, будаўнікі і гісторыкі краіны. Паралельна распрацавана канцэпцыя экспазіцыі. Паводле слоў Прэзідэнта, гісторыя Беларусі ў ёй паказана як бесперапынны і заканамерны працэс з'яўлення краіны на палітычнай карце свету, усе этапы гістарычнага развіцця беларускага народа адлюстраваны без выключэнняў і перабольшанняў.